«У Казахстане пратэст пачаўся як сацыяльна-эканамічны, у людзей наспявала незадаволенасць. У Беларусі пратэст быў чыста палітычным, ён таксама накапліваўся, але першапрычыны былі іншыя, — адзначыў у праграме «Што гэта было?» палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў. — І тое, як адыбываліся пратэсты, таксама зусім розныя з’явы.

Гэта тлумачыцца тым, што ў нас зусім розныя грамадствы. У плане дэмаграфіі Беларусь збольшага сталеючая нацыя, у Казахстане куды больш маладых мужчын, часткова гэтым можна патлумачыць большую тэмпераметнасць. Да таго ж, у Казахстане суіснуюць і змагаюцца кланы, што моцна ўплывае на палітыку, а ў нас такога няма».

«Некатралюемасць пратэсту прывяла да ўсплёску гвалту»

Аглядальнік звяртае ўвагу, што ўвесь перыяд кіравання Лукашэнкі праходзіць пры максімальнай дэпалітызацыі грамадства, але ў 2020 годзе пачуліся галасы, што нам трэба самаадукоўвацца ў палітычным працэсе. 

«І я прыгадваю пратэсты летам 2020-га, і не памятаю, каб тады былі лозунгі, што нам патрэбная іншая, больш дэмакратычная Канстытуцыя, — працягвае Кузняцоў. — Па вялікім рахунку, галоўным лозунгам было «Лукашэнка, сыходзь!».

І вось у гэтым моманце ёсць падабенства з Казахстанам, калі іх пратэстоўцы пачалі крычаць «Стары, сыходзь!», маючы на ўвазе Назарбаева. Гэта эмацыянальная рэакцыя на кіраўнікоў, якія надакучылі і не паказваюць сваім народам перспектывы.

Усе хочуць бачыць перспектывы, а постсавецкія рэжымы, што расійскі, што беларускі, што казахскі, нічога падобнага не дэманструюць». 

Фота Reuters.com

Фота Reuters.com

Аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначае, што і ў Беларусі, і ў Казахстане пратэст, асабліва на пачатку, быў дэцантралізаваны:

«І гэта сыграла сваю негатыўную ролю. Шмат у чым некатралюемасць пратэсту прывяла да ўсплёску гвалту, не было дыялогу. Па сутнасці, у Казахстане спачатку пратэсты нават не былі накіраваныя супраць Такаева, ужо пасля гэта вылілася ў такую дзікаватую форму». 

Лукашэнка не адменіць рэферэндум, гэта будзе праява слабасці

Андрэй Ягораў звяртае ўвагу на тое, што сітуацыя, пры якой Такаеў умоўна націскае на педалі, а стырно застаецца ў руках Назарбаева, лічылася прымальным варыянтам транзіту ўлады і для Расіі, і для Беларусі. У Казахстане было ціха і спакойна, без заўважных скачкоў, да пачатку 2022 года. Першы ж крызіс паказаў, што гэта не вельмі ўстойлівая мадэль. І цяпер пытанне, як гэта адлюструецца на планах Лукашэнкі прыняць новую Канстытуцыю.

«Не думаю, што гэта паўплывае на планы правесці рэферэндум, — лічыць Пётр Кузняцоў. — Рэжым Лукашэнкі не можа сабе дазволіць праявіць такую слабасць. Калі ў кантэксце падзей у Казахстане адменяць рэферэндум у Беларусі, гэта проста пакажа велізарную няўпэўненасць.

Можа быць, яны не баяцца паказваць няўпэўненасць перад беларусамі, таму што як такога пратэсту ўжо няма, але паказваць няўпэўненасць перад сваімі прыхільнікамі, сілавікамі яны дакладна пабаяцца.

Да таго ж, задуманая камбінацыя не прадугледжвае, што транзіт трэба праводзіць цяпер, у Лукашэнкі ёсць магчымасць пайсці яшчэ на два тэрміны, плюс яшчэ гэты тэрмін дасядзець — агулам гэта 13 год. Працэдура распісаная на шмат год наперад і так, што можна нічога не рабіць, як гэта і робіцца ў Беларусі». 

Па меркаванні Кузняцова, сітуацыя ў Казахстане паказвае, што для аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў няма добрых варыянтаў развіцця падзей. 

«Ты можаш сядзець да смерці, што не выключае, што ў 81 год захварэеш на анкалогію, хватка аслабне і цябе нехта падседзіць. Можаш перадаць уладу надзейнаму чалавеку, і гэта таксама не выключае, што цябе нехта падседзіць. Таму што ў самой такой сістэме адсутнічаюць законы і мараль. Яны першапачаткова прывучаюць сваіх людзей да таго, што палітыка — гэта брудная справа, можна ваяваць без правіл, ніякіх правілаў не існуе. Такі ўрок засвойваюць вельмі хутка, і тады заклён «не здраджвайце» не надта працуе.

Назарбаеву ж здзрадзілі, у тым ліку сябры па АДКБ, таму што ніхто за яго цяпер не заступаецца. І вайсковы кантынгент увялі не для таго, каб абараніць уладу Назарбаева і канстытуцыйны лад. Гэта чарговы раз падкрэслівае, што аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы не ў стане выбудаваць эфектыўную мадэль дзяржаўнага кіравання».

Знесены помнік Назарбаеву ў Талдыкаргане. Фота: КазТАГ

Знесены помнік Назарбаеву ў Талдыкаргане. Фота: КазТАГ

Андрэй Ягораў мяркуе, што прыклад Казахстана можа паўплываць на прыхільнікаў Лукашэнкі ва ўладзе, якім кажуць, што яны не павінны здрадзіць, а за гэта ім гарантуюць бяспеку — праз схему транзіту ўлады, які не разбурыць папярэднія дамоўленасці.

«Казахстан паказвае, што нікому гэта нічога не гарантуе. Любая крызісная сітуацыя можа зваліць рэжым з непрадказальнымі наступствамі», — падкрэслівае аналітык.

АДКБ адправілі ў Казахстан, каб супакоіць сілавікоў

Падзеі ў Казахстане зменяць ролю АДКБ, сыходзяцца ў меркаваннях эксперты.

Сілы АДКБ у Казахстане ўзначаліў Андрэй Сердзюкоў. Ëн браў удзел у першай і другой чачэнскіх войнах, анэксіі Крыма, а з красавіка па верасень 2019 года камандаваў расійскім кантынгентам у Сірыі. Фота: «РИА Новости».

Сілы АДКБ у Казахстане ўзначаліў Андрэй Сердзюкоў. Ëн браў удзел у першай і другой чачэнскіх войнах, анэксіі Крыма, а з красавіка па верасень 2019 года камандаваў расійскім кантынгентам у Сірыі. Фота: «РИА Новости».

«Мы бачым, як некаторыя кіраўнікі постсавецкіх краін спрабуюць перафарматаваць місію АДКБ для абароны палітычных рэжымаў, — кажа палітычны аглядальнік Кузняцоў. — І ў Казахстане створаны першы прэцэдэнт.

30 год існуе дамова аб калектыўнай бяспецы, але раней толькі размовы ішлі, што яна можа для чагосьці спатрэбіцца. Як паказала практыка, АДКБ не ў стане абараніць і дапамагчы Арменіі, узяць пад кантроль межы з Афганістанам. І вось у пэўны момант яна аказалася ў стане накіраваць некалькі тысяч чалавек у Казахстан.

Выглядае, што сітуацыяй удала скарыстаўся Такаеў, ён апынуўся ў складанай сітуацыі, калі трэба было адсоўваць Назарбаева. Былі вялікія рызыкі, што ён не дасць рады мясцовым сілавікам. Таму і звярнуўся да Пуціна, складана ўявіць, што той мог адмовіцца, улічваючы, што на тэрыторыі Казахстана знаходзіцца Байканур, уранавыя руднікі.

Упэўнены, што калі б Пуцін сказаў, што не падтрымлівае Лукашэнку, беларускія сілавікі б адразу разбегліся. Пуціну на той момант было дастаткова толькі заявіць аб падтрымцы, не трэба было і сваё войска ўводзіць. У гэтым сэнсе ўвод вайскоўцаў у Казахстан — сігнал, каб навесці парадак у сілавым блоку». 

Лукашэнка крытыкаваў за адмову ўвесці войскі ў Кыргызстан. Што не так з АДКБ і з якімі мэтамі яе выкарыстоўваюць

«Стары, сыходзь!» Расказваем пра культ асобы Назарбаева, супраць якога паўсталі казахі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0