У сваім посце Саннікаў наракае на тое, што гісторыя Плошчы 2010 года была «перапісаная», прычым «не з дапамогай тых убогіх кіношак і артыкулаў прыдворных медыя, маўляў на Плошчу выйшла купка змоўшчыкаў, а пусціўшы ў ход моцна збітыя фальшыўкі, якія распаўсюджвалі праз «незалежныя» каналы».

«Яшчэ знаходзячыся пад следствам у турме КДБ, я чуў цытаты з прэсы аб тым, што мы ўсё зрабілі не так. Што падставілі людзей, што згулялі на руку Маскве (па версіі тых жа «незалежных», я быў прамаскоўскім кандыдатам), што кінулі пад дубінкі дзяцей, што пазбавілі Беларусь спакойнага «эвалюцыйнага» шляху (гэта пры дыктатуры!). І следакі, і кіраўніцтва КДБ цытавалі зусім не «Савецкую Б.», кошт матэрыялаў якой вядомы, а «Радыё Свабода», «Белгазету», «Салідарнасць» і асабліва часта «Нашу Нiву».

На пытанні зэкаў, чаму свае топяць сваіх, Саннікаў адказваў тлумачэннямі, і яго адказ зэкі нібыта разумелі, бо, удакладняе Саннікаў,

«сістэму стукачоў, даносаў, мянтоўскіх пракладак і ссучаных выдатна ведалі».

Саннікаў зноў піша, што ў 2010 годзе ў яго быў план, хаця не раскрывае яго. Але тыя, хто чуў гэты план, нібыта «ўздыхалі і крыўдавалі, што зноў не выслухалі начальніка транспартнага цэха». То-бок Саннікава тады не пачулі.

Як меў рацыю ён і напярэдадні 2020 года, у адрозненне ад усіх астатніх.

«Напярэдадні, прыкладна з пачатку 2019 года да красавіка 2020-га, пераважная большасць тых самых «незалежных» сродкаў звыкла паўтарала: нічога не будзе, Лукашэнка ўсё кантралюе, апазіцыя знішчаная, усё застанецца па-ранейшаму. Гэта паўтаралі амаль усе такія ж «незалежныя» аналітыкі. Іх праніклівыя аналізы зводзіліся да такіх вось глыбакадумных думак, як, напрыклад, у Арцёма Шрайбмана: «Апазіцыя ў Беларусі па змаўчанні (sic!) не мае шанцаў на перамогу».

У адрозненне ад усіх астатніх, Саннікаў і яго каманда ўсё прадбачылі. І не толькі прадбачылі, але і наблізілі выбух 2020 года, сцвярджае аўтар.

«Мы не проста ведалі, што ў 2020-м адбудуцца масавыя хваляванні, а ў сваёй стратэгіі зыходзілі з гэтага. Іншымі словамі, з 2017 года мы актыўна рыхтавалі год 2020-ты», — піша Саннікаў.

Шчодра прайшоўся былы кандыдат у прэзідэнты па Ціханоўскай і яе штабе.

«Пасля дня выбараў вакол Ціханоўскай сталі адбывацца незразумелыя рэчы, у тым ліку яе ад'езд з Беларусі праз ЦВК і спецслужбы.

Пасля зʼяўлення Ціханоўскай у Вільні на яе сталі наліпаць дзіўныя асобы, якія сёння і кіруюць так званым офісам Ціханоўскай пры яе, зразумела, падтрымцы».

«Віленскі офіс вельмі хутка арганізаваў сваю дзейнасць так, каб камфортна існаваць самім яго жыхарам і звесці да мінімуму пагрозу рэжыму Лукашэнкі».

Гледзячы на ўсё гэта, Саннікаў прагназуе такое развіццё падзей: «Склалася ў мяне ўстойлівае адчуванне, што такія лідары будуць рабіць усё, каб спускаць сітуацыю на тармазах. Будуць займацца размнажэннем бескарысных ініцыятыў, збіраць нікому не патрэбныя віртуальныя галасы ў падтрымку сябе, прызначаць і перапрызначаць выбары, пісаць непатрэбныя канстытуцыі, абʼяўляць віртуальныя амністыі, падстаўляць людзей у Беларусі праз зум-размовы, якія запісваюцца гэбнёй. А яшчэ дурыць галовы заходнім палітыкам шалёнымі пражэктамі і нязбытнымі абяцаннямі».

Саннікаў абяцае пазней абнародаваць свой план дзеянняў.

Андрэй Саннікаў — экс-кандыдат у прэзідэнты 2010 года, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Быў затрыманы падчас мітынгу супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску. Яму было выстаўленае абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 14 мая 2011-га яго прысудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 14 красавіка 2012 года Саннікаў быў вызвалены паводле ўказа Лукашэнкі аб памілаванні. У кастрычніку 2012 года атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0