Фота: sir2701 / depositphotos.com

«Спрабаваў выклікаць хуткую дапамогу па нумары 103 — [тэлефанаваў] два разы з хатняга і тры з мабільнага. Там проста не падымалі слухаўку. Датэлефанавацца змог толькі праз службу 112 — там ужо злучылі з хуткай, і яшчэ пачакаў хвіліны тры. Спадзяюся, гэта адзінкавы выпадак, таму што сітуацыя, вядома, не з прыемных», 

— напісаў у рэдакцыю Zerkalo.io Ігар.

Падобнае паведамленне было атрыманае і ад Вольгі (імя змененае) з Мінска: 

«Хуткіх не хапае; датэлефанавацца па 103 атрымалася толькі з трэцяга разу. І сказалі чакаць не менш за гадзіну, [бо] моцна загружаныя. Праз нейкі час патэлефанавала зноў у хуткую — чаканне да шасці гадзін. Растлумачылі, што найперш едуць туды, «дзе нараджаюць, паміраюць і задыхаюцца».

«Учора ў 12.30 жонцы стала дрэнна, вельмі дрэнна: тэмпература, ваніты, дыярэя. Я паспрабаваў набраць 103 — ніхто не здымаў слухаўку. Я быў проста ў шоку! Потым патэлефанаваў у 112, мяне злучылі з хуткай. Да нас прыехалі толькі ў 20.47»,

— падзяліўся яшчэ адзін чытач па імені Іван (імя змененае).

Вось што напісаў мінчук Арцём:

«Учора ўвечары (23.00) стала дрэнна чалавеку — аж да страты прытомнасці. Выклікаць хуткую спрабавалі гадзіну, тэлефанавалі з двух тэлефонаў і чулі гудкі. Датэлефанаваліся, ужо калі пад'язджалі да БХМД, куды паехалі проста наўздагад. Па нумарах бальніцы таксама было перыядычна занята, але ў 80% ішлі гудкі. Разумею іх загружанасць, але яны ж відавочна не могуць прадбачыць: чалавек з тэрміновай праблемай ці не».

«У самыя горшыя часы людзі чакалі хуткую да дзесяці гадзін!» Што кажуць супрацоўнікі хуткай

Мы пагаварылі з некалькімі супрацоўнікамі мінскіх падстанцый хуткай дапамогі. Фельчар адной з іх, Ганна (імя змененае), распавяла, што нагрузка павялічылася каля тыдня з паловай таму. Дзяўчына адзначае, што адбіваецца на сітуацыі ўздым захворвальнасці на кавід, але «толькі часткова».

— З-за вялікай колькасці людзей, якія выклікаюць хуткую без бачнай на тое прычыны, мы сапраўды доўга разграбаем візіты. Людзі выклікаюць на тэмпературу 37; патрабуюць даведкі ад хуткай, што мы былі ў іх; не могуць справіцца з хворым горлам і гэтак далей. Мы паспяваем на ўсё, проста гэта займае час, таму што хварэе шмат супрацоўнікаў. Дыспетчары папярэджваюць, што брыгада не зможа прыехаць хутка, — і правільна робяць. Людзям дома даводзіцца чакаць па-рознаму, да дзвюх гадзін у сярэднім. Але ў самыя горшыя часы (гэта кастрычнік 2021 года) людзі чакалі хуткую да дзесяці гадзін!

Яшчэ адна фельчарка, якая працуе на іншай сталічнай падстанцыі, Крысціна (імя змененае), таксама пацвердзіла, што праблема ёсць. Медык кажа, што цяпер у яе калектыве хварэюць многія супрацоўнікі, але справа не толькі ў гэтым:

— Колькі на падстанцыі ўсяго супрацоўнікаў, я не ведаю, але цяпер хварэе каля 20. Вось сёння на змену не выйшла 12 чалавек. Але хтосьці выходзіць за хворага калегу, працуе звыш часу; хоць пару разоў бывала, што брыгада ці дзве ў суткі адсутнічалі: выйсці не было каму.

Па словах фельчара, моцна вырасла колькасць візітаў — цяпер у адной брыгады можа быць і дваццаць за змену, гэта ў два разы больш, чым раней. Фельчар заўважыла рост колькасці выклікаў па каранавіруснай інфекцыі і адзначае, што сталі больш хварэць дзеці.

— Некаторыя выклікаюць, калі даведаліся, што ў іх станоўчы тэст: баяцца, просяць адвезці іх у бальніцу, зрабіць КТ. Прыязджаем, бачым, што сатурацыя нармальная, паказанняў для гэтага няма. Але ўсё адно стараемся завезці, таму што людзі просяць, а адмовіць у шпіталізацыі мы не можам. Але, вядома, ёсць выпадкі, калі пацыентам сапраўды дрэнна: нізкая сатурацыя, цяжка дыхаць, лячэнне не дапамагае. Вядома, такі візіт абгрунтаваны. Наогул, хочацца, каб людзі сталі хадзіць у масках, не наведвалі шматлюдныя месцы, хоць неяк задумаліся пра сваё здароўе.

Пры гэтым, таксама адзначае суразмоўца, часта людзі тэлефануюць па пытаннях, якія не тычацца працы экстраннай службы.

— Чалавек хварэе адзін-два дні і просіць нас узяць мазок. А мы іх наогул не бяром. Або лянуецца схадзіць у паліклініку, таму што там чэргі, і выклікае нас, просіць выдаць бальнічны. Гэта мы таксама не можам зрабіць, таму яму ўсё адно прыйдзецца потым ісці да лекара. Яшчэ часам просяць прызначыць лячэнне або выпісаць рэцэпт. Гэта таксама не да нас. У выніку і пацыенту не дапамаглі, і час на візіт да яго патрацілі. А тым, каму сапраўды патрэбная дапамога, прыходзіцца доўга чакаць.

На працягу дня, па словах Крысціны, час чакання змяняецца і да вечара павялічваецца. Ад гэтага стамляюцца і пацыенты, і самі супрацоўнікі хуткай дапамогі.

— Звычайна гэта дзве ці тры гадзіны; а перавозкі з бальніцы (або паліклінікі) у бальніцу аддаюцца ў апошнюю чаргу — пацыент можа чакаць пяць-шэсць гадзін, таму што ён усё адно пад наглядам іншых лекараў, — тлумачыць Крысціна. — Калі шчыра, [мне] пасля кожных сутак хочацца звольніцца, таму што вельмі цяжка. Працуеш без заезду, часам няма часу нават схадзіць у прыбіральню, не тое што паесці, — трэба разграбаць візіты, каб хаця б да ночы справіцца.

«Калі ў пацыента 37,3 або цэлы месяц баліць жывот, а ён не ідзе ў паліклініку — хуткая павінна на гэта ездзіць?»

Падобным чынам тлумачыць прычыны праблем з выклікам хуткай і лекар адной з гарадскіх падстанцый. Настасся (імя змененае) кажа, што ў яе калектыве супрацоўнікі хварэюць «павальна».

— Усе рэчы і кіроўца ёсць, а ў машыну пасадзіць няма каго. Бывае, са 110 супрацоўнікаў 20 — на бальнічных. Даходзіць да таго, што 20 брыгад па горадзе не могуць ездзіць — іх проста няма. Гэта адчувальна. У апошнія дні — максімальна шмат візітаў, а ехаць няма каму, нагрузка ідзе на іншыя брыгады.

 Скрыншот статыстыкі на сайце станцыі хуткай медыцынскай дапамогі minsk-smp.by

 Скрыншот статыстыкі на сайце станцыі хуткай медыцынскай дапамогі minsk-smp.by

Цяпер у нас на падстанцыі хварэюць тры лекары — гэта шмат, цэлая лекарская брыгада. Кавідныя брыгады не могуць справіцца з плынню сваіх запытаў — і скідваюць іх на «лінейныя», якія ездзяць па звычайных выкліках. І «чыстым» супрацоўнікам даводзіцца ехаць туды. Потым яны ўжо не могуць абслугоўваць іншыя візіты, адпаведна, іх адкладаюць. Часам тэрміновыя выпадкі забіраюць калегі з іншага раёна, каб хоць нехта прыехаў. І я таксама заўважаю, што мы часам ездзім на іншыя раёны.

Яшчэ праблема ў тым, што прыязджаеш, а ў чалавека проста баліць галава! Так, яна можа балець так, што і не ўстаць з ложка — тады выклік абгрунтаваны. Але калі ў пацыента 37,3 або цэлы месяц баліць жывот, а ён не ідзе ў паліклініку — хуткая павінна на гэта ездзіць? Бывае, усе фельчары занятыя; ты сядзіш на нейкім, прабачце, глупстве — тлумачыш чалавеку, як мераць ціск. А табе тэлефануе дыспетчар: «Там у чалавека нажавое. Вы дзе?» Я ў людзей звычайна пытаюся: «Вы калі пліту запаліць не можаце, выклікаеце газавікоў? Або калі трэба памяняць лямпачку — электрыкаў?» Тое ж самае і тут. Людзі нічога не ведаюць пра свой арганізм і не хочуць ведаць.

Таксама лекар патлумачыла, як размяркоўваюцца па брыгадах выклікі на дом.

— Звычайна дыспетчар ад пацыента перадае звесткі на падстанцыю за хвіліну-дзве, а потым мясцовы дыспетчар ужо шукае, хто паедзе. Звычайны візіт (да прыкладу, артэрыяльны ціск) можа быць перададзены брыгадзе на працягу гадзіны. Трэба разумець: нават калі хтосьці памірае, задыхаецца, у дыспетчара ёсць шэсць хвілін, каб перадаць візіт, і яшчэ 15 хвілін даецца на тое, каб мы даехалі. Цяпер сапраўды шматлікія візіты «згараюць». Гэта значыць, напрыклад, яго атрымалі раніцай, а брыгада прыехала праз некалькі гадзін або ў другой палове дня. Але, разумееце, на тэрміновы візіт хтосьці абавязкова прыедзе. Можа, фельчара адправяць, а не лекара, але хтосьці дакладна будзе.

— Чытачы кажуць, што нават не могуць датэлефанавацца дыспетчарам.

— Хутчэй за ўсё, няма каму трубку падняць, але я не працую ў гэтай службе і не магу вам дакладна адказаць. Аднак трэба разумець, што калі пацыент тэлефануе ў 103, ён трапляе на галоўную падстанцыю, а адтуль ужо перадаюць звароты на іншыя.

Настасся дадала, што доўга могуць чакаць людзі, якія звярнуліся ў хуткую з каранавірусам.

— Не хапае «апранутых» брыгад (медыкаў у ахоўных касцюмах, якія і абслугоўваюць пацыентаў з COVID-19. — Заўв. Zerkalo.io), апранаць усіх не будуць. Па-першае, хто тады будзе абслугоўваць чыстыя візіты? Па-другое, гэта грошы. Тут ідуць даплаты. Для лекараў яны вышэйшыя, таму імкнуцца рабіць так, каб больш задзейнічаць фельчараў і ў цэлым «апранаць» менш брыгад.

Але так ці інакш, адна брыгада з усімі выклікамі не спраўляецца. Цяпер ёсць перавозачныя каманды — гэта фельчар, які перавозіць пацыента ў стацыянар або з бальніцы ў бальніцу. Яшчэ ён захоплівае проста кавідныя візіты, таму што не хапае людзей. Таму хай пацыенты не перажываюць — за ўсімі прыедуць, проста пазней.

Калі сапраўды трэба выклікаць хуткую дапамогу?

Мы папрасілі лекара сарыентаваць чытачоў, у якіх выпадках сапраўды варта выклікаць хуткую. Немагчыма ахапіць усе прычыны болю і ўсе захворванні, але спецыяліст паспрабавала назваць найбольш частыя і важныя выпадкі.

  • Дзеці. Калі дзіця нешта праглынула, папярхнулася і задыхаецца. Пры нястрымных ванітах, абцяжараным дыханні, высокай тэмпературы, якая не збіваецца лекамі. Пры тэмпературы з высыпкай, «сутаргавай гатоўнасці» — на гэты стан паказвае «мармуровая» скура дзіцяці, ледзяныя рукі, ногі і пры гэтым тэмпература 39. Таксама сюды адносяцца траўмы.
  • Цяжарныя жанчыны з тэмпературай, болем у жываце. Але тут, калі ёсць магчымасць, можна ехаць у бальніцу, таму што не заўсёды можа прыехаць брыгада з акушэрам-гінеколагам.
  • Дарослыя. Пры сутаргах. Але не тады, калі нагу звяло. Гаворка ідзе пра страту свядомасці. Пры моцных ванітах крывёю; нырачных коліках; пастаянных вострых болях у жываце, якія суправаджаюцца ванітамі і павышэннем тэмпературы. Пры траўмах з крывацёкам; траўмах галавы (пры траўмах рук і ног без крывацёку, калі ёсць магчымасць, лепш самім паехаць у траўмапункт). Калі ў чалавека парушылася маўленне, «павісла» рука, перакасіла твар. Не варта адкладваць выклік хуткай дыябетыкам (але важна самім кантраляваць цукар), людзям, у якіх хрыпы ў лёгкіх. Моцна маладзеюць інфаркты ў мужчын — трэба быць напагатове, калі ёсць пастаянныя душачыя пякучыя болі ў грудной клетцы, якія аддаюць у левую руку.

Чытайце таксама:

Што сёння адбываецца ў паліклініках ФОТЫ

Катастрофа ў паліклініках. Гіганцкія чэргі на чатыры-шэсць гадзін, сотні людзей у калідорах у панядзелак

Галоўная па ахове здароўя ў Мінску: Падчас сённяшніх чэргаў цяжкага працякання захворвання выяўлена не было

Доктар-інфекцыяніст на брыфінгу Мінздароўя: Калі вы па-наплявацельску ставіцеся да навакольных, родных, то можаце не насіць маскі

Медыкі таксама хварэюць. Мінздароўя расказала, як вырашаюць пытанне з недахопам дактароў

Мінздароўя дазволіла дактарам ставіць дыягназ «каранавірус» без правядзення ПЛР ці антыген-тэстаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0