Украінскія вайскоўцы трэніруюцца з ракетамі «Javelin». Фота: Укрінформ.

Украінскія вайскоўцы трэніруюцца з ракетамі «Javelin». Фота: Укрінформ.

17 студзеня грузавыя самалёты брытанскіх каралеўскіх ВПС C-17 курсіравалі туды і назад паміж Вялікабрытаніяй і Украінай. «Мы прынялі рашэнне пастаўляць Украіне лёгкія сістэмы супрацьтанкавага абарончага ўзбраення», — абвясціў у той жа дзень міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес. На фотаздымках з Украіны бачныя самалёты, напоўненыя лёгкай супрацьтанкавай зброяй новага пакалення (NLAWs), англа-шведскай супрацьтанкавай кіраванай ракетай.

Па словах намесніка Уолеса, Брытанія адправіла тысячы такіх ракет. Амерыка пачала адпраўляць Украіне свае ўласныя супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты Javelin у 2018 годзе, а ў снежні ўхваліла дадатковы пакет узбраенняў на 200 мільёнаў даляраў, у яго таксама ўключаныя ракеты Javelin. Як працуюць супрацьтанкавыя ракеты і ці могуць яны спыніць расійскае ўварванне ва Украіну?

Падчас Другой сусветнай вайны асноўным сродкам спынення танкаў была супрацьтанкавая зброя, якая страляла малакалібернымі кулямі і снарадамі з доўгага ствала на вельмі высокіх хуткасцях. Але паколькі ў пасляваенны перыяд танкі сталі больш цяжкімі праз дадатковую браню, пяхотным войскам спатрэбілася новая зброя, каб спыніць іх. Спачатку з'явіліся наплечныя ракетныя ўстаноўкі, такія як культавая амерыканская «Базука» M1, якую трэба было накіроўваць наўпрост на аб’ект. Затым з'явіліся супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты, якія маглі манеўраваць у палёце.

Яны былі розных відаў. У першага пакалення быў доўгі провад, злучаны з джойсцікам, які выкарыстоўваўся для навядзення ракеты на танк. Яны даказалі сваю эфектыўнасць у вайне Суднага дня 1973 года, калі егіпецкія войскі выкарыстоўвалі савецкія ракеты з правадным навядзеннем, каб нанесці ўдар па ізраільскіх танках. Другое пакаленне дазваляла аператару накіроўваць ракету, проста трымаючы танк у полі зроку, спачатку з дапамогай дроту, а затым з дапамогай радыёсігналу.

Апошнія ракеты наогул не патрабуюць «рулявога» кіравання. Ракеты, распрацаваныя па прынцыпе «страляй і забудзь», такія як NLAW і Javelin, маюць невялікі датчык — напрыклад, камеру ці цеплавізар, — які можа выявіць танк. Не менш важна і тое, што многія з іх з'яўляюцца зброяй «атакі зверху». Ракета апісвае дугу ў небе і апускаецца зверху ўніз, бо менавіта верхняя частка танка звычайна найменш абароненая. NLAW пралятае прыкладна ў метры над танкам з баявой часткай, накіраванай уніз. У любым выпадку, сутнасць у тым, каб нанесці ўдар там, дзе браня самая тонкая.

Усё гэта робіць іх грознай зброяй. Напрыклад, падчас грамадзянскай вайны ў Сірыі паўстанцы знішчылі больш за 3000 адзінак сірыйскай бранятэхнікі, у асноўным савецкай, з выкарыстаннем СТКР з правадным навядзеннем, якія ў асноўным пастаўляюцца арабскімі дзяржавамі. СТКР — гэта зброя для засад, кажа Амаэль Катларскі, рэдактар часопіса Janes Infantry Weapons. Хоць Javelin можа трапіць у танк на адлегласці больш за дзве мілі (прыкладна 3 км), NLAW патрабуе, каб аператар знаходзіўся на адлегласці 800 метраў або каля таго. У лесе або гарадах яго прасцей выкарыстоўваць, чым на раўнінах.

Ракету таксама можна падмануць. Усе сучасныя браняваныя машыны могуць выпускаць дым для маскіроўкі, часам ён утрымлівае і гарачы белы фосфарны дым, які збівае з панталыку цеплавыя датчыкі. У лістападзе на некаторых расійскіх танках блізу Украіны была заўважаная браня з планкамі на верхняй частцы вежы, магчыма, для няправільнага накіравання невялікіх выбуховых снарадаў. На іншых, здаецца, былі прыстасаванні на адмысловых трубках, якія дапамагаюць перасякаць рэкі, для выдзялення цяпла, каб збіваць ракеты з траекторыі, хоць некаторыя з іх маюць дзве боегалоўкі, каб перашкодзіць такому труку.

Дадатковай лініяй абароны з'яўляецца сістэма актыўнай абароны (APS), навамодны від абароны, які выкарыстоўвае радар для выяўлення накіраваных на танкі снарадаў, а затым запускае снарады вонкі, каб спыніць іх. Сведчанні з Газы, дзе ізраільскія танкі былі абсталяваныя трафейнымі APS, паказваюць, што яны вельмі эфектыўныя пры адбіванні ракет і гранат.

Толькі невялікая частка расійскіх танкаў цяпер мае такую абарону, кажа Бэн Бары, былы армейскі афіцэр, які цяпер працуе ў Міжнародным інстытуце стратэгічных даследаванняў, аналітычным цэнтры ў Лондане. Аднак яны, верагодна, будуць у авангардзе атакі — і гэта праблема не толькі для ўкраінскіх вайскоўцаў, але і для тых, хто ў НАТА разважае пра тое, як прадухіліць любы будучы напад Расіі. Па іроніі лёсу, для перамогі над APS можа спатрэбіцца вяртанне да больш старой формы супрацьтанкавай вайны, кажа Бары: абстрэльваць браню мінамётным і артылерыйскім агнём у надзеі пашкодзіць радар.

Такім чынам, вялікі арсенал супрацьтанкавых кіраваных ракет ва Украіне быў бы найбольш эфектыўны ў гарадскіх або лясных раёнах, дзе абаронцы маглі б хавацца сярод будынкаў або дрэў і падабрацца незаўважна. Расійскія камандзіры, аднак, памятаючы пра свае гарадскія баі ў Грозным, сталіцы Чачні, у 1990-х гадах, захочуць аслабіць супрацьтанкавую абарону Украіны задоўга да таго, як яны апынуцца ў такой непасрэднай блізкасці.

«Прасцей кажучы, рускі спосаб вядзення вайны заключаецца ў знішчэнні ворагаў масіраваным артылерыйскім агнём і знішчэнні тых, хто выжыў, пяхотай і бранятэхнікай», — кажа Амаэль Катларскі. — Рускія спадзяюцца знішчыць большасць супрацьтанкавай зброі з дапамогай артылерыі задоўга да таго, як іх танкі апынуцца ў зоне дасяжнасці ракет».

Давід і Галіяф: параўноўваем сілы расійскай і ўкраінскай армій

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0