Сход у дарожна-будаўнічым упраўленні Высокага. Фота: kamenec.by.
Сход наконт паправак у Канстытуцыю праходзіў 19 студзеня ў дарожна-будаўнічым упраўленні горада. Прыехала дэлегацыя на чале са старшынёй Камянецкага райвыканкама Віталём Кулаком.
На сустрэчы Віталь Кулак расказаў, як паспяхова ў нас змагаюцца з каранавірусам, што на гэта патрацілі 50% бюджэту раёна. Згадаў, што ў краіне бясплатная медыцына. 41-гадовы інжынер-лабарант прадпрыемства Андрэй Дубіна яго паправіў: маўляў, медыцына не бесплатная, бо фінансуецца з бюджэту, асноўную частку якога фарміруюць нашы падаткі.
Пасля старшыня раёна зачытаў з паперкі папраўкі, якія прапануюцца ў Канстытуцыю. Сярод іх — пра тое, што прэзідэнтам можа быць толькі чалавек старэйшы за 40 гадоў, які не меў дазволу на жыхарства ў іншых краінах за апошнія гады.
«Ці ёсць пытанні?» — спытаў Кулак і паглядзеў на інжынера.
Той і выпаліў: «А чаму б не ўнесці змены, што прэзідэнтам можа быць толькі той, хто дасягнуў 65-гадовага ўзросту, лысенькі і вусаты?»
Кулак абурыўся нечаканай заўвагай. Але потым хтосьці спытаў пра бясплатную медыцыну і пераключыў увагу.
Пасля сходу прыехала міліцыя і забрала інжынера Дубіну. Спачатку яго павезлі ў паліклініку на медагляд (мужчына быў цвярозы), пасля ў апорны пункт. Уночы пасля апытання мужчыну адпусцілі.
Чытайце таксама:
«Навошта нам УНС? Яны там проста спяць». Як баранавіцкія прадпрымальнікі абмяркоўвалі Канстытуцыю
Лукашэнка пра прыняцце новай Канстытуцыі: Калі ўжо шчыра, то мне гэты працэс абсалютна не патрэбны
«Як у Амерыцы нам не трэба». Што кажуць падчас «усенароднага» абмеркавання Канстытуцыі ў рэгіёнах





