Фота: Flickr.

У аўторак Злучаныя Штаты заявілі, што гатовыя ўвесці суровыя сектаральныя санкцыі. Напрыклад, забараніць у Расію экспарт высокатэхналагічных тавараў з амерыканскай мікраэлектронікай і праграмным забеспячэннем (падобныя санкцыі ЗША ўводзілі раней супраць Кітая). Таксама сярод магчымых мер — абмежаванне для расійскіх банкаў на разлікі ў далярах, санкцыі на экспарт расійскіх энерганосьбітаў.

Расійскія чыноўнікі кажуць, што ўсё пад кантролем, і Расія гатовая. 

Амерыканская прэса прызнае: Расія і праўда зменшыла за апошнія гады сваю залежнасць ад даляра і скараціла свой дзяржаўны доўг да 20% ад ВУП (для параўнання, у ЗША — 133%). Расія таксама назапасіла каласальныя міжнародныя рэзервы з золата і замежнай валюты. У снежні яны дасягнулі рэкорднага ўзроўню — 630 мільярдаў даляраў.

Таксама Расія дасягнула пэўных поспехаў з прадуктовым эмбарга — гэта стымулявала ўнутраную вытворчасць. 

Для дыверсіфікацыі сваёй эканомікі Расія пачала развіваць адносіны з Кітаем. У 2019 годзе расіяне пабудавалі туды буйны газаправод, а тавараабарот між краінамі перавысіў 100 мільярдаў даляраў штогод.

Але ёсць адзін сектар расійскай эканомікі, які так і застаўся вельмі ўразлівым для санкцый — тэхналогіі. У сусветнай індустрыі мікрасхем у асноўным дамінуюць кампаніі з ЗША і іх саюзнікаў: ЕС, Тайваня і Паўднёвай Карэі. У Расіі ўсяго некалькі паўправадніковых заводаў, ды і тыя старыя і адсталыя. Краіна татальна залежыць ад камплектуючых і патэнтаў заходніх кампаній.

Кантроль за экспартам мікраэлектронікі, у выпадку ўвядзення санкцый, абмяжуе магчымасці Расіі купляць станкі, смартфоны і іншую бытавую электроніку. Санкцыі нанясуць вялікі ўрон расійскай эканоміцы і зробяць немагчымай яе мадэрнізацыю.

Хаця Расія і навучылася жыць ва ўмовах санкцый пасля 2014 года, амерыканскае выданне адзначае, што гэта дорага каштавала эканоміцы.

ВУП Расіі з 2014 года рос павольней, чым у сярэднім па свеце. Расейцы сталі бяднейшымі, чым да анексіі Крыма. Рэальныя даходы ўпалі на 9,3% у параўнанні з дакрымскімі часамі.

На думку аналітыкаў, намаганняў Расіі будзе недастаткова, каб змякчыць удар ад новых санкцый. 

Хаця доля даляра ў экспарце тавараў і паслуг знізілася з 80% да 56%, амерыканская валюта па-ранейшаму дамінуе на мясцовым валютным рынку.

Браян О'Тул, эксперт па санкцыях у аналітычным цэнтры Atlantic Council, заявіў, што новыя санкцыі прывядуць да велізарных эканамічных наступстваў.

Новыя санкцыі яшчэ не пачалі дзейнічаць, а расійскія фондавыя рынкі і расійскі рубель ужо моцна праселі. Эканамічныя праблемы могуць яшчэ больш знізіць рэйтынг адабрэння Пуціна, які ўпаў з 90% у 2015 годзе да 65% у снежні 2021 года.

Калі адміністрацыя Байдэна перакрые доступ расійскім банкам да даляра, гэта абарве эканамічныя сувязі Расіі з астатнім светам і прывядзе да рэзкага скарачэння ВУП, кажа Яніс Клюге, эксперт па Усходняй Еўропе Нямецкага інстытута міжнародных адносін і бяспекі. Большая частка знешняга гандлю, уключаючы продаж нафты і газу, ажыццяўляецца ў далярах. Адбудзецца адток капіталу, абваліцца рубель, пачнецца шалёная інфляцыя.

На 9 з 12 фінансавых устаноў, пералічаных у законапраекце аб новых санкцыях, прыпадае больш за 40% мясцовага міжбанкаўскага рынку і да 80% карпаратыўнага крэдытавання і фінансавання. Калі на гэтыя банкі будуць накладзеныя санкцыі, гэта будзе вельмі балючая мера.

Абмежаванні ў дачыненні да расейскіх энэргетычных кампаній удараць непасрэдна па эканоміцы краіны. У Расіі нафтагазавы сектар складае да адной пятай ВУП. Горназдабыўныя і металургічныя кампаніі таксама могуць сутыкнуцца з каласальнымі праблемамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?