Фота: depositphotos.com

Само пытанне нашэння масак з пачатку пандэміі каранавіруса выклікае нямала спрэчак. Частка людзей сумняваецца ў эфектыўнасці гэтай меры бяспекі. 

Але, як адзначае Федэральнае агенцтва ЗША па кантролі і прафілактыцы захворванняў (CDC),

«любая маска лепшая, чым адсутнасць маскі, мы заклікаем усіх насіць добра падабраную маску, каб абараніць сябе і перадухіліць распаўсюджванне COVID-19». У свеце медыцыны рэкамендацыі гэтай установы — эталон.

Такі падыход існаваў з самага пачатку пандэміі. Аднак 14 студзеня на сайце агенцтва з'явілася новая інструкцыя, якая з'яўляецца адказам на пашыраны ва ўсім свеце варыянт каранавіруса «амікрон».

Тканевых масак ужо недастаткова

У сувязі з распаўсюджваннем новага варыянта агенцтва прызнае, што тканевыя маскі не забяспечваюць такой абароны, якую даюць хірургічныя маскі або маскі стандарту FFP (N95, FFP2 або FFP3).

Паводле ацэнкі CDC, «тканевыя маскі забяспечваюць невялікую абарону. Лепшую даюць добра падабраныя хірургічныя маскі, а самы высокі ўзровень абароны — маскі N95 (еўрапейскія маскі FFP2 ці кітайскія KN95)».

CDC, аднак, адзначае, што

эфектыўнасць абароны для першых двух тыпаў масак (тканевых і хірургічных) можа быць палепшаная шляхам нашэння дзвюх адначасова. Агенцтва рэкамендуе накласці тканевую маску на хірургічную.

— Тканевыя маскі — гэта крыху больш, чым упрыгожанне для твару. У кантэксце «амікрона» для іх няма месца, — гаворыць Ліяна Вэнь, доктар медыцыны і прафесар Школы грамадскай аховы здароўя Інстытута Мілка ў Вашынгтоне, акругі Калумбія, у інтэрв'ю CNN. Паводле яе,

мы павінны насіць як мінімум трохслойныя хірургічныя маскі, аднак, адпраўляючыся ў перапоўненае месца, нам варта надзець маску N95 або KN95.

Дзякуючы лепшай пасадцы і такім матэрыялам, як поліпрапіленавыя валокны, якія дзейнічаюць як механічныя і электрастатычныя бар'еры, гэтыя маскі лепш абараняюць ад пранікення маленькіх часціц з паветра ў нос або рот.

Тое ж самае кажа прафесар Лоўрэнс Госцін, эксперт па грамадскай ахове здароўя і дырэктар СААЗ:

— «Амікрон» — неверагодна заразны агент, магчыма, самы заразны ўзбуджальнік на Зямлі. Тканевая маска практычна не працуе ў яго выпадку. Пры варыянце «дэльта» яна была эфектыўная толькі на 20—30%. А ў выпадку з «амікронам» яна мае нікчэмную эфектыўнасць. Маскі з тканіны бескарысныя супраць патагена, які з'яўляецца аэразолем і пераносіцца ў паветры.

Нават хірургічныя маскі губляюць сваю эфектыўнасць у абароне ад інфекцыі «амікрона», адзначае доктар Колін Фернэс, канадскі эпідэміёлаг. На яго думку,

хірургічныя маскі — добрая абарона, але не такая добрая, як маскі N95 (FFP2), таму што яны часта адыходзяць ад твару, не цесна прылягаюць да яго, а гэта азначае, што яны губляюць эфектыўнасць.

Што ў іншых краінах

У некаторых еўрапейскіх краінах маскі FFP2 на цяперашні момант з'яўляюцца абавязковым стандартам.

У Італіі, калі ў снежні варыянт «амікрон» выклікаў рэкордную колькасць штодзённых інфекцый, было ўведзенае правіла насіць такія маскі ў транспартных сродках, у кінатэатрах, тэатрах, канцэртных залах або на спартыўных мерапрыемствах. Гэтыя правілы будуць дзейнічаць мінімум да канца студзеня.

Тое самае адбываецца ў Славакіі і Грэцыі. Маскі FFP2 з'яўляюцца абавязковымі ў закрытых грамадскіх месцах і грамадскім транспарце.

У Аўстрыі патрабаванне выкарыстоўваць маскі FFP2 дзейнічае ва ўсіх закрытых грамадскіх памяшканнях. Гэтыя маскі таксама неабходныя на адкрытым паветры, калі вы не можаце трымаць адлегласць у два метры ад людзей, якія не жывуць у адным доме.

У Нямеччыне кожная федэральная зямля праводзіць палітыку грамадскай аховы здароўя незалежна. Частка з іх увяла абавязацельства насіць маскі FFP2 у транспарце і грамадскіх месцах.

У Чэхіі патрабаванне насіць маскі FFP2 дзейнічае выбарча. Іх просяць выкарыстоўваць у некаторых грамадскіх установах, на мерапрыемствах з удзелам больш чым 20 чалавек, для невакцынаваных асоб, якія прыбылі ў краіну, да адмоўнага выніку тэста на каранавірус, а таксама для школьнікаў, якія не хочуць праходзіць тэставанне.

Ад пандэміі да эндэміі. Пасля амікрона дзяржавы мяняюць сваю стратэгію адносна кавіду

«Амікрон» ужо пераважае ў Мінску, а ў Беларусі — толькі справа часу

Лукашэнка прызнаўся, што хворым на кавід сустракаў вайскоўцаў, ездзіў на Раство ў царкву і ўручаў прэміі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?