Суд па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 350 (мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі), арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй), ч. 1 арт. 354 (выкарыстанне шкоднасных камп'ютарных праграм), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах), ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) — цягнуўся два месяцы ў закрытым рэжыме. За кратамі палітвязні ўтрымліваюцца ўжо амаль 18 месяцаў. Суддзя Жанна Хвойніцкая пастанавіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме па прычыне таго, што «ў матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца звесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу», паведамляюць праваабаронцы.

32-гадовага заснавальніка і сябра Рады грамадскага руху «Дзея» Кіма Самусенку затрымалі 3 лістапада 2020 года па падазрэнні ва ўзломе камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама (ч. 2 арт. 349 КК) і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у Мінску з 9 жніўня (ч. 1 арт. 342 КК). Пасля жорсткага ператрусу, які суправаджаўся стрэламі ў доме і прымяненнем фізічнай сілы, сілавікі забралі ўсю тэхніку Кіма і яго жонкі, зарэгістраваную паляўнічую зброю, грошы, БЧБ-сцяг, сцяг Украіны, украінскі пашпарт жонкі і іншае. Праз два дні быў затрыманы і брат Кіма — 33-гадовы Аляксей Самусенка. Ён эканаміст, працаваў у сетцы фірмаў, якія займаюцца вырабамі з пластыку.

Таксама па гэтай справе асуджаныя 35-гадовыя Павел Дрозд і Іван Андрушойць. Іван больш чым праз чатыры месяцы зняволення ажаніўся ў СІЗА са сваёй дзяўчынай Соф'яй

Паводле версіі абвінавачвання, «у начны час у кастрычніку і лістападзе 2020 года 35-гадовы мужчына, знаходзячыся на тэхнічным паверсе будынка на вуліцы Прытыцкага ў Мінску, з дапамогай камп'ютарнай тэхнікі шляхам парушэння сістэмы абароны і выкарыстання шкоднаснага праграмнага забеспячэння ажыццявіў несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў камп'ютарнай сетцы Мінскага гарадскога выканкама. У выніку названых дзеянняў фігурант завалодаў запісамі камер відэаназірання, устаноўленых у сталіцы, з мэтай наступнай публікацыі на розных інтэрнэт-рэсурсах, у тым ліку дэструктыўных і экстрэмісцкіх Telegram-каналах.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, абвінавачаныя з дапамогай шкоднаснага ПЗ атрымалі доступ да камп'ютарных сістэм КУП «ЦІТ Мінгарвыканкама» і ГУУС Мінгарвыканкама, што пацягнула за сабой парушэнне нармальнай працы прадпрыемстваў і дзяржорганаў.

А таксама гэтыя асобы скапіявалі і выдалілі файлы розных фарматаў і ўнеслі ў іх загадзя ілжывую інфармацыю.

У ходзе расследавання крымінальнай справы дакладна ўстаноўлена, што ўсе мужчыны сістэматычна прымалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбываліся ў Мінску са жніўня па лістапад 2020 года, спалучаных з блакаваннем дарог і непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Следствам зафіксавана 10 фактаў іх удзелу».

Падчас правядзення ператрусаў канфіскаваныя рэчавыя доказы, у тым ліку зарэгістраваная агнястрэльная зброя «Тыгр», «Сайга-МК», «ІЖ-54», патроны, бронекамізэлька, каскі, мячы, радыёстанцыі з гарнітурай для схаванага нашэння, улёткі з заклікамі да страйку і піратэхніка.

Дзеянні палітвязняў кваліфікавалі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: 

  • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах);
  • арт. 13, ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
  • арт. 350 (мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі);
  • арт. 352 (неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй);
  • арт. 354 (выкарыстанне шкоднасных камп'ютарных праграм).

Першапачаткова супраць іх распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Беларусі (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі, учынены групай асоб па папярэдняй змове з іншай асабістай зацікаўленасці), аднак яе спынілі.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, прычына — «у матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца звесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0