Ілюстрацыйны здымак. Фота: PolskaPolicja / Twitter

Ад будаўніка да кантрабандыста

Андрэй пражыў у Польшчы некалькі гадоў, лічыўся кваліфікаваным работнікам на будоўлі і зарабляў добрыя грошы. Прыкладна ў той час, калі пачаўся міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы, мужчына звольніўся і пачаў шукаць новую працу. Вяртацца на будоўлю ён не хацеў і знайшоў занятак, звязаны з перавозкай налегалаў.

«Усе гавораць пра ўкраінцаў ці грузінаў, але не толькі яны перавозілі мігрантаў. Тут актыўнічалі і беларусы, на жаль, —

распавядае Наталля. — Мой муж даведаўся пра перавозку мігрантаў у адной з кампаній беларусаў у Польшчы, якія раней гэтым займаліся. Так ён і патрапіў у гэты небяспечны бізнэс».

Андрэй пачаў вывучаць схему работы па перавозцы мігрантаў: знайшоў заказчыкаў і каналы. З верасня 2021 года ён пачаў перавозіць нелегалаў, якія, абыходзячы КПП, пераходзілі мяжу Беларусі і ЕС.

«У асноўным гэта былі сірыйцы, і ён лічыў, што на іх можна зарабіць вельмі добрыя грошы. Спачатку Андрэй баяўся ездзіць і прапаноўваў мне паспрабаваць, я адмовілася — не хацела ўвязвацца ў гэты небяспечны бізнэс. Я працую на заводзе і мяне ўсё задавальняе, а ён у выніку паспрабаваў і ўцягнуўся. Баялася за яго, але мяне слухаць ён не хацеў. Я адразу разумела, да чаго прывядзе гэты занятак».

Першыя паездкі ў Андрэя прайшлі паспяхова, ён падабраў сірыйцаў недалёка ад памежнай зоны і даставіў у Варшаву. Беларус на такой паездцы зарабіў добрыя грошы. Колькі менавіта, жонка Андрэя не паведамляе.

Кажа, што на пачатковым этапе сума за аднаго мігранта магла даходзіць да 600 еўра, але шмат што залежала ад маршруту.

Паводле інфармацыі рэдакцыі MOST, у кастрычніку 2021 года за аднаго мігранта ў машыне ад Беластока да нямецкай мяжы замоўца плаціў каля 200 еўра. За адзін рэйс можна было перавезці 4-5 чалавек. Паездка абыходзілася перавозчыку ў 800-1000 эўра.

«Лёгкія грошы і адрэналін зрабілі сваю справу, — кажа Наталля. — Андрэй з галавой сышоў у новую працу. У гэтым бізнэсе працавала кампанія беларусаў па абодва бакі мяжы. Быў створаны спецыяльны маршрут па перавозцы мігрантаў з Беларусі ў Польшчу. Хтосьці паспеў на гэтым бізнэсе зарабіць вельмі вялікія грошы».

Куратар у Варшаве

Наталля кажа, што ўмоўны кіраўнік гэтага нелегальнага бізнэсу ўвосень 2021 года знаходзіўся ў Варшаве, ён сам — выхадзец з краін Блізкага Усходу. Гэты чалавек курыраваў увесь працэс перавозкі нелегалаў па Польшчы. На яго выходзілі мігранты і паведамлялі, дзе знаходзяцца, куратар перадаваў інфармацыю курʼерам каля мяжы, а тыя ўжо забіралі мігрантаў і везлі ў першую кропку. Кожны адрэзак дарогі ацэньваўся па-рознаму.

На пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕЗ нелегалы самі плацілі грошы кіроўцу, але пасля ўсё стала працаваць праз куратара ў Варшаве. Ён даваў перавозчыкам перадаплату на бензін, а пры ўдалай перавозцы людзей плаціў абумоўленую суму.

У асноўным усе мігранты, якія пераходзілі польска-беларускую мяжу, ехалі ў Нямеччыну. І першым пунктам, куды трэба было іх даставіць, быў Беласток. А адтуль — у Варшаву. Для мігрантаў у сталіцы Польшчы была знятая спецыяльная кватэра з усімі ўмовамі. Іншаземцы там знаходзіліся на працягу некалькіх дзён, ім давалі чыстае адзенне, стрыглі і рыхтавалі да наступнага этапу — паездкі ў Германію.

«І вось іншы курʼер перавозіў мігрантаў з Варшавы ў Нямеччыну. Зрабіць гэта са сталіцы было куды лягчэй, чым везці ад мяжы. Там пасля пачатку крызісу правяралі амаль кожную машыну», — успамінае Наталля расказы Андрэя.

Затрыманне і дэпартацыя

У кастрычніку перавозіць мігрантаў ад мяжы з Беларуссю стала больш складана: памежнікі і паліцыя правяралі ці не ўсе машыны. Таму кантрабандысты прыдумалі адмысловую схему: спачатку ехала пустая машына з кіроўцам, які правяраў, дзе стаяць пасты паліцыі, а далей інфармацыя перадавалася іншаму кіроўцу, у машыне якога былі мігранты.

«У лістападзе галоўны замоўца падаў Андрэю для перавозкі мігрантаў аўтамабіль на харвацкіх нумарах. За дзень да затрымання муж разбіў гэты аўтамабіль, і яго паставілі «на лічыльнік».

Дзіўна, але ў яго не было грошай, каб вярнуць пазыку. Муж увесь час знікаў — працаваў, але быў без грошай. Можа, ён іх траціў на нешта іншае, не ведаю. Я прасіла яго не займацца гэтым бізнэсам, перажывала за яго, але мяне ён не слухаў. Казаў, што для сямʼі працуе, але мы гэтых грошай не бачылі».

На апошнюю паездку Андрэй пазычаў грошы ў Наталлі, абяцаў вярнуць. На заданне ён узяў сямейную машыну. У той жа дзень Андрэя затрымалі на трасе Беласток — Варшава, ён перавозіў мігранта з Сірыі. Наталля даведалася пра затрыманне мужа праз некалькі гадзін, ёй патэлефанавалі з паліцыі.

«Яго затрымалі і праз гадзін пяць далі толькі патэлефанаваць. Ён неадэкватна размаўляў, побач з ім быў паліцыянт і мігрант, якога перавозіў. Потым мне ператэлефанаваў паліцыянт і паведаміў, што муж затрыманы за перавозку нелегала. Я спытала пра сямейную машыну, мне сказалі, што будзе следства і потым стане зразумела, што з ёй стане».

Машыну на час следства канфіскавалі, але абяцаюць вярнуць Наталлі па даверанасці.

Сам вінаваты, яго папярэджвалі

Андрэя вызвалілі праз чатыры дні пасля затрымання. Быў суд, паводле яго рашэння беларуса дэпартавалі. У канцы снежня Андрэя прывезлі на мяжу пад канвоем і пасадзілі ў першую машыну, якая ехала ў напрамку Беларусі. Андрэй быў без рэчаў і тэлефона.

«Вядома, ён быў у стрэсавым стане. Узяў тэлефон у людзей, набраў мяне, плакаў і прасіў прабачэння. Сказаў, што яго дэпартавалі, прасіў, каб мы з сынам збіралі рэчы і ехалі ў Беларусь», — кажа Наталля.

Вяртацца ў Беларусь Наталля не пагадзілася. Сказала мужу, што ён сам зрабіў свой выбар, а яны з сынам будуць самастойна будаваць новае жыццё ў Польшчы.

Андрэю пашанцавала, ён абышоўся дэпартацыяй, а не турэмным тэрмінам. Вядома, што некалькі беларусаў цяпер прыцягнутыя ў Польшчы да крымінальнай адказнасці за перавозку нелегальных мігрантаў.

«Я ведала, чым Андрэй займаўся, але нічога не магла зрабіць з гэтым. Яму пашанцавала, што яго не пасадзілі ў турму, ён трапіўся толькі з адным мігрантам і абышоўся дэпартацыяй на пяць гадоў. Хто перавозіў больш нелегалаў, таму свеціць рэальны тэрмін».

Наталля думае, што Андрэя «здалі» мясцовыя канкурэнты, якія таксама зараблялі на мігрантах. У 2022 годзе беларус рыхтаваўся атрымаць від на жыхарства ў Польшчы, але ў выніку яго дэпартавалі.

«Нават калі мужа дэпартавалі, мне тэлефанавалі і пагражалі яго былыя калегі па бізнэсе. Андрэй аказаўся вінен шмат грошай. Але яго даўгі не павінны мяне тычыцца, я не ўбачыла ні капейкі заробленых на мігрантах грошай».

Мільёны еўра на мігрантаў

У сярэдзіне студзеня 2022 года польскія памежнікі затрымалі 9 чалавек у сувязі з арганізацыяй нелегальнай міграцыі з Беларусі ў ЕС. Па даных Генпракуратуры Польшчы, група дзейнічала з верасня 2021-га па студзень 2022-га года. На дзейнасць выдзелена 8,7 млн еўра, з іх 4,3 млн — на перавозку мігрантаў у Германію.

Міграцыйны крызіс

У мінулым годзе польскія памежнікі зафіксавалі амаль 40 тысяч спроб нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы. У снежні — 1,7 тыс. спроб, у лістападзе — 8,9 тыс., у кастрычніку — 17,5 тыс., у верасні — 7,7 тыс., у жніўні — 3,5 тыс.

За 2021 год у Германію праз тэрыторыю Беларусі і Польшчы прыбылі 11213 нелегальных мігрантаў, да канца года паток стаў зніжацца.

Колькасць мігрантаў пачала расці летам. У жніўні ў Германію ўехалі 474 нелегальныя мігранты, пасля чаго іх колькасць рэзка ўзрасла — да 2049 чалавек у верасні. У кастрычніку паток мігрантаў вырас да 5294 чалавек, да лістапада ён знізіўся да 2849, у снежні зафіксавалі ўезд 521 нелегальнага мігранта.

Андрэй пацвердзіў сапраўднасць гэтай гісторыі, аднак падрабязна размаўляць з рэдакцыяй адмовіўся. Імёны герояў змененыя па іх просьбе.

«Іх білі і не давалі вяртацца». Мінчанка выратавала сям'ю курдаў, якія 22 дні прабылі на беларуска-польскай мяжы

«Мы тыя нямногія, каму пашанцавала». Мігранты расказалі пра брутальнае падарожжа з Беларусі ў Еўропу

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?