Георгій Лазычэнка

Сям’я

Нарадзіўся ва Украіне, у сяле Грэкава-Вішнявецкае на Луганшчыне, у 1921 годзе, акурат перад пачаткам вялікага голаду, які пракаціўся на Данбасе ў 1921—1922 гадах. Бацькі — непісьменныя сяляне. У сям’і нарадзілася адзінаццаць дзяцей. Праўда, усе сёстры, акрамя адной, памерлі немаўляткамі, выжывалі толькі хлопцы. Георгій нарадзіўся чацвёртым, старэйшым за яго быў брат Міхаіл, які знік без вестак у першыя дні вайны пад Кіевам. 

Сталенне

Пасля сканчэння чатырохкласнай школы малога хацела ўсынавіць бяздзетная сям’я настаўнікаў: маўляў, у беднай сям’і і так хапае дзяцей, усіх цяжка пракарміць. А быў жа акурат Галадамор. Ужо амаль сышліся, але ў апошні момант маці адмовілася і пакінула дзіця ў сям’і. У пяты клас хлопец пайшоў ужо ў суседнюю вёску, дзе ў дзесяць гадоў пачаў жыць адзін, у інтэрнаце — сам на пліце, у бляшанцы ад кансерваў, гатаваў сабе есці з прадуктаў, якія прыносіў з дому на тыдзень наперад. У 1928 годзе быў абвешчаны набор на шахты, бацька Георгія запісаўся ў шахцёры, а сам малы працягнуў навучанне ў школе побач з новым месцам бацькавай працы — за сем кіламетраў ад дому.

 

Масква, 26 лютага 1942 года. ФОТА З СЯМЕЙНАГА АРХІВА ГЕОРГІЯ ЛАЗЫЧЭНКІ

Хвароба

У 1935 годзе яму раптам забалела горла — выявілася, флегманозная ангіна. На раніцу пасля аперацыі не здолеў паварушыцца — забралі ў шпіталь. Ляжаў доўга, не лепшала, і яго, чатырнаццацігадовага, выпісалі паміраць.

Давялося ісці дадому дваццаць кіламетраў — і калі па роўнай паверхні крочыў лёгка, то на кожным пад’ёме ногі зноў адмаўляліся служыць. Тым часам побач праязджалі аднавяскоўцы, суседзі — ніхто і не падумаў падвезці хлопца, а ён сам не наважыўся папрасіцца.

Затое маці прыехалі сказалі: ваш сын прыйдзе, але жыць ужо не будзе. Такія былі жорсткія часы і жорсткія людзі.

Аднак хлопец не толькі дабраўся дадому, але неўзабаве і ачомаўся ад хваробы. 

Медык

Скончыўшы школу, у верасні 1939-га пайшоў станавіцца на ўлік у ваенкамаце, а тады акурат абвясцілі дадатковы набор у вайсковыя вучылішчы. Малым марыў зрабіцца лётчыкам, але цяпер разумеў: здароўе не дазволіць, меў парок сэрца. Таму пайшоў у Харкаўскае вайскова-медыцынскае вучылішча. Вучыліся па скарочаным курсе, два гады замест трох. Нагрузкі былі дужа цяжкія, але цярпеў: баяўся, што, калі будзе скардзіцца, могуць адлічыць.

Палову грошай, якія плацілі ў вучылішчы, дасылаў бацькам, а палову адкладаў — перад выпускам набыў сабе гадзіннік.

 Прызначэнне

Загад аб выпуску з вучылішча быў падпісаны 11 мая 1941-га, а праз месяц маладога фельчара размеркавалі ў Барысаў, куды ён мусіў з’явіцца 19 чэрвеня. Прыехаўшы ў вайсковы гарадок у Лядзішчы, атрымаў пасаду начальніка аптэкі медыка-санітарнага батальёна. Яго паабяцалі засяліць у адрамантаваны пакой пры Доме афіцэраў у панядзелак, 23 чэрвеня, а пасля — адпусціць дадому, у адпачынак. 

Вайна

Яшчэ ў вучылішчы ім так і казалі: «Вы едзеце на вайну». Ранак 22 чэрвеня заспеў Георгія на беразе Бярэзіны, калі ён глядзеў, як купаюцца чырвонаармейцы. Калі з «эмкі», якая пранеслася паўз яго, нейкі афіцэр пракрычаў: «Баявая трывога!» — ніхто нават не зрэагаваў, тады гэта была звыклая справа. А ўжо назаўтра ваенфельчар Лазычэнка атрымаў першае заданне: прарвацца на машыне ў Мінск і забраць у адным з ваенкаматаў папаўненне — мабілізаваных медыкаў.

Дарога была страшнай: уся Маскоўская шаша была запоўненая ўцекачамі, якія беглі на ўсход. Над натоўпам раз-пораз беспакарана сноўдалі нямецкія штурмавікі, палівалі людзей кулямётным агнём. Падбітыя машыны проста спіхвалі на ўзбочыну. 

Страх

Параненых пад Мінскам у Магілёве ўжо не прымалі, шпіталь быў забіты пад завязку. Давялося везці ў Смаленск, а адтуль неўзабаве, перад пагрозай нямецкага наступу, перабірацца ажно ў Вязьму.

Самымі страшнымі на вайне былі моманты адступлення, бо тады была найбольшая рызыка трапіць у палон. Потым падобнае ён перажыве яшчэ раз — падчас маскоўскай панікі ў сярэдзіне кастрычніка таго ж года, калі будзе служыць там у эвакапрыёмніку цэнтральнага аэрадрома імя Фрунзэ на Хадынскім полі.

У астатнім — на вайне ўсё як і ў звычайным жыцці, толькі з больш трагічнымі наступствамі, кажа Георгій Лазычэнка. 

«Шпіён»

Іх авіяцыйны эвакапрыёмнік фарміраваўся ў Вязьме. Начальнікам туды прызначылі іспанца, які перабраўся ў Савецкі Саюз пасля паразы рэспубліканцаў у Грамадзянскай вайне 1936—1939 гадоў.

(Пра лёсы іспанцаў у Беларусі чытайце ў артыкуле Андрэя Дзмітранка ў №2/2021: «Родны дом 52 гады даглядаў брат. Верыў, што яны вернуцца. І яны вярнуліся». Гэта пра бежанцаў з Іспаніі падчас грамадзянскай вайны 1930-х, якія апынуліся ў Беларусі. А некаторыя іх нашчадкі жывуць тут дагэтуль.)

Камандзір з’явіўся ў часці эфектна: у пэўны момант прыбеглі мясцовыя жыхары і закрычалі, што бабы схапілі пераапранутага немца. Калі Георгій выбраўся паглядзець на «шпіёна», аказалася, што гэта і быў той іспанец. 

Мара

Параненых перавозілі самалётамі-біпланамі У-2, насілкі змяшчалі паміж крыламі, у прымацаваных да іх фанерных скрынях, а ў зваротны бок, на фронт, везлі кроў для пералівання.

Ляталі без тэхнікаў, бо месца ў самалёце заставалася толькі адно, для ваенфельчара, таму і заводзіць самалёт, раскручваючы прапелер, даводзілася таксама яму.

Так своеасабліва спраўдзілася дзіцячая мара аб авіяцыі. 

Валя

Тулу, як і Маскву, немцы не ўзялі, але вывезці з горада збройнікаў параненых наземным шляхам было немагчыма з-за акружэння. Тут ён сустрэў будучую жонку.

З будучай жонкай Валянцінай. Тула, 1942 год. ФОТА З СЯМЕЙНАГА АРХІВА ГЕОРГІЯ ЛАЗЫЧЭНКІ

Аднойчы на аэрадром прыйшлі на лыжах дзве дзяўчынкі. Георгій папрасіў пакатацца — адна адмовіла, а другая пагадзілася. Катаючыся, так захапіўся, што, калі вярнуўся, уладальніца лыж ледзь не плакала. Георгію якраз надакучыла жыць у неацепленай хатцы на ўскрайку аэрадрома і спаць, не распранаючыся, і ён спытаўся ў новай знаёмай, ці няма ў іх дома месца, каб падсяліцца. Тая спытала дазволу ў мамы, і, разважыўшы, што лепш у хаце адзін афіцэр, чым пяць салдат, гаспадары прынялі кватаранта. Валі тады было шаснаццаць. 

Фронт

Пасля вызвалення Арла ён трапіў камандзірам санітарнага ўзвода на фронт ля Віцебска. У сярэдзіне чэрвеня іх дывізія пайшла ў наступленне, і ўжо 26- га горад быў узяты. Пэўны час заняла праца трафейных брыгад, папаўненне запасаў правіянту — у выніку яны адсталі ад свайго палка, нагнаўшы яго толькі ў раёне Паставаў.

У Літве яго чамусьці лічылі за свайго — толькі потым у сям’і даведаліся, што ў бацькоў, верагодна, насамрэч былі нейкія літоўскія карані.

Сур’ёзны супраціў ад немцаў сустрэлі ля Біржаў — тут ён атрымаў першае цяжкае раненне, у жывот. Лячыўся ў шпіталі ў тым самым Віцебску, але там кепска кармілі, і ў снежні ён зноў уцёк на фронт.

На вайне ўвогуле не хварэлі доўга — альбо паміралі, альбо папраўляліся, кажа фельчар. 

На такіх біпланах У-2 вазілі кроў на фронт і забіралі параненых. Станцыя Шамякіна пад Тулай, снежань 1942 года. З СЯМЕЙНАГА АРХІВА ГЕОРГІЯ ЛАЗЫЧЭНКІ

Вораг

У баявы кантакт з немцамі ўступаць не даводзілася, а мірнае насельніцтва, калі ўвайшлі ва Усходнюю Прусію, паўцякала ў страху перад абяцанымі прапагандай расправамі. У вучылішчы казалі, што клятва Гіпакрата абавязвае аднолькава ставіцца да любога хворага ці параненага і што трэба аказаць дапамогу кожнаму, але сутыкнуцца з ворагам у гэткіх абставінах яму так і не прыйшлося. 

Перамога

Канец вайны ён сустрэў на балтыйскім узбярэжжы ў Сопаце, прычым даведаўся аб гэтым ад сувязіста ў штабе дывізіі яшчэ 8 мая: той расказаў, што саюзнікі перадалі па радыё вестку пра капітуляцыю Германіі, акт аб якой быў падпісаны яшчэ 7 мая ў французскім Рэймсе. Афіцэры штаба сустрэлі вестку аб перамозе салютам з пісталетаў. Пры канцы мая наведалі Берлін і Патсдам, схадзілі на экскурсію па бункеры Гітлера. 

Берлін, 27 мая 1945 года. З СЯМЕЙНАГА АРХІВА ГЕОРГІЯ ЛАЗЫЧЭНКІ

Вяртанне

З Германіі сваім ходам дабраліся ў Брэст. Праз горад вярталіся ў Савецкі Саюз остарбайтары, вывезеныя на працу ў Германію, ды іншыя ўцекачы. З іх фарміравалі працоўныя батальёны і часова накіроўвалі на шахты і будаўнічыя аб’екты, дзе яны працавалі, пакуль адбывалася фільтрацыя — правяралі, ці не супрацоўнічаў хто з немцамі. Адзін з такіх батальёнаў акурат мусілі накіраваць пад Тулу, куды Георгій хацеў вярнуцца да нявесты, таму ён ахвотна заняў там пасаду фельчара. Напрыканцы 1945-га яны з Валяй распісаліся, а ўжо ў наступным годзе ў іх з’явілася дачка. 

Горкі

Пасля вайны яго накіравалі ў Горкаўскае вучылішча зенітнай артылерыі. Найбольш уражвала, што ў горадзе, які нават не быў акупаваны, уздоўж трамвайных шляхоў расла бульба. Жытло таксама трэба было шукаць самім, з жонкай і нованароджанай дачкой ледзь адшукалі куток на прыватнай кватэры, дзе жыла сям’я з пяці чалавек.

З вайны ён прынёс толькі пару пакінутых уцекачамі нямецкіх лыжак, больш збіраць трафеяў не было як і куды — цяпер гэта, лічы, і была ўся яго маёмасць. 

Бульба

З прадуктамі было зусім кепска. Аднойчы начальнік медслужбы вучылішча афіцыйна выпісаў літр малака, каб бацькам было чым карміць дачку, а іншым разам малую пакусалі згаладалыя пацукі.

Участкі падсобнай гаспадаркі вучылішча, дзе можна было пасадзіць бульбу, былі выдзеленыя за 20—30 кіламетраў ад горада. Пасля малады афіцэр гандляваў гэтай бульбай на рынку ў цэнтры Горкага — як быў, у форме, бо цывільнай вопраткі не меў. 

Георгій Лазычэнка і сёння выглядае гадоў на дваццаць маладзейшым за свой узрост, але прызнаецца, што ў розных абставінах па жыцці яму гэта і дапамагала, і шкодзіла. На фота: пасля вайны. З СЯМЕЙНАГА АРХІВА ГЕОРГІЯ ЛАЗЫЧЭНКІ

Блуканні

З двума мяхамі накапанай бульбы жыццё пакрысе пачынала наладжвацца, ажно яго раптам выклікалі ў Маскву, дзе загадалі ехаць у Берлін: тады дачыненні між нядаўнімі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі акурат пачалі абвастрацца (гл. пра гэта артыкул Андрэя Акушкі ў № 1/2021 «Нашай гісторыі»). Тут давялося правесці наступныя чатыры гады і толькі пасля вярнуцца да сям’і, атрымаўшы накіраванне ў Кішынёў. Тут Лазычэнка скончыў вечаровую школу і паступіў у Ленінградскую акадэмію тылу і транспарту — заскочыў у апошні вагон, бо толькі ў гэтай установе прымалі людзей да 32 гадоў.

Назаўтра пасля залічэння ўвесь курс — афіцэраў, у параднай форме — на цэлы месяц павезлі капаць бульбу.

Лёс

Пасля, у 1961—1965 гадах, зноў была служба ў групе савецкіх войскаў у Германіі, адкуль вярнуліся з сям’ёй ужо ў Мінск. Тут ён у 1971-м, адслужыўшы ў войску трыццаць тры з паловай гады, выйшаў у адстаўку і заняў у Міністэрстве культуры БССР пасаду начальніка аддзела забеспячэння Галоўнага ўпраўлення рамонтна-вытворчых прадпрыемстваў.

У сярэдзіне 1960-х акурат зрабілі непрацоўным Дзень Перамогі і пачалі яго маштабна святкаваць. Калі ветэран упершыню выйшаў з дому ў параднай форме на свята, то нейкая жанчына на ўсю вуліцу пачала ўшчуваць яго за тое, што начапіў бацькавы ўзнагароды.

Ён і сёння выглядае гадоў на дваццаць маладзейшым за свой узрост, але прызнаецца, што ў розных абставінах па жыцці яму гэта і дапамагала, і шкодзіла.

Клас
37
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?