Электронную карціну «Кожны дзень: першыя 5 тысяч дзён» (Everydays: The First 5000 Days) мастака Beeple і прывязаны да яе NFT-токен прадалі за $69,3 млн.

Электронную карціну «Кожны дзень: першыя 5 тысяч дзён» (Everydays: The First 5000 Days) мастака Beeple і прывязаны да яе NFT-токен прадалі за $69,3 млн.

Як расшыфроўваецца абрэвіятура?

NFT — non-fungible token, альбо неўзаемазамяняльны токен, альбо ўнікальны токен.

Чаму ён унікальны? Таму што не можа быць заменены ні на што іншае. Напрыклад, біткойн неўнікальны, узаемазамяняльны. Калі адзін біткойн абмяняць на іншы біткойн — ён будзе такім самым, нічога не зменіцца. Ці рубель. Памяняйце 100 рублёў на дзве пяцідзясяткі, альбо пяць дваццатак. Гэта ўсё роўна будзе 100 рублёў.

А NFT — унікальны і адзіны ў сваім родзе. Як карціна Напалеона Орды «Ружанскі палац» — яна мае толькі адзін экзэмпляр.

Як працуе NFT і навошта ён?

Традыцыйныя творы мастацтва, такія як карціны, каштоўныя менавіта таму, што яны адзіныя ў сваім родзе. І праз гэта было заўсёды цяжка прадаваць лічбавыя творы мастацтва — лічбавыя файлы можна лёгка і бясконца дубляваць, ад чаго губляецца ўся каштоўнасць.NFT вырашае гэтую праблему.

NFT лепш за ўсё апісаць як унікальны ключ, які дае права ўласнасці на нейкі лічбавы элемент і робіць яго паўнавартасным актывам.

NFT, фактычна, гэта запіс у блакчэйне крыптавалюты, які паказвае права ўласнасці на нейкі лічбавы актыў. Тэхналогія выкарыстоўваецца не толькі з творамі лічбавага мастацтва, але і з тэкстам ці відэа.

Большасць NFT працуюць на блакчэйне Ethereum. Ethereum гэта крыптавалюта (як і біткойн ці нейкія іншыя). Варта адзначыць, што свае NFT могуць працаваць і на аснове іншых блакчэйнаў.

NFT вырашае складаную праблему з лічбавым мастацтвам: як валодаць арыгіналам. Для стваральнікаў лічбавага мастацтва, якія свабодна загружаюць свае працы або прадаюць іх у выглядзе ідэнтычных копій, паняцце арыгінала цяжка вызначыць. Эксклюзіўнасць немагчыма забяспечыць, калі лічбавымі файламі можна свабодна абменьвацца ў інтэрнэце. Менавіта NFT дае магчымасць вызначыць, хто ж з’яўляецца ўласнікам твора лічбавага мастацтва.

Няма двух цалкам ідэнтычных NFT, паколькі кожны элемент мае ўнікальныя лічбавыя ўласцівасці. Нават калі мастак публікуе два творы мастацтва без фізічных адрозненняў, метаданыя, закадаваныя ў кожным NFT, усё роўна розныя.

Што можа прадавацца з дапамогай NFT?

Цяпер NFT становіцца папулярным у сферы продажаў лічбавага мастацтва, але NFT можа быць любы лічбавы актыў (напрыклад, малюнкі, музыка, штучны інтэлект). І нават твіт. Сузаснавальнік Twitter Джэк Дорсей прадаў свой першы твіт больш чым за 2,9 мільёна даляраў.

І што, гэта сапраўды можа стаць новай формай калекцыявання твораў мастацтва?

Некаторыя людзі сапраўды на гэта спадзяюцца, асабліва тыя, хто купляе зараз NFT-творы за велізарныя грошы. Напрыклад, відэа за мільёны даляраў.

NFT дае многім калекцыянерам адчуванне ўласнасці, а гэта часта цэніцца больш, чым сам твор мастацтва — такая чалавечая псіхалогія.

Аб'ёмы продажаў NFT выраслі да 10,7 мільярда даляраў у трэцім квартале 2021 года, паводле даных DappRadar.

На найбуйнейшым рынку NFT Open Sea у кастрычніку 2021 года аб'ём продажаў склаў 2,6 мільярда даляраў.

Дык што, а я магу запампаваць і праглядзець гэты файл, за які чалавек заплаціў мільёны даляраў?

У прынцыпе так. NFT не забараняе камусьці капіяваць файл, ці зрабіць скрыншот. Вы можаце капіяваць лічбавы файл і без праблем і праглядаць яго. Але права ўласнасці на твор будзе толькі ва ўласніка.

Гучыць трохі абсурдна, але тут усё як і ў рэальным жыцці, як з фізічнымі творамі мастацтва: любы можа купіць копію карціны Шагала, ці раздрукаваць яе дома на прынтары па карцінцы з інтэрнэту, але толькі адзін чалавек можа валодаць арыгіналам.

Альбо як з дакументамі. Малюнак вашага пашпарта змяшчае ваша імя, узрост і ідэнтыфікацыйны нумар. Простае валоданне выявай вашага пашпарта не робіць іншага чалавека вамі, і гэты прынцып выкарыстоўваецца і ў NFT.

Але ж фізічны арыгінал карціны Шагала будзе мець лепшую якасць, чым копія ці рэпрадукцыя, а з NFT віртуальная копія будзе мець такую самую якасць, як і арыгінал?

Так. Гучыць абсурдна і нелагічна, але якасць будзе аднолькавай.

Якія самыя вядомыя прыклады выкарыстання NFT?

У сакавіку мінулага года аўкцыённы дом Christie's прадаў электронную карціну «Кожны дзень: першыя 5 тысяч дзён» (Everydays: The First 5000 Days) мастака Beeple і прывязаны да яе NFT-токен за $69,3 млн. Гэта самы дарагі NFT у гісторыі.

У лістападзе 2021 года аўкцыённы дом Christie's прадаў яшчэ адну працу мастака Beeple. NFT-токен купілі за $28,9 млн. Арт-аб'ект складаецца з ўстаноўкі, на якой транслюецца малюнак чалавека ў скафандры.

Чытайце таксама: 

У чэрвені мінулага года аўкцыённы дом Sotheby's прадаў NFT «Чужы» #7523 («Alien») з калекцыі CryptoPunks за $11,8 млн.

У красавіку 2021 года экс-супрацоўнік АНБ і ЦРУ ЗША Эдвард Сноўдэн прадаў свой першы NFT-токен за $5,5 млн на момант здзелкі. 

Улетку мінулага года распрацоўшчык Цім Бернерс-Лі на аўкцыёне Sotheby's прадаў токен з зыходным кодам пратаколу WWW (World Wide Web). Таргі пачыналіся з $1 тысячы. Выніковая цана лота склала $5,4 млн.

Што NFT дае мастакам?

NFT дае мастакам магчымасць прадаваць вынік сваёй працы на аўкцыёнах і зарабляць грошы на жыццё. У сучасных умовах, калі лічбавыя творы мастацтва лёгка тыражаваць і піраціць, ім гэта рабіць не так і проста.

Акрамя таго, у NFT ёсць функцыя, якая дазваляе мастаку атрымліваць грошы штораз ад кожнай транзакцыі з ягоным творам. Калі праца мастака стане вельмі папулярнай і будзе расці ў цане, мастак зможа зарабляць і зарабляць.

Паспяхова прадаўшы NFT, мастак можа забяспечыць сябе на гады наперад і спакойна жыць, займаючыся творчай дзейнасцю, не паміраючы з голаду.

Што NFT дае тым, хто іх купляе?

Гэта магчымасць стаць мецэнатам і, калі ў вас шмат грошай, падтрымаць дзейнасць мастакоў і іншых работнікаў культуры. Плюс, вядома, у вас з’яўляецца магчымасць выхваляцца тым, што вы валодаеце творам мастацтва. Няхай і віртуальным. Таксама NFT з’яўляецца няхай і віртуальным, але актывам, які можна перапрадаць ці абмяняць на іншы.

Дзе яшчэ выкарыстоўваецца NFT?

У гульнях. Ужо ёсць гульні, якія дазваляюць вам мець віртуальныя прадметы з дапамогай NFT, альбо віртуальныя дзялянкі зямлі. Гульцы маюць магчымасць купіць унікальную гульнявую зброю, шлем ці нешта яшчэ з дапамогай NFT. 

А ў чым праблема?

NFT часта пераходзяць з рук у рукі, у тым ліку за крыптавалюты, таму многія мяркуюць, што NFT — такая самая бурбалка і спекулятыўны актыў. Любы можа стварыць і прадаць NFT, няма ніякіх гарантый яго вартасці.

На рынку, дзе многія ўдзельнікі выкарыстоўваюць псеўданімы, махлярства — вельмі частая з’ява.

Большасць NFT — гэта проста спасылкі на малюнкі. Не заўсёды яны належным чынам абаронены ад несанкцыянаванага доступу.

Яшчэ адна праблема — права ўласнасці можа быць цяжка даказаць у доўгатэрміновай перспектыве. Рэч у тым, што камп’ютарныя фарматы прыходзяць і сыходзяць, і праз нейкі час, на новых камп’ютарах, папулярныя цяпер фарматы JPEG ці MOV могуць проста не адкрыцца праз некалькі дзясяткаў гадоў.

NFT выкарыстоўваюць тэхналогію блакчэйна, таму яны вельмі энергазатратныя. NFT, як і крыплавалюты, генеруюць шмат выкідаў парніковых газаў.

Дзе апынуцца NFT, будуць яны бурбалкай ці не — можна толькі здагадвацца. 

Як можна купіць NFT?

З дапамогай крыптавалют. Існуе некалькі гандлёвых пляцовак для розных крыптакашалькоў. Найбуйнейшыя з іх:

  • OpenSea 
  • Axie Marketplace (Ethereum blockchain) 
  • Larva Labs/CryptoPunks 
  • Rarible 
  • SuperRare 
  • Nifty Gateway
  • Guardian Link
  • Foundation

А як стварыць?

Для гэтага трэба завесці крыптакашалёк, а потым выбраць адну з крыптаплатформ, куды можна запампаваць сваю працу.

NFT будзе звязаны з крыптавалютамі?

Не факт. Кітайскія ўлады плануюць стварыць уласны NFT-рынак, не звязаны з крыптавалютамі. Блакчэйн BSN (Blockchain Services Network), які падтрымліваецца ўладамі Кітая, у канцы студзеня прадставіць інфраструктуру для стварэння NFT. 

На базе BSN будзе створана платформа, якая дазволіць кітайскім распрацоўнікам ствараць уласныя маркетплейсы і іншыя праграмы для працы з NFT-токенамі. Кітайскі юань стане адзінай валютай для разлікаў на платформе.

Герасіменя прадала на аўкцыёне алімпійскі медаль за 27 500 даляраў

Першае ў гісторыі СМС прадалі на NFT-аўкцыёне за 132 тысячы еўра

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1