Анатоль Глаз. Фота: МЗС Беларусі / Facebook

Са спасылкай на расійскіх калег Глаз назваў гэта дэзінфармацыяй, а ад сябе дадаў: «Дзіўны набор фантазій і страшылак».

«Амерыканскі бок на сістэмнай аснове ў апошнія тыдні рознымі спосабамі ўкідвае хлусню ў інфармацыйную прастору. Цалкам ясна, што ён гэта робіць для нагнятання абстаноўкі, унясення напружанасці ў тым ліку туды, дзе яе няма. Стандартная тактыка. Гэта трэба ЗША для апраўдання шэрагу сваіх незаконных дзеянняў і рэваншу за ўсе адкрытыя правалы апошняга часу. Незразумела толькі, чаму яны лічаць усіх вакол дурнейшымі сябе і разлічваюць, што гэтыя заезджаныя прыёмы зноў пройдуць», — заявіў Глаз.

Паводле яго, напад на Украіну з поўначы — гэта міф, «гэты фэйк паўтараецца з года ў год». «Гэта поўная дурасць», — адказаў Глаз у стылі расійскай дыпламатыі.

«Мы неаднаразова наўпрост казалі, што з нашай тэрыторыі ніколі не будзе зыходзіць пагроза, цяпер гэтая норма ўнесеная ўжо нават у праект Канстытуцыі. Куды ўжо прадметней?» — дадаў ён.

Крыніцай дэстабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне, лічыць Глаз, з'яўляецца не Беларусь ці Расія, а «пастаяннае і неабгрунтаванае нарошчванне замежнай вайсковай прысутнасці па перыметры нашых межаў».

Глаз закінуў «калектыўнаму Захаду» тое, што той не выконвае Будапешцкі мемарандум, «прамыя абавязацельствы, пад якімі самі ж паставілі подпісы».

Пры гэтым, паводле прэс-сакратара МЗС, амерыканскія калегі заклапаціліся «патэнцыйным размяшчэннем узброеных сіл і ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны».

Адказ Глаза на гэтае абвінавачванне гучаў двухсэнсоўна: «Калі я не памыляюся, то менавіта ЗША і ЕС у апошні час заўзята адстойваюць святое права кожнай дзяржавы самастойна вызначаць, з кім і ў якія абʼяднанні або саюзы ўступаць. Ці гэта пра іншае?» Можна гэта зразумець і як тое, што Беларусь сама вырашыць, размяшчаць ці не ў сябе ядзерную зброю.

«Так што даваць справаздачу ЗША мы не абавязаныя і не збіраемся. Калі што-небудзь выклікае трывогу — мы заўсёды гатовыя гэта цывілізавана абмеркаваць. Дыпламатычная прысутнасць ёсць у абедзвюх краінах», — рэзюмаваў Глаз.

Дзярждэп: Для Аляксандра Лукашэнкі надышоў «момант, калі трэба вырашаць»

ЗША папярэджваюць Беларусь: вайна супраць Украіны можа стаць канцом рэжыму Лукашэнкі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?