Прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан падчас візіту ў Кіеў у аўторак, 1 лютага, паабяцаў Украіне падтрымку.

«Мы бачым канцэнтрацыю вялікай колькасці войскаў, падрыхтоўку да рознага роду аперацый, якія паказваюць на будучую ваенную кампанію», — сказаў Джонсан на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Паводле яго, «далейшае ўварванне Расіі ва Украіну было б палітычнай і гуманітарнай катастрофай, а таксама ваеннай катастрофай», прычым як для Расіі, так і для свету, а таксама «паражэннем для прэзідэнта Пуціна».

Санкцыі, узгодненыя з США і іншымі саюзнікамі, будуць уведзеныя неадкладна ў выпадку агрэсіі.

«Жыццёва важна, каб у Маскве разумелі, што санкцыі аўтаматычна набудуць моц у тую хвіліну, калі нага расійскага салдата пераступіць украінскую мяжу», — сказаў брытанскі прэмʼер.

У Джонсана няма сумневаў у тым, чаго дамагаецца Крэмль — устанавіць новыя зоны ўплыву, прымусіць Захад змяніць погляд на архітэктуру еўрапейскай бяспекі.

«Расія спрабуе падарваць такую архітэктуру і перамаляваць карту бяспекі Еўропы, устанавіць новыя зоны ўплыву. І гэта будзе тычыцца не толькі Украіны, але і Грузіі, Малдовы, іншых краін».

Прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі нагадаў аб праве Украіны самастойна вызначаць, як арганізоўваць жыццё саіх грамадзян і да якой арганізацыі далучацца.

У аўторак міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба анансаваў стварэнне альянсу Украіны, Польшчы і Вялікабрытаніі.

Паводле яго, новы фармат не прывязаны да лакальнай геаграфіі — «гэта абʼяднанне краін, якія падзяляюць агульныя прынцыпы, імкнуцца ўмацоўваць бяспеку і развіваць гандаль, гатовыя да канкрэтных дзеянняў».

Чытайце таксама:

Борыс Джонсан: Заходнія санкцыі пачнуць дзейнічаць аўтаматычна, як толькі Расія нападзе на Украіну

«Каб не было куды схавацца»: Захад рыхтуе «руйнуючыя» санкцыі супраць Расіі ў выпадку ўварвання ва Украіну

Амерыканскі сенатар не выключыў увядзенне санкцый супраць Расіі авансам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0