Тры пытанні народу

Лукашэнка задаў тры пытанні народу. Яны былі раскіданыя па дакладзе. Але гучалі яны так:

Ці гатовыя вы плаціць за ўласныя абарону і дзяржаву?

Ці гатовыя вы плаціць за суверэнітэт і незалежнасць?

Ці гатовыя вы быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?

Першыя два па сутнасці звяліся да павелічэння выдаткаў на ўзбраенне.

«Пастаўленая задача: [вырабляць] усё неабходнае для абароны нашай Айчыны, для Узброеных сіл і тэрытарыяльнай абароны (каля 300 тысяч чалавек будзе мабілізавана ў войскі тэрытарыяльнай абароны, іх трэба ўзброіць уласнай зброяй і боепрыпасамі). Больш за тое, мы замахнуліся на самае сучаснае ўзбраенне, у тым ліку ракетнае», ‒ заявіў Лукашэнка.

Ці будзе вайна?

Лукашэнка сказаў, што ў нашым грамадстве («не з падачы ўлады ці маёй падачы») існуе пытанне нумар адзін: будзе вайна ці не.

«Так, яна будзе. Але толькі ў двух выпадках», — даў адказ Лукашэнка.

Вайна магчымая, калі супраць Беларусі будзе прамая агрэсія і развязаная гарачая вайна. Другой падставай для вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі Лукашэнка назваў магчымае нападзенне на саюзніка ‒ Расію. Тады Беларусь падключыцца да абароны Расіі ў рамках саюзных дамоўленасцяў.

«Калі на нашу краіну будзе здзейсненая агрэсія, тут будуць сотні тысяч расійскіх войскаў, якія з сотнямі тысяч беларусаў будуць бараніць гэтую святую зямлю», ‒ заявіў ён.

Аб знешняй палітыцы

«Мы былі донарам стабільнасці і міру ў рэгіёне. Але ў 2020-м з нас сталі ляпіць агрэсара. Навошта? Каму гэта трэба было тады і трэба цяпер? Захад зрабіў усё, каб Беларусь перастала быць крыніцай міру ў гэтым рэгіёне», ‒ сказаў ён.

Асобна Лукашэнка прайшоўся па суседніх краінах. Па яго словах, з Літвой трэба размаўляць жорстка і прагматычна, прымушаючы да выканання дагаворных абавязацельстваў. 

«Я проста па-чалавечы хачу сказаць нашым сябрам, нашым блізкім, родным літоўцам: не дай бог, вы развяжаце вайну разам з іншымі балтыйскімі дзяржавамі, гэта будзе азначаць канец вашай і дзяржаўнасці, і вашага развіцця. Зноў жа, гэта не пагроза. Гэта папярэджанне», — сказаў ён.

Польшча, па словах Лукашэнкі, «дзейнічае безапеляцыйна і бесцырымонна. Фінансавала і забяспечвала рэсурсамі радыкальную апазіцыю, гадамі стварала каардынацыйныя цэнтры бунту, які нядаўна праваліўся. Нават у Казахстан улезлі! Ім што там трэба?»

«Беспрэцэдэнтная мілітарызацыя дзяржавы, якую праводзіць Варшава, нарошчванне ваенных рэсурсаў, планаванае двухразовае павелічэнне колькасці арміі ‒ гэта ўсё наўрад ці ў мірных мэтах», ‒ сказаў ён.

«Падобнае ўжо было ў гісторыі 80 гадоў таму, калі Польшча разам з нацысцкай Германіяй удзельнічала ў раздзеле Чэхаславакіі. Такі вопыт у іх ёсць. А сёння ўжо і на нас глядзяць праз прыцэл. Ім патрэбная «уся Беларусь!», а не толькі ўсходнія крэсы», ‒ заявіў ён. 

Украіна, па версіі Лукашэнкі, «становіцца прадметам закуліснага торгу. Украінцаў штурхаюць у полымя канфлікту, ламаюць іх свядомасць, мэтанакіравана рыхтуюць да агрэсіі. Фармуюць варожае стаўленне да брацкіх народаў, у тым ліку да беларусаў».

«Мы вернем нашу Украіну ва ўлонне нашага славянства. Мы гэта абавязкова зробім», ‒ паабяцаў Лукашэнка.

Аб падзеях 2020 года і «збеглых»

«У жніўні 2020-га была зробленая спроба назаўжды перапыніць эвалюцыю беларускай нацыі, перакрэсліць наша развіццё, адкінуць нас назад», ‒ сказаў Лукашэнка.

Да ўлады хацелі прыйсці, паводле Лукашэнкі, сквапныя, выключна цынічныя, беспрынцыповыя людзі, прасякнутыя пагардай да Беларусі.

Але многія «збеглыя» расчараваныя тым жыццём, у якім апынуліся. 

«Многія расчараваныя тым жыццём, у якім яны апынуліся. Нават на самым версе. Грошай няма, офісы іх дзеянні фінансаваць не хочуць, патрабуюць радыкальных мер: заб'яце кагосьці, прабачце за грубасць, у Беларусі, пакажаце здымак ‒ заплацім».

Лукашэнка намякнуў на тое, што вырашае пытанне, што рабіць з уласнасцю ў Беларусі тых, хто з'ехаў.

«Што рабіць? Іх сваякі плачуць: тут у іх засталася маёмасць. Мы блізка падышлі да вырашэння гэтых пытанняў. А што вы думаеце? Тут у мяне кагосьці будуць забіваць, спальваць, а я буду глядзець на гэта скрозь пальцы?» — няўпэўнена сказаў ён.

І даў параду.

«Мая вам парада: дадому, кайцеся і станавіцеся на калені! Далей будзе горш. Таму дадому, на каленях, паўзком!»

Лукашэнка адзначыў, што дома прыйдзецца заплаціць штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду:

«Хоць бы часткова: за тое, што вы нарабілі, не хопіць ні вашай уласнасці, ні ўсяго таго, што вы напрацуеце наперад за сваё жыццё».

Аднак некаторым з тых, хто прыпаўзе на каленях, прыйдзецца сесці.

«Мы створым грамадскую камісію і будзем арыентавацца на рашэнне гэтай камісіі. Туды ўвойдуць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, нашы парламентарыі ‒ дэпутаты і сенатары.

Сустаршынямі могуць быць генпракурор, ну і наш «вястун» Рыгор Азаронак. І мы гатовыя вырашаць гэтую праблему.

Але прымушаць калектыўны Захад бегаць вакол Лукашэнкі і крычаць: «Палітвязні, палітвязні! Свабоду палітвязням!» ‒ ну і крычыце! Вы ўжо два гады крычыце, які вынік?»

Аб грамадзянскай супольнасці

«Канструктыўныя» грамадскія арганізацыі павінны запоўніць пустоты ў тых сферах, дзе раней гнездаваліся так званыя замежныя агенты, ‒ сказаў Лукашэнка. ‒ Бо ў чым сутнасць многіх некамерцыйных арганізацый і фондаў, што дзейнічалі доўгі час? У тым, што яны супрацьпастаўлялі сябе дзяржаве, атрымліваючы за гэта гранты замежных фондаў».

Хто будзе прызначаны «грамадзянскай супольнасцю», улады пакуль яшчэ вырашаюць.

Дакуль?

Лукашэнка распавёў, як доўга мае намер заставацца ва ўладзе.

«Усё будзе залежаць ад сітуацыі. Калі яны нам навяжуць вайнушку ‒ якія выбары, куды я падзенуся? Я вазьму кулямёт і пайду наперадзе, калі гэта будзе трэба, хоць гэта будзе няправільна. Прэзідэнту вызначанае месца як галоўнакамандуючаму. І я буду дзейнічаць», ‒ сказаў ён.

І дапоўніў: «Калі ж усё будзе ціха, добра, калі наш народ будзе спакойна жыць і развівацца ‒ у любы момант. Я буду на запасным шляху: паклічаце, скажаце ў чымсьці дапамагчы ‒ я дапамагу. Вось мае падыходы: шчыра і сумленна, публічна на ўсю краіну, на ўвесь свет».

Наступны прэзідэнт, паводле думкі Лукашэнкі, будзе старэйшы за 50 гадоў:

«Запомніце, што ў 38 гадоў вы больш прэзідэнта не выбераце. Гэта будзе чалавек за 50. Таму калі ён да 70 яшчэ папрацуе, гэта будзе нармальна. Вось такая сітуацыя», ‒ сказаў ён.

Пра ПВТ і прадпрымальнікаў

Лукашэнка цяпер разважае над пытаннем, прыносіць ПВТ больш карысці ці шкоды.

«Айцішнікі, іпэшнікі… Я пакуль не ведаю, як паступіць з імі. Як так магчыма? Я ўласнымі рукамі ствараў і гэтых айцішнікаў перш за ўсё, і падтрымаў развіццё індывідуальнага прадпрымальніцтва. І чаму яны вывалілі на вуліцы?»

Лукашэнка распавёў пра Парк высокіх тэхналогій: «Гэта Парк, які я ствараў і ўдасканальваў, прызначаючы туды сваіх памочнікаў. У нас сёння гэты ПВТ стварае прадукт, з'яўляючыся філіялам буйных прадпрыемстваў ЗША і іншых. Там гэтыя «Гугл», «Майкрасофты» і іншыя. А тут іх філіялы».

Ён заявіў, што такім чынам уплыў на работнікаў ПВТ мелі замежныя спецслужбы, яны фінансавалі пратэсты і давалі каманды «звяргаць, ламаць, разбураць».

Лукашэнка падкрэсліў, што пакуль не прыняў рашэння, чаго больш прыносіць Парк ‒ шкоды або карысці.

Але ён разлічвае, што ўдасца дамовіцца аб больш важкім укладзе ПВТ у плане карысці для народа і дзяржавы.

Пра сігналы з Захаду

Лукашэнка заявіў, што яму паступае шмат сігналаў аб аднаўленні адносін з Літвой, Польшчай і ЗША. Але яго просяць даць Захаду магчымасць «захаваць твар».

«Я кажу прама: мы дапаможам вам захаваць твар. Калі вы хочаце з намі супрацоўнічаць па-сапраўднаму, дэмакратычна, не парушаючы наш суверэнітэт, незалежнасць, не выстаўляючы нам пытанне: вы з Расіяй ці супраць яе? Заўсёды з Расіяй!» ‒ дадаў ён.

Падрабязнасцяў пра сігналы і як ён дазволіць Захаду захаваць твар, Лукашэнка не раскрыў.

Пра санкцыі

«Наша ацэнка такіх дзеянняў катэгарычная. Санкцыі ‒ гэта інквізіцыя нашага часу, непрыкрытае парушэнне норм міжнароднага права. Адпаведная пазіцыя замацаваная ў рашэнні беларускага Канстытуцыйнага суда, і мы будзем з гэтага зыходзіць.

А тыя так званыя суайчыннікі, якія заклікаюць да санкцый, учыняюць злачынства супраць дзяржавы і ўласнага народа. І яны за гэта адкажуць згодна з законам, дзе б ні знаходзіліся», ‒ заявіў Лукашэнка.

Чытайце таксама: «З'ядаюць суверэнітэт». Здабылі і прааналізавалі неапублічаныя дакументы аб інтэграцыі, якія падпісалі Лукашэнка і Пуцін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0