Фота: Сяргей Гудзілін / Наша Ніва

«Вылецелі на апошнім самалёце»

Марыя, як і многія беларускія журналісты, не мае магчымасці цяпер жыць і працаваць у Беларусі.

«Мы яшчэ доўга трымаліся ў параўнанні з калегамі. Паехалі шэсць месяцаў таму. Думалі, што і не давядзецца ехаць, неяк перасядзім. Але пасля таго, як на офіс «Белсата», дзе я працавала на той час, прыйшлі з ператрусам і затрымалі калег, прыйшло разуменне, што калі гэта пакуль не поўная зачыстка, то яе пачатак», — кажа журналістка.

Ёй і мужу (ён таксама недзяржаўны журналіст. — РС) міліцыянты «перадавалі прывітанне» і прапанову «падкінуць да аэрапорту». 25 траўня 2021 года быў апошні самалёт ва Украіну перад «закрыццём неба».

«Не тое, каб мы хацелі ва Украіну, але атрымалася, што найбліжэйшы самалёт быў да Львова, ён жа быў і апошні туды з Беларусі.

Пакуль мы былі за мяжой, у нас дома і ў маіх бацькоў быў ператрус, які ладзіў КДБ. Прычыны ператрусу былі няўцямныя — ці наша датычнасць да экстрэмізму, ці да тэрарызму. Шукалі выбуховыя рэчывы», — кажа журналістка.

Пасля Львова яна з мужам і малой дачкой перабраліся ў Вільню.

«Мы ехалі з Беларусі нібыта ў адпачынак. Але ён зацягнуўся. І маю кампанію, і тую, дзе працаваў мой муж, прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Як мы ўдваіх экстрэмісты, то мусіць, наша дачка — «экстрэмісцкая прадукцыя», — жартуе Марыя.

«Смерць таты была раптоўнай»

Дома ў іх засталіся бацькі, сваякі. З бацькамі ў Марыі былі цёплыя, трывалыя стасункі. Яны штодзень звязваліся праз мэсэнджары. «Было адчуванне, што мы побач і ўсё, як раней. Але гэта не так», — зазначыла журналістка.

Смерць яе бацькі была раптоўнай. Яму быў усяго 61 год, па словах Марыі, ён быў моцным і здаровым чалавекам. «Стала нядобра, выклікалі хуткую дапамогу, на сваіх нагах сеў у яе… Спрабавалі рэанімаваць, але ён памёр. Інфаркт мозга.

Ён пайшоў такім, якім мы яго памяталі», — кажа журналістка.

Стэфанія, дачка Сяргея і Марыі, моцна прывязаная да бабулі і дзядулі. Ёй сем гадоў, пакуль яна не можа ўсвядоміць трагедыі — дзе дзядуля, куды ён адышоў і калі вернецца.

«Нанялі фатографа, каб зрабіў здымкі з пахавання»

«Першае памкненне было паехаць у Беларусь. Але мы дарослыя людзі, адказныя і перад сваякамі, і перад дзіцём. Якраз тады затрымалі Іллю Вайцяховіча, які ехаў у Беларусь на пахаванне бацькі.

Ці стала б лепш каму, каб мяне ці мужа, ці абаіх затрымалі на мяжы?

Таму досыць хутка ад гэтай думкі (ехаць у Беларусь) адмовіліся. Ды і мая маці была катэгарычна супраць нашага прыезду. Усе сваякі і сябры разумелі, што сітуацыя нетыповая. Што мы не прыехалі не таму, што не хацелі ці пашкадавалі грошай.

Мы нанялі фатографа, каб ён зрабіў для нас здымкі з пахавання. У Беларусі раней была такая традыцыя — здымаць пахаванні. Цяпер яна адышла. Але, пэўна, яна можа аднавіцца ў цяперашніх варунках, калі многія людзі не змогуць прыехаць на пахаванне ў Беларусь», — разважае журналістка.

Здымкі былі патрэбныя, каб усвядоміць тое, што адбылося, каб такім чынам саўдзельнічаць, прысутнічаць там, тлумачыць Марыя.

«Усё жыццё мы маем пэўныя рытуалы. Мы іх выконваем не проста так. Рытуалы дазваляюць нам адчуць сябе часткай супольнасці ці разам перажыць пэўныя моманты. У нас не было магчымасці ўдзельнічаць у рытуале, у арганізацыі пахавання. Таму паўстала пытанне — што ўвогуле рабіць падчас пахавання?

Мы сабраліся невялікай купкай і пайшлі ў кавярню. Каб быў нейкі працэс — некуды ісці, нешта заказаць, успомніць тату.

Рэлігія дае адказы, як правесці гэты час. Напрыклад, адзін са сваякоў пайшоў у мячэць і маліўся. Але мы людзі не надта рэлігійныя», — кажа Марыя.

«Часам людзі не ведаюць, як рэагаваць на бяду»

У сваім атачэнні журналістка знайшла падтрымку.

«Людзі пераймаюць заходнія традыцыі — ветліва, з нармальнай дыстанцыяй прапаноўваюць сваю дапамогу — без таго, каб залезці ў душу.

У Беларусі, мне здаецца, з гэтым трохі складаней. Часам людзі не ведаюць, як рэагаваць на бяду. Таму могуць даслаць SMS са словамі: «Трымайся», ці на другі дзень пасля пахавання блізкага загрузіць чалавека працай з думкай: «Гэтак яму ж будзе лягчэй», — кажа Марыя.

У яе бацькоў быў сабака, якога вельмі любіў тата Марыі (пасля вымушанай эміграцыі журналістаў бацькі атрымалі ад іх сабаку «ў спадчыну»).

«Цяпер ён, пасля пахавання таты, ходзіць за маці следам, усюды. Бо спачатку страціў адных гаспадароў — нас, потым займеў новых, і тут тата таксама прапаў. Сабака, мусіць, не разумее, што адбываецца, таму ходзіць за маці і пільнуе, каб хоць яна не знікла.

Гэта ўсё жарты, вядома. Але з другога боку, раней чалавек ехаў з роднай вёскі ў «вялікі свет« і часам і не ведаў, што там са сваякамі, якія засталіся. У нас жа, дзякуючы сучасным сродкам сувязі, эфект прысутнасці, стасункі — на любой адлегласці, так здаецца. Але цяпер, па смерці таты, разумееш, што так, як раней, ужо не будзе.

І ці ёсць яшчэ тая Беларусь, з якой мы выязджалі ў траўні 2021-га?» — разважае Марыя.

«Каб не звар’яцець, я працавала ў гэтыя цяжкія дні»

Кацярына страціла бацьку ўвесну 2021 году. На той момант яна як журналістка не магла ані жыць, ані прыязджаць у Беларусь да родных людзей.

«Я працавала на праект НЕХТА, гэта было ў публічным доступе. Мяне няславілі на розных праўладных telegram-каналах, пісалі гадасці пра мяне і пра тое, што я маю крымінальную справу. Ехаць у Беларусь пасля гэтага было б неабдумана. Асабліва для мяне, асабліва пасля затрымання Рамана Пратасевіча», — тлумачыць дзяўчына.

Яе тата памёр пасля анкалагічнай хваробы.

Кацярына кажа, што ёй было невыносна ад таго, што яна не магла ані быць з татам, калі ён моцна хварэў, ані трымаць яго за руку, ані пабыць на пахаванні.

«Пахаваннем займаліся сваякі. Для мяне здымалі пахаванне… Ён хварэў на рак, потым падчапіў каранавірус.

У шпіталі да яго ставіліся не па-чалавечы, хамілі яму, не аказвалі неабходнай дапамогі. Трэба было дабівацца, каб яго забралі ў шпіталь, каб правялі неабходныя медыцынскія маніпуляцыі. Вельмі хацелася паехаць і разабрацца з усім на месцы, дапамагчы яму, але я не магла. Было вельмі цяжка.

І сябры гаварылі мне, што мяне затрымаюць проста на мяжы, і тата сам адгаворваў мяне», — кажа Кацярына.

Пасля пахавання таты яна мусіла звяртацца да псіхолага па дапамогу.

«Каб не звар’яцець, я спрабавала працаваць, нягледзячы ні на што.

Каб адцягнуць увагу, я выходзіла на працу, рабіла навіны, працавала з камерай. Псіхолаг раіла мне не працягваць, паехаць адпачыць, ачуцца. Але ў мяне не было такой магчымасці. Мне здаецца, усё ж менавіта праца дапамагла мне. Хоць мне хацелася плакаць, але праца дапамагала мне не думаць шмат пра гэта», — кажа Кацярына.

«Варта правесці персанальныя рытуалы, раздзяліць боль з некім, даць сабе час на гараванне»

Псіхолаг Ганна падзялілася некалькімі парадамі для тых, хто не можа прыехаць на пахаванне ў Беларусь.

«Калі ёсць такая магчымасць, то добра было бы сінхранізавацца са сваякамі ў момант пахавання. Каб чалавек, які ў смутку, але на адлегласці, таксама перажываў гэтае развітанне. Напрыклад, маючы пад рукой партрэт ці здымак блізкага чалавека. Можна расказаць блізкаму чалавеку, які памёр, пра свае пачуцці, перажыванні, выказаць яму, як так атрымалася, што вы не прыехалі. Няважна, што і так усё зразумела, — важна гэта агучыць», — радзіць псіхолаг.

Яна раіць таксама раздзяліць сваё гора з некім. «Не перажываць на самоце. Можна напісаць ліст сваёй рукой. Напісаць блізкаму, які адышоў, у лісце ўсё, што вы хацелі б сказаць, ці тое, што не паспелі, як вы цяпер усё ўспрымаеце.

Важна зрабіць свой асабісты рытуал, які дапаможа падвесці рысу, каб адчуць страту.

Напрыклад, напісаць ліст і спаліць яго, а попел недзе развеяць. Ці пакласці ліст у бутэльку і кінуць у вадаём, ці закапаць. Важна, каб гэты рытуал, прыдуманы чалавекам, знайшоў унутраны водгук, адпавядаў перакананням, каштоўнасцям чалавека», — кажа Ганна.

Яшчэ адзін аспект, на якім псіхолаг прапануе засяродзіцца: зрабіць нешта добрае ў памяць аб блізкім чалавеку.

«Гэта тое, на што можна будзе ў будучыні абапірацца як на рэсурс. Але трэба памятаць, што гараванне — складаны працэс, расцягнуты ў часе. І на гэты працэс варта абавязкова выдзеліць час.

Звычайна самы складаны перыяд — гэта год. Але ва ўсіх індывідуальна. Гэта залежыць ад таго, якая ступень блізкасці была з чалавекам, якая псіхіка ў чалавека, які страціў блізкага, чым яна перагружана. Шмат аспектаў, якія будуць уплываць на глыбіню і працягласць гаравання.

У гэты перыяд варта наўмысна ісці на тое, каб знізіць нагрузку на сябе, клапаціцца пра сябе, вызваліць час на перажыванні, не старацца іх выціснуць.

Але каб не было перакосу, калі чалавек ці ўвесь час нечым займае сябе, каб не думаць пра гора, ці ўвесь цалкам аддаецца перажыванням», ‒ раіць псіхолаг.

«Ва Украіну маці праводзіла нібыта на вайну ў Чачню». Дзяніс Дудзінскі пра жыццё і працу ў Кіеве, стасункі з бацькамі і прапагандыстаў

Валярына Кустава з'ехала з Беларусі: Мяне эвакуявалі лясамі ды балотамі, на мне дзве з хвосцікам крыміналкі

«Выбар быў невялiкi: пераехаць цi зусiм з’ехаць з глузду». Зоркi — пра паўгода ў эміграцыі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?