Седэф Кабаш падчас інтэрв'ю.

Седэф Кабаш падчас інтэрв'ю.

Турэцкую журналістку Седэф Кабаш арыштавалі і адправілі за краты пасля інтэрв'ю ў жывым эфіры апазіцыйнага турэцкага канала Tele1. Падчас гэтага інтэрв'ю Кабаш працытавала некалькі народных прыказак, якія чыноўнікі палічылі абразай на адрас Эрдагана, паведамляе CNN.

Так, Кабаш сказала, што скаціна ў палацы не становіцца царом, а толькі ператварае палац у хлеў. Таксама яна заўважыла, што чалавек не становіцца мудрэйшым ад доўгага нашэння кароны.

Генеральная пракуратура Стамбула ўбачыла ў гэтых словах абразу прэзідэнта Турцыі, хоць Кабаш не згадвала ніякага імя. Міністр юстыцыі заявіў, што «праклінае выродлівыя словы, якія накіраваны супраць нашага прэзідэнта, абранага галасамі нашай нацыі».

Журналістку затрымалі ноччу ў суботу, адвезлі ў паліцэйскі ўчастак, а затым у пракуратуру. Адтуль Кабаш даставілі ў суд, які вынес вердыкт аб арышце. Адвакат журналісткі Угур Пойраз заявіў, што будзе «да канца змагацца супраць беззаконня».

Некамерцыйная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» пасля арышту Кабаш адзначыла, што за час прэзідэнцтва Эрдагана ў Турцыі паводле аналагічных абвінавачванняў былі асуджаныя больш за 70 журналістаў.

Эрдаган займае пасаду прэзідэнта Турцыі з 2014 года, а да гэтага 11 гадоў ён быў прэм'ер-міністрам. Стыль кіравання Эрдагана — аўтарытарны, ён душыць апазіцыю ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0