Андэрс Брэйвік. Фота: Getty Image

Андэрс Брэйвік. Фота: Getty Image

На першым выязным пасяджэнні Судовай камісіі па яго вызваленні 18 студзеня Брэйвік, як і падчас усіх мінулых пасяджэнняў, ускінуў руку ў нацысцкім прывітанні. 

На судзе Брэйвік ўсклаў віну за здзейсненае ім масавае забойства на прапагандыстаў радыкалізму.

«У тым, што мне прамылі мазгі, няма маёй віны. Тыя, хто прамывае мазгі людзям, радыкалізуючы іх у інтэрнэце, практычна цалкам вінаватыя ў тым, што здарылася 22 ліпеня [2011]»,

— сказаў ён.

«Я даю вам слова гонару, што ўсё гэта (верагодна, Брэйвік мае на ўвазе гвалтоўныя дзеянні - Бі-бі-сі) я пакінуў ззаду. Але гэта не значыць, што я не буду змагацца за нацыянал-сацыялістычны захоп Нарвегіі і Захаду»,

— цытуе словы Брэйвіка агенцтва Reuter.

Суд, аднак, палічыў, што вызваляць Брэйвіка небяспечна. «Бо ягоны псіхалагічны стан не змяніўся, існуе відавочная рызыка таго, што ён працягне лінію паводзін, якая прывяла да нападу 22 ліпеня», — гаворыцца ў заяве суда акругі Телемарк. 

Андэрс Брэйвік 22 ліпеня 2011 года зладзіў выбух у цэнтры Осла, у выніку чаго загінулі восем чалавек. Затым ён накіраваўся на востраў Утоя, дзе быў размешчаны моладзевы лагер, і адкрыў там страляніну. Ягонымі ахвярамі на востраве сталі 69 чалавек, у асноўным падлеткі. Забойства 77 чалавек стала самым крывавым злачынствам у Нарвегіі з часоў Другой сусветнай вайны.

Пазней Брэйвік казаў, што марыў здзейсніць тэракт па прыкладзе «Аль-Каіды»: захапіць і абезгаловіць перад відэакамерай былую прэм'ерку Нарвегіі Гру Харлем Брунтланд, перад гэтым прымусіўшы яе ўстаць на калені і маліць аб літасці.

У 2012 годзе Брэйвіка прысудзілі да 21 года зняволення. Але, у адпаведнасці з нарвежскім заканадаўствам, тэрмін Брэйвіка будзе падоўжаны пасля яго заканчэнні, калі суд палічыць яго па-ранейшаму небяспечным для грамадства. Цяпер жа, пасля таго, як яму ў першы раз адмовілі ў вызваленні, ён мае права падаваць аналагічныя хадайніцтвы кожны год.

Новы суд над Брэйвікам зноў прыкаваў да ягонай постаці ўвагу публікі. Гэта абурае сваякоў забітых Брэйвікам на востраве Утоя актывістаў левых арганізацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0