Доктарка фізіка-матэматычных навук Наталля Абрашына-Жадаева. Фота: сайт фізічнага факультэта БДУ.

Прафесарка кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ, доктарка фізіка-матэматычных навук Наталля Абрашына-Жадаева запісала зварот у абарону свайго звольненага калегі Максіма Шундалава.

«Мы жылі тут і будзем жыць. І хочам, каб была змяняльнасць улады, а не перапісванне Канстытуцыі па жаданні «аднаго». Колькі нашых грамадзян уцякло з краіны, колькі сягоння звальняюць, каб дагадзіць «аднаму».

Сёння вы прамаўчалі, а заўтра з вамі гэтак жа разлічацца. Так ужо было ў гісторыі. Кожны сам выбірае: служыць ці прыслугоўваць. Як кажуць: служыць Богу ці прыслугоўваць Юду!» — кажа прафесар Абрашына-Жадаева.

Яна заклікае ўсіх падтрымліваць звольненых і адмаўляцца займаць іх працоўныя месцы.

71-гадовая Наталля Абрашына-Жадаева працуе ў навуцы з 1972 года. Яна ветэран працы, сёлета спаўняецца 50 гадоў яе працоўнага стажу.

Сваю доктарскую дысертацыю «Шматкампанентныя вектарныя схемы расшчаплення ў метадах матэматычнай фізікі» яна абараніла ў Расіі. 17 гадоў (2003—2020) загадвала кафедрай вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі Белдзяржуніверсітэта.

Чытайце таксама: «Не хачу перагортваць старонку, проста каб пракарміцца». Максімальна шчырае інтэрв’ю звольненага рэаніматолага Мартава

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», усяго ў краіне ў спісах на звальненне па палітычных матывах — каля 40 тысяч чалавек.

На гэты момант у розных галінах прамысловасці, у сферы транспарту, установах культуры і адукацыі звальняюць людзей, якія ставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Законы краіны забараняюць пераслед па палітычных прыкметах, таму з часам звольненыя, імаверна, змогуць разлічваць на кампенсацыю ад дзяржавы.

Чытайце таксама: «Запомніла яго як анёла-ахоўніка». Гісторыі дзетак, якіх выратаваў доктар Вітушка. Цяпер яго звальняюць з РНПЦ «Маці і дзіця»

Сярод звольненых па палітычных матывах — зоркі медыцыны Андрэй Вітушка, Уладзімір Мартаў, галоўны доктар 3-й дзіцячай бальніцы Максім Ачарэтні, які адмовіўся звальняць медыкаў за палітыку, кіраўнікі Тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі і Тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў, дырэктарка музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, якая таксама адмовілася звальняць сваіх супрацоўнікаў. Таксама вядома пра звальненне прафесара славянскай філалогіі БДУ Алы Кожынавай.

У асобных структурах Беларускай чыгункі ўтварыліся кадравыя пусткі. Так, «Наша Ніва» заўважыла на вэб-старонцы Брэсцкага аддзялення чыгункі прабелы замест людзей на пасадах першага намесніка начальніка аддзялення і яшчэ трох намеснікаў начальніка.

«Знікненне» звязваюць з тым, што яны адмовіліся звальняць супрацоўнікаў па палітычных матывах пасля таго, як на прадпрыемства пад грыфам «для службовага карыстання» даслалі спісы людзей на звальненне.

Чытайце таксама: «Ніхто не казаў, што назад нельга браць». Кіраўнікі расказваюць, як выкручваюцца падчас звальненняў за палітыку

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?