«У студзені 2021 нас арыштавалі разам. Мы апынуліся ў Маскоўскім РУУС»

Марыі 19 год, пазнаёмілася яна са сваёй сяброўкай Аляксандрай падчас студэнцкай забастоўкі ў 2020 годзе. Яшчэ да пратэстаў дзяўчаты вучыліся ў адным каледжы, пра існаванне адна адной ведалі, але ніколі паміж сабой не размаўлялі. Атрымалася, што сапраўднае сяброўства Марыя знайшла дзякуючы «рэвалюцыі».

«Пра Сашу я тады ведала толькі, што яе ўжо затрымлівалі адзін раз, — расказвае Марыя. — Памятаю, што яна з аднагрупніцай абмяркоўвала выхад на студэнцкую акцыю. У гэты самы момант я падышла да іх. Так і пазнаёміліся.

Потым мы разам схадзілі з ёй на раённы марш, а пасля Сашу затрымалі. Гэта быў яе другі раз. На той момант мы з ёй бачыліся толькі два разы, але я вельмі эмацыйна адрэагавала на тое, што з ёй здарылася».

Дзяўчына пабачыла ў спісах затрыманых Аляксандру — і расплакалася. Яна прыехала ў інтэрнат і адразу пачала ёй збіраць рэчы.

«А ў сувязі з тым, што мой былы інтэрнат той яшчэ «канцлагер», то я вельмі моцна пасварылася з выхавальніцай і ідэолагам. Яны паабяцалі, што калі паеду ў РУУС везці рэчы, то наробяць мне шмат праблем. Тады ў РУУС я не паехала, але ўсю ноч сачыла за спісамі затрыманых, а раніцай глядзела вынікі суда, збірала грошы ёй у падтрымку і пісала лісты», — успамінае дзяўчына.

Пасля выхаду Аляксандры з ІЧУ на Акрэсціна дзяўчаты пачалі камунікаваць яшчэ больш. Хадзілі на маршы, разам бегалі ад АМАПу і паабяцалі, што ў выпадку затрымання, нават нягледзячы на абставіны, абавязкова пойдуць на суд адна да другой.

«У студзені 2021 нас арыштавалі разам, — гаворыць Марыя. — Мы апынуліся ў Маскоўскім РУУСе. У мяне ўжо да яго цёплыя пачуцці: два разы забіралі мяне з аднаго і таго ж праспекта.

Пакуль былі ў РУУСе, шмат з Сашай смяяліся з міліцыянераў, тады яны пачалі на нас крычаць і казаць, што зараз пасадзяць асобна. Пяць содняў мы прасядзелі ў адной камеры на Акрэсціна. Пасля быў этап у Жодзіна.

Тады заставалася яшчэ 10 дзён адсядзець, але мы былі ў розных камерах. Менавіта ў гэты перыяд я больш за ўсё перажывала за сяброўку. Думала ўсё, як яна там».

«Не абавязкова сябраваць некалькі год, каб зразумець, што гэта назаўжды»

Пасля таго, як дзяўчаты выйшлі, паўстала пытанне аб адлічэнні Аляксандры з каледжа.

«Я ўжо падрыхтавалася рабіць акцыю ў яе падтрымку, але ўсё скончылася добра. Не адлічылі. Але пасля пачаўся неверагодны ціск з боку адміністрацыі каледжа. Ім трэба было, каб мы больш не хадзілі на пратэсты. Пачаліся пагрозы, што яны выселяць нас з інтэрната», — расказвае Марыя.

У сакавіку 2021 года Аляксандру затрымалі трэці раз. Марыя адразу зразумела: у гэты раз яе сяброўцы дадуць не менш за 30 сутак.

«Так і адбылося. Мы ж дабіліся, каб суддзя даў нам з ёй паразмаўляць. І абяцанне прыйсці на суд я, дарэчы, выканала», — кажа яна.

Пакуль Аляксандра сядзела суткі, яе адлічылі з каледжа за пропуск заняткаў, а Марыю выселілі з інтэрната. Таму пасля ўсіх здарэнняў жыць дзяўчаты пачалі разам на асобнай кватэры.

«Прайшоў пэўны час і ў чэрвені 2021 года пасадзілі мяне. І ўжо яна хвалявалася, каб мне не далі крыміналку, — дзеліцца дзяўчына. — Так здарылася, што абодва раза мяне затрымлівалі падчас практыкі. І Саша рабіла ўсё, каб мяне не адлічылі».

Самым цяжкім момантам для сябровак быў ад’езд Аляксандры за мяжу. Дзяўчаты сабраліся і аддалі адна адной падарункі на памяць.

«Я аддала ёй нашы агульныя фотаздымкі з подпісамі. Абняліся, развіталіся, і на гэтым усё. Зараз размаўляем па відэасувязі, паштоўкі і лісты дасылаем», — кажа дзяўчына.

Па словах Марыі, для яе сапраўднае сяброўства — гэта калі чалавек дарагі толькі таму, што ён існуе і да яго можна звярнуцца па дапамогу ў любы момант.

«Неабавязкова сябраваць некалькі год, каб зразумець, што гэта назаўжды. Мы сябруем год, але гэта на ўсё жыццё», — лічыць дзяўчына.

«Звычайна кажуць пра дзекабрыстаў-мужчын, а тут дзекабрысткай стала я»

Арыне 21 год, Жэню — 27. Пазнаёмілася з ім дзяўчына на адной з раённых акцый, якія ў 2021 годзе праходзілі па ўсёй краіне. Разам з Жэнем Арына хадзіла па начах партызаніць, фарбаваць розныя рэчы ў бел-чырвона-белы колер. Па словах дзяўчыны, калі ішлі «на справу», сталі больш мець зносінаў і сябраваць.

«Я жыла ў Мінскім раёне ў невялікім аграгарадку. Пачаліся пратэсты і наш раён стаў аб’ядноўвацца, усе перазнаёміліся, — расказвае Арына. — Аднойчы мне прыйшло паведамленне на тэлефон з пытаннем ад Жэні, ці пайду я сёння «партызаніць». Я нават не задумвалася, адразу пагадзілася. Так і пазнаёміліся. Партызаніць пачалі разам».

У студзені 2021 года ў Арыны затрымалі маці, правялі ператрус. У гэты складаны перыяд жыцця хлопец Жэня пачаў актыўна дапамагаць дзяўчыне.

«Разам выносілі сімволіку з дому, хавалі нейкія рэчы. Вядома, тады я ўвогуле не хацела якіх-небудзь адносін, таму што я разумела: да лютага мы ў любы момант можам з’ехаць, — гаворыць яна. — Але так атрымалася, што мы пачалі сустракацца, і роўна праз тыдзень мы з мамай з’ехалі з краіны.

У мяне дома застаўся сабака, ён быў адзін. Мы не маглі яго адразу забраць, бо не было часу зрабіць дакументы. Паўтара месяца Жэня яго даглядаў, а потым прывёз яго да нас і праз нейкі час з’ехаў сам».

Калі Арына і Жэня пачалі часцей бачыцца, хлопец пачаў заляцацца да дзяўчыны. Набываў для яе бел-чырвона-белыя кветкі і карміў цукеркамі.

«Я яшчэ жартавала, што як гэта кур’ер данёс букет і яго не затрымалі. Яшчэ Жэня ўвесь час маральна мяне падтрымліваў, — успамінае яна. — Асабліва калі ў мяне быў ператрус, а потым і допыт. Адной гэта ўсё перажываць складана.

Памятаю яшчэ, калі партызанілі з Жэняй, ён мне заўсёды прыносіў цукеркі якія-небудзь і каву. Жэня ведаў, што я люблю свайго сабаку. І я неяк жартам сказала, што ў сабакі дзень нараджэння, а Жэня ўзяў і сабраў вялікі пакет падарункаў для майго сабакі, прынёс яму ўсякія цацкі.

Дарэчы, калі на допыт выклікалі Жэню, шмат пытанняў следчыя яму задавалі на тэму таго, як так здарылася, што мы сустракаемся. Іх гэта вельмі цікавіла».

Хлопец прапанаваў Арыне сустракацца за тыдзень да таго, як яны вырашылі з маці з’ехаць з Беларусі. Дзяўчына тады адказала, што сэнсу будаваць нейкія адносіны няма.

«Сітуацыя ў краіне дакладна не спрыяла гэтаму, эмацыйны стан быў дрэнны, плюс жылі як на арэлях: у любы момант нешта магло здарыцца, — кажа Арына. — Але Жэня адказаў, што гэта не праблема: у Беларусі яго нічога не трымае і ён гатовы ехаць за мной. Так і атрымалася. Звычайна кажуць пра мужчын- дзекабрыстаў, а тут дзекабрысткай стала я».

Чытайце таксама: 

Расказваем неймаверную гісторыю кахання двух беларусаў: падпольная друкарня, вярбоўка КДБ, СІЗА, пабег за мяжу праз халодную рэчку

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру