Савен адправіўся ў другое падарожжа праз Атлантычны акіян 1 студзеня з партугальскага Сагрэша. Першае ён здзейсніў больш за тры гады таму ў вялікай, спецыяльна пабудаванай бочцы. Але ў пятніцу ягоную лодку знайшлі ў моры перакуленай.

«На жаль, гэтым разам акіян аказаўся мацнейшым, чым наш сябар, які так любіў мора і падарожжы па ім»,

— гаворыцца ў заяве на старонцы Савена ў Фэйсбуку.

У сераду Савен напісаў у «Фэйсбуку», што моцныя вятры падоўжылі ягонае падарожжа на 900 кіламетраў і што ў яго праблемы з сонечнай панэллю, але запэўніў чытачоў, што нічога страшнага ў гэтым няма і ён ліквідуе непаладкі, як толькі дабярэцца да сталіцы Азорскіх выспаў, Понта-Дэлгадо. А ў ноч на чацвер Савен выпусціў два аварыйныя буйкі, якія падавалі сігналы бедства. З тых часоў сувязі з ім не было.

Былы дэсантнік, а затым прыватны пілот Савен на мінулым тыдні адзначыў сваё 75-годдзе, выпіўшы на сваёй лодцы шампанскага і закусіўшы яго фуа-гра. Ён планаваў перасекчы акіян у сваёй васьміметровай вяслярнай лодцы прыкладна за тры месяцы. Усё гэта прадпрыемства ён лічыў «спосабам пасмяяцца над старасцю». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0