Лазерная зброя, усталяваная на баявой машыне Stryker у Форт-Сіл, штат Аклахома. Фота: US ARMY/ZUMA PRESS

Лазерная зброя, усталяваная на баявой машыне Stryker у Форт-Сіл, штат Аклахома. Фота: US ARMY/ZUMA PRESS

ЗША рыхтуюцца змагацца з ворагам, якога нядаўна мала хто ўспрымаў сур'ёзна: аматарскімі беспілотнікамі, якія каштуюць усяго некалькі сотняў даляраў, але могуць несці выбухоўку. Новая супрацьдронавая тэхніка нагадвае зброю з навуковай фантастыкі — лазерныя гарматы і мікрахвалевыя бластары.

Паводле слоў кіраўніка Цэнтральнага камандавання ЗША, генерала марской пяхоты Кенэта Макензі, невялікія танныя беспілотнікі — найбольш сур’ёзная новая тактычная пагроза, з якой сутыкнуліся амерыканскія вайскоўцы за апошнія 15 гадоў. Хуткае развіццё недарагіх беспілотных лятальных апаратаў, або БПЛА, дазваляе цяпер тэрарыстычным групам і рэгулярным арміям ажыццяўляць атакі малымі сродкамі.

«Я крайне занепакоены гэтым», — прызнаўся летась у красавіку генерал Макензі на слуханнях у Камітэце па ўзброеных сілах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. «Нам яшчэ трэба будзе прайсці доўгі шлях, каб выйсці на рашэнне па гэтай праблеме, таму што вы сёння можаце пайсці ў гіпермаркет і купіць дрон, і вы можаце вельмі лёгка выкарыстоўваць яго як зброю».

І «Ісламская дзяржава», і еменскія паўстанцы-хусіты чаплялі выбухоўку на звычайныя «мірныя» беспілотнікі і накіроўвалі іх на танкі праціўніка, а таксама на нафтаперапрацоўчыя заводы, марскія парты і грамадзянскія аэрапорты. Дроны яны куплялі ў інтэрнэце або збіралі самі з асобных дэталяў.

Шыіцкія апалчэнцы ў Іраку, якіх падтрымлівае Іран, сталі масава выкарыстоўваць атакі беспілотнікамі ў 2021 годзе. Яны нанеслі ўдары па амбасадзе ЗША ў Багдадзе і рэзідэнцыі прэм’ер-міністра Ірака. У ліпені ў Аравійскім моры дроны атакавалі камерцыйнае судна — на ім загінулі два чалавекі з экіпажу, а таксама саудаўскі каралеўскі комплекс у Эр-Рыядзе. Нядаўна ўзброеныя беспілотнікі спрабавалі атакаваць аэрапорт Багдада і амерыканскія авіябазы ў Іраку.

Абломкі беспілотніка, збітага ў Іраку каля авіябазы, дзе размяшчаюцца амерыканскія войскі. Фота: INTERNATIONAL COALITION/ASSOCIATED PRESS

Абломкі беспілотніка, збітага ў Іраку каля авіябазы, дзе размяшчаюцца амерыканскія войскі. Фота: INTERNATIONAL COALITION/ASSOCIATED PRESS

«Зброя-з-гіпермаркетаў» цяпер уяўляе сабой вялікі выклік для ЗША. Амерыка ўкладае мільярды ў перадавыя сістэмы, ад мегасучасных ракет да гіганцкіх авіяносцаў, бо засяроджаная на пагрозе патэнцыйнай высокатэхналагічнай вайны з арміямі Кітая ці Расіі. Атака вялікай колькасцю беспілотнікаў паказвае, што традыцыйная абарона ад паветраных нападаў — ракеты коштам некалькі мільёнаў даляраў кожная — тут неэфектыўная. Атакі дронаў на Саудаўскую Аравію з боку Ірана і груповак, якія ён падтрымлівае, прымусілі ўсіх звярнуць увагу на фінансавы бок праблемы. Эр-Рыяд збіваў дроны ракетамі «зямля-паветра» Patriot, а таксама падымаў на перахоп знішчальнікі. І кожны ўзлёт знішчальніка каштуе дорага, і кожная ракета для «Пэтрыята» каштуе каля 3 мільёнаў даляраў. У Саудаўскай Аравіі ўжо не хапае ракет-перахопніц.

ЗША імкнуцца распрацаваць сродкі абароны, адпаведныя новым выклікам, але якія б каштавалі нядорага. Погляд скіраваны найперш на лазеры і мікрахвалявыя прылады, бо тыя сілкуюцца электрычнасцю, што танна, і могуць хутка паразіць вялікую колькасць невялікіх дронаў.

Амерыканцы ўжо прынялі на ўзбраенне розныя новыя сістэмы, ад прылад для падаўлення сігналу, якія выглядаюць як зброя з «Паляўнічых за прывідамі» або «Зорных войнаў», да лазерных гармат, усталяваных на баявых машынах. Але армія пакуль не змагла разгарнуць гэтыя сістэмы ў вялікай колькасці, і ні адна з такіх сістэм яшчэ не паядноўвае магчымасці адсочвання і нацэльвання на розныя тыпы беспілотнікаў адпаведнай зброяй, найбольш прыдатнай для іх паражэння. Цяпер Пентагон працуе над гэтым пытаннем.

Невялікія беспілотнікі ляцяць нізка, павольна і могуць рэзка мяняць курс, падманваючы класічныя радары, арыентаваныя на вялікія, хуткасныя самалёты або ракеты.

Акрамя таго, калі дроны нагружаныя выбухоўкай, простае збіванне іх у паветры можа пагражаць людзям і аб’ектам на зямлі. А калі дроны атакуюць вялікімі групамі, яны здольныя прабіць нават складаную сістэму абароны. Каб лепш ідэнтыфікаваць і адсочваць беспілотнікі, вайскоўцы імкнуцца аб’яднаць дадзеныя з розных крыніц: радараў, камер і радыёчастотных сканераў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0