Фота toursoyuz.by

Фота toursoyuz.by

«ЦэнтрКурорт» працуе больш за 18 гадоў. Гэта адна з найбуйнейшых турыстычных кампаній у Беларусі, арганізуе і замежныя туры, але найбольш спецыялізуецца на прыцягненні турыстаў з-за мяжы ў Беларусь, адзін з асноўных кірункаў — продаж пуцёвак у санаторыі, у тым ліку ў беларускія санаторыі, што знаходзяцца за мяжой. Кампанія ўваходзіць у структуру кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. У снежні 2021 года ЕС прыняў пяты пакет санкцый, у спісе з’явілася і гэтая турфірма.

За што кампанія «ЦэнтрКурорт» трапіла пад санкцыі?

У ЕС мяркуюць, што гэта дзяржаўная фірма звязаная з арганізацыяй нелегальнага трафіку мігрантаў. 

Летам 2021 года цэнтр «Дасье» і Der Spiegel апублікавалі расследаванне, у якім сцвярджалі, што «ЦэнтрКурорт» каардынуе паток нелегальных мігрантаў. У распараджэнні журналістаў апынуліся дакументы, з якіх вынікае, што ў пачатку мая 2021 года «ЦэнтрКурорт» заключыў дамову аб супрацоўніцтве «ў развіцці міжнароднага турызму паміж краінамі арабскага свету і Рэспублікай Беларусь» з беларускай турыстычнай кампаніяй «Оскартур». Яе ўзначальвае Салах Мухэймен Аль-Асадзі.

Неўзабаве «Оскартур» стаў справаздачыцца перад «ЦэнтрКурортам» аб кантактах з авіякампаніяй Fly Baghdad, а праз некалькі тыдняў пасля гэтага іракскі перавозчык запусціў рэгулярныя рэйсы ў Мінск. Акрамя таго, «Оскартур» звярнуўся ў «ЦэнтрКурорт» з просьбай дапамагчы атрымаць візы 51 грамадзяніну Ірака, хоць выдачай віз займаецца Міністэрства замежных спраў, а не Кіраўніцтва спраў прэзідэнта.

У адным з выпадкаў «Оскартур» папрасіў «ЦэнтрКурорт» дапамагчы з афармленнем візы іракцу па імені Махамед Насер Алван Окбі, якому раней турыстычная кампанія прапанавала кантракт на маркетынгавыя паслугі, а копію кантракта адправіла ў «ЦэнтрКурорт».

Пасля ў «ЦэнтрКурорт» па візы для 10 грамадзян Ірака звярнулася яшчэ адна беларуская кампанія — «Берагавая зорка». З дакументаў вынікае, што праз прэзідэнцкі «ЦэнтрКурорт» прайшло больш за 200 заявак на візы для іракскіх грамадзян. Мэтай прыезду амаль усіх «турыстаў», у тым ліку дзяцей, было пазначана «правядзенне паляўнічых тураў».

У некаторых заяўках на візы таксама ўказваліся гасцініцы размяшчэння — «Мінск» і «Беларусь», якія папулярныя сярод іракскіх «турыстаў».

У групах, прысвечаных паездцы з Ірака ў Еўропу праз Беларусь, самі іракцы пішуць, што ў гатэлях не затрымліваюцца: звычайна яны праводзяць там пару начэй, а пасля едуць да памежнага пункта «Беняконі» і спрабуюць пералезці праз паўтараметровы плот, які аддзяляе Беларусь ад Літвы. Калі пашанцавала, перад мігрантамі адкрываюцца ўсе дзверы ў Еўропу: межы паміж краінамі Еўрасаюза практычна не ахоўваюцца.

Фота Delfi.lt

Фота Delfi.lt

У дадатак «ЦэнтрКурорт» заключыў дамову на аказанне транспартных паслуг з беларускай кампаніяй «Стройтур», якая прапануе арэнду аўтобусаў з кіроўцамі. У далейшым гэтая фірма выстаўляла «ЦэнтрКурорту» рахункі за аказанне транспартных паслуг па маршруце Мінск — Аэрапорт Мінска — Мінск. Паездкі праходзілі як мінімум тройчы: 14, 15 і 21 мая.

Практычна ва ўсіх запытах на візы для іракцаў згадваюцца дзве кантактныя асобы з «ЦэнтрКурорта» і «Оскартура». Der Spiegel удалося паразмаўляць з былым супрацоўнікам «ЦэнтрКурорта», чыё імя сустракаецца ў запытах. Ён папрасіў не раскрываць сваю асобу, але пацвердзіў сапраўднасць дакументаў. Паводле яго слоў, «ЦэнтрКурорт», які належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, дапамог атрымаць візы сотням грамадзян Ірака. У зоне прылёту «турыстаў» чакалі заказаныя «ЦэнтрКурортам» аўтобусы, якія развозілі іх па гатэлях у цэнтры Мінска. 

«Мне хутка стала ясна, што гэта не турыстычныя паездкі, — кажа экс-супрацоўнік турфірмы. — Я зразумеў, што гэта ўсё незаконна, і звольніўся ў канцы траўня». 

Дырэктар «ЦэнтрКурорта» Наталля Ярмак паведаміла Der Spiegel, што «прадпрыемства не працуе па запрашэннях у Рэспубліку Беларусь гасцей з Ірака, Сірыі, Лівіі, Афганістана». Калі журналіст Der Spiegel задаў пытанне дырэктару «Оскартура» аб іх супрацоўніцтве з «ЦэнтрКурортам», Салах Мухэймен Аль-Асад павесіў трубку.

На што пойдуць сотні тысяч долараў з бюджэту?

Апублікаваны план закупак «ЦэнтрКурорта» на 2022 год. Некалькі год таму кампанія запусціла партал VETLIVA.ru, дзе можна замовіць адпачынак у Беларусі. На рэкламу сайта ў бартавым часопісе «Белавіі» выдзяляць 25 тысяч рублёў, яшчэ 31 тысячу на рэкламу ў метро, такую ж суму на сувенірную прадукцыю VETLIVA, 20 тысяч на рэкламу ў маршрутках, самая вялікая сума (больш за 264 тысячы) — на раскрутку партала анлайн, яшчэ 80 тысяч на абнаўленне сайта, больш за 8 тысяч рэкламу сайта ў відэафільмах, 9 тысяч на рэкламу партала ў праграмах тэлеканала АНТ. 

Дадаткова з бюджэта і дзяржаўных па-за бюджэтных фондаў выдзяляць 31 тысячу рублёў на рэкламу «ЦэнтрКурорта» на білбордах, рэклама на тэлеканале АНТ каштуе 31 тысячу рублёў, 30 тысяч заплацяць за рэкламу на экранах у гандлёвых цэнтрах, а рэклама на радыё «Юністар» і «Рускім радыё» пацягне на 70 тысяч рублёў.

Такім чынам, агулам выходзіць амаль 600 тысяч рублёў, гэта больш за 230 тысячы долараў па сённяшнім курсе. Агулам па плане закупак «ЦэнтрКурорт» на 2022 год гатовы выдаткаваць 690,5 тысяч рублёў, так што асноўныя ўкладанні з бюджэту пойдуць на рэкламу. 

Расследаванне: турфірма Кіраўніцтва справамі прэзідэнта можа быць звязаная з кантрабандай мігрантаў

«Цікавая гісторыя, шмат у чым не звязаная з Расіяй»: як прыдзяржаўная структура рэкламуе краіну за мяжой

Санаторый «Беларусь» у Літве зноў працуе. Але беларусы там адпачываць пакуль не могуць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0