Магдалена Андэрсан. Фота: Вікіпедыя.
Як паведамляе газета Expressen, 21 снежня 25-гадовая супрацоўніца клінінгавай кампаніі, якую нанялі для прыбірання дома прэм'ер-міністаркі Магдалены Андэрсан перад Калядамі, выконваючы сваю працу, выпадкова прывяла ў дзеянне ахоўную сігналізацыю.
Калі пасля таго ў дом прэм'еркі прыехала паліцыя і праверыла ў прыбіральшчыцы дакументы, то аказалася, што гэтая жанчына знаходзілася ў Швецыі нелегальна.
Яшчэ вясной 2020 года мігрантцы з Нікарагуа было адмоўлена ў відзе на жыхарства і яе мусілі дэпартаваць з краіны. Але нейкім чынам ёй тады ўдалося ад гэтага ўхіліцца, а з восені 2020-га жанчына ўвогуле знаходзілася ў вышуку за крадзеж з супермаркета.
Цяпер шведскую прэм'ерку востра крытыкуюць за тое, што яна так нядбайна ставіцца да падбору людзей, якія маюць доступ на яе вілу. Многія журналісты, эксперты і чыноўнікі ставяць пытанне, наколькі пры такой сітуацыі можна гаварыць пра бяспеку фактычнага кіраўніка дзяржавы, калі ў жытло Магдалены Андэрсан могуць патрапіць зусім выпадковыя людзі.
Тым больш што ў гісторыі Швецыі былі прэцэдэнты: у 1986 годзе быў забіты прэм'ер-міністр Улаф Пальмэ, а ў 2003-м — міністарка замежных спраў Анна Лінд.
Звяртаецца ўвага таксама і на магчымую небяспеку дзяржаўным інтарэсам. Адзін з экспертаў, напрыклад, падкрэслівае, што Нікарагуа, грамадзянкай якога з'яўляецца прыбіральшчыца, — саюзніца Расіі.
Карацей, ад прэм'еркі патрабуюць больш сур'ёзнага кантролю за тым, з кім яна супрацоўнічае, нават калі гаворка ідзе пра звычайныя пабытовыя справы.
Магдалену Андэрсан такі абралі прэм'ерам Швецыі. Другі раз за тыдзень





