А што з амікронам суседніх краінах? Ці існуе карэляцыя паміж новай хваляй кавіду ў Беларусі і сітуацыяй у суседзяў? Параўноўваем графікі.

Вось так выглядае графік колькасці новых выпадкаў кавіду на 1 мільён жыхароў з верасня 2021 года па гэты час (бяруцца сярэднія лічбы за тыдзень).

На графіку — Беларусь, суседзі і свет.

Графік колькасці новых выпадкаў кавіду на 1 мільён жыхароў з верасня 2021 года па гэты час (бяруцца сярэднія лічбы за тыдзень).

На графіку можна пабачыць, што штодзённая колькасць новых выпадкаў кавіду ў свеце пачала імкліва расці з канца 2021 года.

Калі пад канец 2021 года ў свеце фіксавалі крыху больш за сто выпадкаў кавіду на мільён насельніцтва, то цяпер — у чатыры раз больш.

Найбольш складанай і трывожнай выглядае сітуацыя ў Літве і Латвіі — там імклівы рост колькасці новых выпадкаў пачаўся з верасня, і дасягнуў піку ў канцы кастрычніка 2021 года. Потым колькасць (на фоне ўзмацнення кавідных абмежаванняў) пачала падаць.

Але з канца 2021 года пачаўся новы, яшчэ больш імклівы рост. Колькасць новых выпадкаў з канца снежня 2021 года вырасла ў разы. Латвія фіксуе 2429 новых выпадкаў на мільён насельніцтва — беспрэцэдэнтныя за час пандэміі лічбы. У Літве аналагічная сітуацыя — рэкордныя 2158 выпадкаў на мільён.

На фоне краін Балтыі, лепшай была сітуацыя ў Польшчы. Істотны рост колькасці новых выпадкаў там пачаўся з сярэдзіны восені. Тая хваля дасягнула піку на пачатку зімы. Потым колькасць выпадкаў пачала зніжацца, але з канца года — істотны рост.

Цяпер у Польшчы 776 новых выпадкаў кавіду на мільён насельніцтва — больш, чым падчас папярэдняй хвалі.

У Літве, Польшчы і Латвіі колькасць выпадкаў перавышае сярэднесусветныя паказчыкі.

Ва Украіне, Расіі і Беларусі, паводле статыстыкі, сітуацыя нібыта лепшая. Але і тэстаў там робіцца менш, чым у краінах Балтыі.

Ва Украіне рэкордная колькасць новых выпадкаў была на пачатку лістапада, але потым хваля пайшла на спад. З пачатку 2022 года назіраецца новы рост, але рэкорды лістапада 2021 года яшчэ не пабітыя.

У Расіі папярэдняя хваля на максімуме была таксама на пачатку лістапада, але новая ўжо пабіла папярэднія рэкорды.

У Беларусі фармальна колькасць новых выпадкаў найменшая сярод суседзяў. Што здзіўляе ў беларускай статыстыцы: у графіках суседніх краін можна пабачыць выразныя хвалі з істотнай розніцай паміж максімумамі і мінімумамі, а беларускі графік больш гладкі, розніцы між экстрэмумамі не такія выразныя.

Беларуская статыстыка фіксуе рост колькасці новых выпадкаў з сярэдзіны студзеня 2022 года.

А вось так выглядае працэнт людзей, вакцынаваных ад кавіду.

Працэнт вакцынаваных людзей (адной дозай і цалкам)

Літва і Латвія — сярод лідараў. Там пад 70% людзей вакцынаваныя хаця б адной дозай. Таксама ў гэтых краінах пачалася актыўная кампанія па вакцынацыі бустарам.

У Літве свой бустар атрымала амаль траціна насельніцтва.

Працэнт людзей, вакцынаваных бустарнай дозай.

У гэтых балтыйскіх краінах працэнт вакцынаваных вышэйшы за сярэдні па свеце. У іншых краінах рэгіёна сітуацыя горшая. Польшча вакцынавала хаця б адной дозай 59% насельніцтва.

У Беларусі і Расіі — па 53% і 52% адпаведна.

Найгоршая сітуацыя ва Украіне — толькі 35% насельніцтва атрымалі хаця б адну дозу. Там, як і ва ўсёй Усходняй Еўропе, антываксерскія настроі застаюцца вельмі моцнымі.

Варта таксама адзначыць, што жыхарам Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны даступныя якасныя вакцыны, якія маюць найбольшую эфектыўнасць. Жыхарам Беларусі даступная толькі адна ўхваленая СААЗ вакцына — кітайская. А вось жыхары Расіі могуць прышчапіцца толькі расійскімі вакцынамі — ніводная з іх не сертыфікаваная СААЗ.

Гэта графік, які паказвае афіцыйную смяротнасць. І тут беларуская афіцыйная статыстыка таксама паводзіць сябе дзіўным чынам. Графік афіцыйна абвешчанай колькасці смерцяў ад кавіду ў Беларусі выглядае не так, як ва ўсім свеце. На такіх графіках суседзяў амплітуды нашмат большыя, і толькі ў Беларусі смяротнасць калі і змяняецца, то нязначна.

Афіцыйныя лічбы смяротнасці ад кавіду.

На гэтых графіках мы бачым, што ў рэгіёне былі дзе вялікія хвалі смяротнасці.

Першая пачалася ў канцы 2020 года (ва Украіну яны прыйшла са спазненнем).

Потым у сярэдзіне года смяротнасць зменшылася, і з восені пачаўся новы рост. Смяротнасць дасягнула піку ў рэгіёне ў другой палове лістапада, а потым пачала падаць.

Адметна, што нягледзячы на імклівы рост новых выпадкаў кавіду з прыходам амікрона, колькасць смерцяў працягвае зніжацца. Гэта азначае, што людзі хаця і хварэюць больш, але не так сур'ёзна.

Навукоўцы мяркуюць, што «амікрон» з'яўляецца менш небяспечным для здароўя штамам. Таксама зніжэнне смяротнасці звязанае з вышэйшым за папярэднія хвалі ўзроўнем вакцынацыі, а таксама тым, што больш людзей перахварэла і атрымала натуральны імунітэт ад цяжкага працякання хваробы.

Але каб даведацца рэальныя лічбы, варта глядзець на лічбы так званай залішняй смяротнасці (гэта колькасць смерцяў ад усіх прычын у параўнанні з папярэднімі гадамі на душу насельніцтва).

Менавіта залішняя смяротнасць дазваляе ацаніць рэальны маштаб катастрофы, якую прынесла пандэмія, таму што яна ўключае ў сябе тыя смерці, якіх без кавіду не было б (кагосьці не ўлічыла дзяржаўная статыстка, хтосьці памёр праз перагружаныя шпіталі ад іншых хвароб, хтосьці своечасова не прайшоў дыягностыку, і гэтак далей).

Статыстыка залішняй смяротнасці ў Беларусі з 2020 года засакрэчаная, але нам даступныя лічбы суседзяў.

Цікава, што графік беларускай залішняй смяротнасці нагадваў расійскі графік (пакуль беларускія лічбы не засакрэцілі).

Залішняя смяротнасць на мільён насельніцтва.

Чытайце таксама:

Ад пандэміі да эндэміі. Пасля амікрона дзяржавы мяняюць сваю стратэгію адносна кавіду

Якія маскі абароняць ад надзвычай заразнага «амікрона»? 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру