Плакат з выявай Ганны Франк (габрэйскай дзяўчынкі, якая загінула ў Асвенціме) у Брэсце каля пляцоўкі, дзе ішло будаўніцтва. Фота: virtualbrest.ru

Плакат з выявай Ганны Франк (габрэйскай дзяўчынкі, якая загінула ў Асвенціме) у Брэсце каля пляцоўкі, дзе ішло будаўніцтва. Фота: virtualbrest.ru

Тры гады таму ў цэнтры Брэста пачалі будаўніцтва элітнага жылога комплекса «Прыбужскі квартал». На тэрыторыі больш за 0,8 га знеслі старыя будынкі, выйшлі на будаўнічую пляцоўку і нават пачалі продаж жыллёвых аблігацый.

Але ў лютым 2019 года на месцы работ знайшлі парэшткі вязняў брэсцкага гета — усяго каля 1200 чалавек.

Справа ў тым, што менавіта ў гэтым раёне ў гады вайны знаходзіліся так званыя расстрэльныя двары, дзе ў 1942 годзе масава забівалі брэсцкіх габрэяў. Большасць з іх вывезлі ў Бронную гару пад Бярозай, дзе расстралялі, але шмат хто хаваўся ў горадзе. Там іх шукалі і забівалі.

Знойдзеныя парэшткі перапахавалі на могілках пры ўдзеле габрэйскай абшчыны Брэста, будаўніцтва жылля спынілі. Забудоўшчык то быў не супраць працягваць далей, але грамадскі рэзананс вымусіў улады скасаваць дамову.

Актывісты нават ладзілі збор подпісаў за тое, каб увогуле забараніць там узвядзенне будынкаў і стварыць мемарыяльны сквер у гонар 30 000 берасцейцаў габрэйскай нацыянальнасці. Да Другой сусветнай вайны яны складалі больш за палову жыхароў горада.

Тым не менш, у выканкаме не прыслухаліся да меркавання часткі месцічаў, і ўчастак з катлаванам зноў выставілі на аўкцыён. Згодна з умовамі, пераможца таргоў павінен дабудаваць жылы комплекс — чатырохпавярховы дом са спадарожнай інфраструктурай. У снежні 2021 года адбылася першая спроба знайсці інвестара, у студзені 2022 года — другая, але ніхто пакуль што не зацікавіўся прапановай уладаў.

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук казаў, што спробы ліквідаваць доўгабуд у цэнтры горада праз продаж аб’екта працягнуць і надалей. І вось 22 лютага на пляцоўцы «Брэсцкага гарадскога цэнтра па кіраванні нерухомасцю» адбудзецца новы аўкцыён з паніжэннем пачатковай цаны на 50%. Цяпер яна складзе 1 мільён 381 тысячу 171 рубель. Новы ўласнік павінен будзе не пазней за паўгода пасля заключэння дамовы пачаць будаўнічыя работы.

Відаць, каб паспець да канца Года гістарычнай памяці.

Чытайце таксама:

Гісторык Аляксандр Фрыдман: У Ізраілі закон «Аб генацыдзе беларускага народа» выклікаў абурэнне

Беларускі гісторык: «Закон «Аб генацыдзе беларускага народа» — гэта чыста рэпрэсіўны закон»

У Год гістарычнай памяці галоўнымі будуць не гісторыкі, а пракуроры

Лукашэнка абвясціў 2022-гі Годам гістарычнай памяці. За гісторыкаў ужо трывожна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0