Іх было дзевяць. Ніхто не ведае, як яны загінулі. Фота: Ultrasto / Shutterstock / infodjatlov.narod.ru

Іх было дзевяць. Ніхто не ведае, як яны загінулі. Фота: Ultrasto / Shutterstock / infodjatlov.narod.ru

У пачатку кастрычніка 2019 года, калі нехта невядомы патэлефанаваў на мабільны тэлефон прафесара Ёхана Гома, яму было цяжка ўявіць, што неўзабаве ён сутыкнецца з адной з самых вялікіх таямніц у гісторыі Савецкага Саюза.

На іншым канцы лініі журналістка з Нью-Ёрку папрасіла яго меркавання аб трагедыі, якая адбылася 60 гадоў таму на расійскім Паўночным Урале — трагедыі, якая з таго часу атрымала назву Здарэнне на перавале Дзятлава. Гом, кіраўнік лабараторыі мадэлявання снегу і лавін (EPFL) Інстытута даследаванняў снегу і лавін (WSL), ніколі не чуў пра гэтую справу. «Я папрасіў журналістку ператэлефанаваць мне на наступны дзень, каб сабраць больш інфармацыі. Тое, што я знайшоў, мяне заінтрыгавала».

Паход, які скончыўся трагедыяй

27 студзеня 1959 года, падчас студэнцкіх канікул, група з дзесяці чалавек, якая складалася ў асноўным са студэнтаў Уральскага політэхнічнага інстытута, на чале з 23-гадовым Ігарам Дзятлавым — усе спрактыкаваныя лыжнікі — адправілася ў 14-дзённы турпаход на гару Атартэн на поўначы Свярдлоўскай вобласці.

Паход адносіўся да найвышэйшай катэгорыі складанасці, бо тэмпература паветра на Урале ў гэты перыяд года апускалася да —30 °C. 28 студзеня адзін з удзельнікаў экспедыцыі Юрый Юдзін зразумеў, што яму маршрут не па сілах і вярнуўся на базу. Больш ён сваіх сваіх сяброў не пабачыць ніколі.

Калі турысты не вярнуліся ў горад у вызначаную дату, на пошукі выйшла ратавальная група. Толькі 26 лютага прыкладна за 20 км на поўдзень ад мэты турпахода, на схіле гары Халатчахль — у перакладзе з мовы мясцовага народа мансі гэта азначае «Мёртвая гара» — была знойдзеная моцна пашкоджаная палатка. У ёй засталіся рэчы турыстаў.

Удзельнікі ратавальнай аперацыі на Дзятлаўскім перавале з намётам удзельнікаў экспедыцыі, знойдзеным на схіле, люты 1959 г. Фота: Creative Common

Удзельнікі ратавальнай аперацыі на Дзятлаўскім перавале з намётам удзельнікаў экспедыцыі, знойдзеным на схіле, люты 1959 г. Фота: Creative Common

Троху ніжэй, пад старым сібірскім кедрам, былі знойдзены два целы, апранутыя ў адну толькі бялізну і шкарпэткі.

Паміж дрэвам і намётам былі знойдзеныя яшчэ тры целы, у тым ліку цела Дзятлава; яны, верагодна, замерзлі пры спробе вярнуцца ў палатку. Праз два месяцы знойдуць целы астатніх чатырох студэнтаў — у яры пад тоўстым пластом снегу. У некаторых з загінулых судмедэкспертыза выявіла сур’ёзныя траўмы: пераломы грудной клеткі і чэрапа.

Што менавіта адбылося?

Савецкія ўлады пачалі расследаванне, каб вызначыць прычыны гэтай таямнічай драмы, але закрылі яго праз тры месяцы, прыйшоўшы да высновы, што прычынай смерці турыстаў была «прыродная стыхія».

Паколькі не выжыў ніхто, дагэтуль няясна, што менавіта адбылося ў ноч з 1 на 2 лютага. Існуе мноства розных тэорый — ад забойства, учыненага йеці, да сакрэтных вайсковых эксперыментаў.

«Пасля званка амерыканскай рэпарцёркі я пачаў пісаць ураўненні і лічбы на дошцы, спрабуючы зразумець, што там магло адбыцца», — кажа Гом. «Калі журналістка ператэлефанавала, я сказаў ёй, што лавіна, верагодна, застала групу знянацку, калі яны спалі ў намёце».

Найбольш праўдападобную тэорыю высунула і расійская пракуратура пасля аднаўлення ў 2019 годзе расследавання па хадайніцтве сваякоў загінулых. Аднак

адсутнасць доказаў і наяўнасць цяжкавытлумачальных момантаў прывялі да таго, што значная частка расійскага грамадства па-ранейшаму не верыць у версію следства.

Ігар Дзятлаў

Ігар Дзятлаў

«Я быў настолькі заінтрыгаваны, што пачаў глыбей даследаваць гэтую тэорыю. Затым я звязаўся з прафесарам Аляксандрам Пузрыным, загадчыкам кафедры геатэхнічнай інжынерыі ETH Zurich, з якім я пазнаёміўся месяцам раней на канферэнцыі ў Францыі».

Гом, француз па паходжанні і ўраджэнец Расіі Пузрын разам капаліся ў архівах, якія былі адкрыты пасля распаду Савецкага Саюза. Яны таксама паразмаўлялі з іншымі навукоўцамі і экспертамі пра тое здарэнне і распрацавалі аналітычныя і лікавыя мадэлі для рэканструкцыі лавіны, якая магла застаць дзевяць ахвяраў знянацку.

Гом і Пузрын прыйшлі да высновы, што ў 1959 годзе турысты ўкапаліся ў снег на схіле гары, каб паставіць намёт, і менавіта гэта стала прычынай лавіны.

«Іх было дзевяць». Фота: zorinjonny / Shutterstock

«Іх было дзевяць». Фота: zorinjonny / Shutterstock

«Адна з галоўных прычын, па якой тэорыя лавіны дагэтуль не цалкам прынятая, заключаецца ў тым, што ўлады не далі тлумачэнняў, як гэта адбылося», — кажа Гом. Насамрэч, ёсць некалькі момантаў, якія супярэчаць гэтай тэорыі: па-першае, ратавальная група не знайшла відавочных доказаў лавіны ці апоўзня. Акрамя таго, сярэдні вугал нахілу над намётам — менш за 30 градусаў — быў недастаткова круты для сходу лавіны. Акрамя таго, калі лавіна і ўзнікла, гэта здарылася прынамсі праз дзевяць гадзін пасля таго, як быў зроблены разрэз на схіле.

Нарэшце, пашкоджанні грудзей і чэрапа ў некаторых з загінулых не былі тыповымі для ахвяр лавіны.

Магчымае размяшчэнне пластоў снегу перад сходам лавіны. Фота: Gaume / Puzrin / ETH Zurich

Магчымае размяшчэнне пластоў снегу перад сходам лавіны. Фота: Gaume / Puzrin / ETH Zurich

У сваім дасследаванні, апублікаваным у Communications Earth & Environment — новым часопісе Nature Research — Гом і Пузрын спрабуюць разабрацца з гэтымі загадкамі.

«Мы выкарыстоўваем дадзеныя аб церці снегу і мясцовым рэльефе, каб даказаць, што невялікая лавіна можа ссунуцца на нястромым схіле, пакінуўшы мала слядоў.

З дапамогай камп'ютарнага мадэлявання мы даказваем, што ўдар снежнай пліты можа прывесці да траўмаў, падобных да тых, што мы бачым. І, нарэшце, час, які паміж выхадам каманды на схіл і момантам трагедыі. Гэта галоўная тэма нашага артыкула. Раней даследчыкі не змаглі растлумачыць, як пры адсутнасці снегападу ў той вечар у сярэдзіне ночы магла сысці лавіна», — кажа Гом.

Трагедыя на перавале Дзятлава — мадэляванне. Фота: ETH Zurich

Трагедыя на перавале Дзятлава — мадэляванне. Фота: ETH Zurich

У ноч трагедыі адным з важнейшых фактараў была наяўнасць сцёкавых вятроў, гэта значыць вятроў, якія нясуць паветра ўніз па схіле. Гэтыя вятры маглі несці снег, які потым назапашваўся вышэй намёту, з-за асаблівасцяў мясцовасці, якіх турысты ня ведалі.

«Калі б яны не ўрэзаліся ў схіл, нічога б не адбылося. Гэта быў першы зрух у пускавым механізме, але аднаго гэтага не хапіла б. Верагодна, сцёкавы вецер наносіў снег і спрыяў павольнаму нарастанню дадатковай нагрузкі. У пэўны момант магла ўтварыцца і распаўсюдзіцца расколіна, што прывяло да зруху снежнай пліты», — кажа Пузрын.

Абодва навукоўцы, аднак, асцярожныя ў сваіх высновах і мяркуюць, што многае з інцыдэнту застаецца невытлумачальным. «Ніхто да канца не ведае, што адбылося той ноччу. Але мы даем грунтоўныя матэматычныя доказы таго, што тэорыя лавіны праўдападобная», — працягвае Пузрын.

Дзве мадэлі, распрацаваныя для гэтага даследавання — аналітычная мадэль для ацэнкі часу, патрэбнага для сходу лавіны, распрацаваная ETH Zurich, і лікавая SLAB для ацэнкі ўздзеяння лавін на арганізм чалавека — будуць выкарыстоўвацца для лепшага разумення прыроды лавін і звязаных з імі рызык.

Праца Гома і Пузрына — даніна павагі турыстам з перавала Дзятлава, якія сутыкнуліся з «неадольнай сілай» прыроды. І хоць яны ня здолелі завяршыць сваю адчайную экспедыцыю, яны далі пакаленням навукоўцаў таямніцу, якую трэба разгадаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1