Усё па акрэсцінскай «класіцы»: без перадач, сон на падлозе, начныя пабудкі
Антон (імя змененае ў мэтах бяспекі суразмоўцы) расказвае, што ў камеры, разлічанай на чатыры чалавекі, іх было мінімум 15 чалавек. У пікавыя моманты колькасць арыштантаў дасягала 19-ці.
Хлопцы, затрыманыя па «палітычных» артыкулах КаАП, не атрымлівалі перадач, іх не вадзілі ў душ і на шпацыры. Спаць прыходзілася на голых шконках без матрацаў ці на падлозе. Будзілі на пераклічкі па два разы штоноч: а другой і чацвёртай гадзіне.
«Мікалая Брэдзелева і яго сябра-адваката Аляксея, як я ведаю, затрымлівалі разам і вельмі жорстка. Іх збілі, у кватэры трушчылі тэхніку. Адвакат быў сінюшны: ногі ў сіняках, паясніца, сіняк пад вокам».
З Паўлам Белавусам і Андрэем Кузнечыкам Антон пабыў літаральна дзень. Павел, па яго словах, трымаўся бадзёра, а Андрэй першы час знаходзіўся ў напружаным стане: яму пагражалі тым, што будуць чапаць сям’ю, і ён за гэта вельмі перажываў.
Ілюстрацыйнае фота
«У Кузнечыка выбівалі нейкія доступы да адміністравання, як я зразумеў. Акрамя таго, са мной апынуўся дырэктар ІТ-кампаніі Aivitam Дзмітрый Досаў, затрыманы нібыта за рэпост з «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала. Яго, як я зразумеў, фізічна не прэсавалі. Увогуле ўсе трымаліся добра: мы гулялі ў «Мафію», «Кракадзіла». Усе імкнуліся падтрымліваць адзін аднаго, ніхто не хныкаў», — гаворыць Антон.
Камеры пачалі поўніцца экс-назіральнікамі з выбараў
Суразмоўца таксама адзначыў, што калі ў пачатку яго тэрміну большая частка сукамернікаў была асуджаная за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (19.11 КаАП РБ), то пасля ў «хаце» пачало з’яўляцца ўсё больш экс-назіральнікаў, якія працавалі на апошніх выбарах.
«Перад маім выпускам такіх было ў камеры адразу трое. Іх асудзілі за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (артыкул 24.3 КаАП), але нічога такога, само сабой, не было», — расказвае Антон.
Чытайце таксама:
Паўлу Белавусу прысудзілі яшчэ сем сутак
Маці затрыманага прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева: «Мне пішуць шмат словаў падтрымкі»
Журналіста Андрэя Кузнечыка дагэтуль не вызвалілі. Родныя і адвакат не ведаюць, дзе ён





