Зміцер Усхопаў
Сёння ў Рэчыцы мае адбыцца пахаванне 28-гадовага маладога чалавека, які памёр пасля таго, як быў затрыманы міліцыяй у навагоднюю ноч.
На гэты момант пацверджаная інфармацыя пра затрыманне самых блізкіх сяброў Зміцера, якія меліся прыйсці на пахаванне. Гэта Аляксей і Ганна Давыдковы, Аляксандр Снапкоў ды Ілля Бракарэнка.
Іх чакалі на пахаванні, у тым ліку для дапамогі. Але раніцай яны не выйшлі на сувязь.
Як даведалася «Наша Ніва», затрымалі сяброў Усхопава учора ўвечары, 3 студзеня. Маладыя людзі стаялі ля пад’езда, дзе жыў Зміцер Усхопаў. Аляксандра Снапкова і Іллю Бракарэнку там і ўзялі. Аляксей Давыдкоў сышоў раней сустракаць жонку Ганну, дзе менавіта іх затрымалі — невядома. Пару чакаюць дома двое маленькіх дзяцей. Паводле непацверджанай інфармацыі, справа можа быць звязаная з наркатычным артыкулам 328.
Мы таксама дазваніліся бацькам Аляксандра Снапкова ды Іллі Бракарэнкі.
«Імаверна [затрыманы], я не ведаю яшчэ. Мне ніхто не званіў, але звязацца з ім я не магу. Гаварыла з ім апошні раз учора, сёння — не», — паведаміла нам Святлана Мікалаеўна, маці Іллі.
Таццяна Іванаўна, маці Аляксандра, таксама не гаварыла з сынам, ці затрыманы ён, яна дакладна не ведае.
Таксама адсутнічае сувязь яшчэ з некалькімі людзьмі з кола зносінаў Зміцера Усхопава. Але іх затрыманне пакуль няма каму пацвердзіць ці абвергнуць. Інфармацыя пра іх лёс высвятляецца.
Чытайце таксама: Следчы камітэт агучыў дэталі экспертызы па справе Усхопава. Але яны не тлумачаць прычыны смерці
«Наколькі можна сказаць па колеры — пашкоджанні свежыя». Што кажуць судмедэксперты пра смерць мужчыны з Рэчыцы
З'явілася відэа, як Усхопаў сам заходзіць у РАУС. Праз дзве гадзіны ён будзе мёртвы
У Рэчыцы ў навагоднюю ноч памёр затрыманы міліцыянтамі мужчына. Сваякі: Яго да смерці збілі ў РАУСе





