Лужыцкі музычны праект Hara Crash запісаў відэаролік з песняй «Swojowola» («Сваволя») у падтрымку беларусаў, якія змагаюцца за свабоду.

«Hara Crash» — берлінскі электронны праект Уты Швэйдзіц і яе мужа Міхала. Яны абое з Лужыцы (рэгіён на паўднёвым усходзе Германіі) і ў песнях часта выкарыстоўваюць сваю родную мову. 

Праект узнік у 2018 годзе, ужо запісана два альбомы. 

Музыкі маюць даволі шчыльныя кантакты з беларускай культурай. Ута са сваім папярэднім праектам «Berlinska Dróha» адыграла сем канцэртаў у Беларусі, таксама часта выступала на адной сцэне з беларускімі гуртамі «Sciana» і «Dzieciuki».

Падзеі 2020 году Ута і Міхал таксама не абмінулі увагай, тым больш што пад рэпрэсіі трапілі і іхнія сябры. Менавіта таму музыкі вырашылі запісаць песню і зняць на яе кліп.

Лужычане — чацвёрты заходнеславянскі народ, разам з палякамі, чэхамі і славакамі. Іх саманазва сорбы ці сербы, таму іхнюю мову часам называюць сербалужыцкай.

Праўда, мова дзеліцца на дзве: верхня- і ніжнялужыцкую. Гісторыкі тлумачаць, чаму так. Гэта насамрэч нашчадкі двух зусім розных славянскіх плямён, адно з якіх прыйшло сюды з Дуная з розніцай у пару стагоддзяў. Хоць яны і жылі побач паўтара тысячагоддзя, але розніца паміж імі захавалася.

Абедзве лужыцкія мовы знаходзяцца пад пагрозай вымірання: у Ніжняй Лужыцы лужыцкай карыстаюцца толькі некалькі тысяч чалавек, у Верхняй на ёй умеюць гаварыць некалькі дзясяткаў тысяч. Песня Уты і Міхала — па верхнялужыцку.

Пра Лужыцу і лужычан глядзіце больш у № 6/2021 часопіса «Наша гісторыя». Гэты нумар пакуль яшчэ можна набыць у мінскіх кнігарнях «Галіяфы» і «Кніжная шафа», у гандлёвым цэнтры «Купалаўскі», этнакраме «Рагна», інтэрнэт-крамах knihi.by, kniganosha.by, mmkut.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0