Украінская армія робіць стаўку на беспілотнікі з-за сваіх абмежаваных магчымасцяў, асабліва ў сферы авіяцыі. Раней Кіеў выкарыстаў беспілотнікі саматужнай вытворчасці, цяпер эфектыўнасць істотна падвысіцца.

Ва Украіне разумеюць, што праз адсутнасць сур'ёзных рэсурсаў трэба рабіць стаўку на эфектыўныя і даступныя тэхналогіі.

Да пачатку ўзброенага супрацьстаяння на Данбасе беспілотныя лятальныя апараты на ўзбраенні ўкраінскай арміі практычна адсутнічалі як клас. Адзіным тыпам былі фізічна і маральна састарэлыя савецкія Ту-143 «Рэйс».

Аб іх баявой эфектыўнасці сведчыць той факт, што камера, якая стаяла на іх, была плёнкавая. Зараз украінская армія мае каля 20 мадэляў беспілотнікаў рознага прызначэння і на розных стадыях распрацоўкі, вытворчасці або прыняцця на ўзбраенне.

З самага пачатку ўкраінска-расійскай вайны ў 2014 годзе ўкраінскія валанцёры куплялі цывільныя машыны, якія адаптаваліся да задач вайны. Часцей за ўсё гэта былі купленыя на Аліэкспрэсе кітайскія дроны. Але пра ўдарныя дроны ў серыйнай вытворчасці і гаворкі не было.

Рэальныя ж прамысловыя распрацоўкі ваенных беспілотнікаў пачаліся ва Украіне толькі ў 2016-м сіламі авіяканструктарскага бюро «Антонаў». У першых «украінскіх» баявых дронаў была цалкам імпартная электроніка, уласная прамысловасць не магла задаволіць патрэбы вайскоўцаў. Ды і нагадвалі яны хутчэй макеты, чым рэальныя дроны, якія можна было б выкарыстоўваць па прызначэнні.

Ва Украіне шмат прадпрыемстваў, якія былі задзейнічаныя ў авіяцыйнай сферы, але ёсць праблемы з тэхналагічнай і матэрыяльнай базай. Акрамя таго, для паспяховага выкарыстання дронаў на поле бою, Украіне фактычна з нуля трэба перабудаваць сістэму кіравання, спадарожнікавай сувязі і навігацыі. 

Каб не чакаць шмат гадоў, украінцы вырашылі закупляць гатовыя баявыя дроны за мяжой.

Насуперак стэрэатыпам, дроны — вельмі тэхналагічны прадукт, вытворцаў ударных беспілотнікаў у свеце зусім няшмат. Выключэннем з’яўляюцца хіба што дроны-«камікадзэ», якія можна спакойна вырабляць у саматужных умовах. Але паўнавартасныя ўдарныя беспілотнікі сёння ў вялікіх маштабах вырабляюць толькі Ізраіль, ЗША, Кітай і Турцыя. Еўропа і Расія адстаюць ад іх. 

Дроны тыпу Warmate.

Дроны тыпу Warmate.

Спачатку ўкраінцы закупілі польскія «камікадзэ» тыпу Warmate. Пасля доўгіх дзяржаўных выпрабаванняў яны былі прынятыя на ўзбраенне ў складзе разведвальна-ўдарнага комплексу «Сокал». Іх зборку наладзілі на чарнігаўскім заводзе.

RQ-11B Raven.

RQ-11B Raven.

Улетку 2016 года ўкраінская армія атрымала ад ЗША 24 камплекты тактычных разведвальных беспілотнікаў RQ-11B Raven (поўная маса дрона — 2 кг, радыус дзеяння — да 10 км), усяго 72 апараты і 48 станцый кіравання за 12 мільёнаў даляраў.

Гэта разведвальныя БПЛА хуткага разгортвання, прызначаныя для вядзення разведкі на малых вышынях днём і ноччу. Яго максімальная вышыня палёту — 5000 м, крэйсерская хуткасць — 32-81 км/г, практычны столь (максімальная вышыня палёту) — 4300 м. У паветры можа знаходзіцца 1-1,5 гадзіны. 

Што тычыцца сучасных ударных высокатэхналагічных дронаў, то выбар у ўкраінцаў быў невялікі — ні ЗША, ні Ізраіль, ні Кітай такое высокатэхналагічнае ўзбраенне Украіне не прадалі б раней. Заставаўся толькі адзін варыянт — Турцыя.

У пачатку 2019 года ва Украіну прыбыла першая партыя ўдарна-разведвальных беспілотнікаў турэцкай вытворчасці разам са станцыяй кіравання і боезапасам для іх узбраення. Гэта ўжо былі нашмат больш тэхналагічныя і небяспечныя для праціўніка дроны.

«Байрактар».

«Байрактар».

З красавіка 2019 года турэцкія «Байрактары» адправіліся на баявое дзяжурства ўздоўж лініі сутыкнення на Данбасе.

«Байрактар» — сярэдні разведвальна-ўдарны беспілотны комплекс з дронам масай 560 кг. Яго асноўная задача — патруляванне ў зададзеных раёнах на невялікай хуткасці і на вялікай вышыні з нанясеннем удараў высокадакладнымі бомбамі і ракетамі па малапамерных цэлях з вышыні 4800 м.

Для гэтага ён абсталяваны кіраванымі ракетамі і авіяцыйнымі бомбамі. Дрон абсталяваны некалькімі камерамі з высокім разрозненнем, сучасным праграмным забеспячэннем і можа без пасадкі знаходзіцца ў паветры больш за суткі. Беспілотнікі могуць біць цэль на адлегласці да 8 км, аднак шэраг мадыфікацый дазваляе павялічыць адлегласць да 16 км.

Туркі не проста прадалі дроны, але і падрыхтавалі ўкраінскіх аператараў. 

«Байрактары» — гэта магутны спосаб разведкі з магчымасцю аператыўнай перадачы каардынатаў. У той жа час комплекс можа адыгрываць важную ролю падчас баявых дзеянняў ва ўрбанізаванай мясцовасці, асабліва з неабходнасцю высокадакладных кропкавых удараў (напрыклад, падчас правядзення спецыяльных аперацый). Бомбы «Байрактара» з адносна невялікай баявой часткай дазваляюць удараць нават цэлі, што прыкрываюцца цывільнымі аб'ектамі, без лішняй рызыкі для мірнага насельніцтва.

Украіна закупіла некалькі дзясяткаў «Байрактараў». Гэтая здзелка выклікала шалёную рэакцыю Масквы і справакавалі напружанне ў адносінах Пуціна і Эрдагана.

У канцы кастрычніка 2021 года Украіна ўпершыню выкарыстала гэтыя дроны па прызначэнні. Паводле звестак украінскага Генштаба, сепаратысты раней абстралялі пазіцыі ўкраінскай арміі, у выніку чаго загінуў украінскі салдат і яшчэ адзін быў паранены. Украіна запатрабавала спыніць агонь, але прарасійскія сілы не рэагавалі. Тады Украіна прымяніла беспілотнік для прымусу суперніка да спынення агню, у выніку чаго была знішчана артылерыйская ўстаноўка разам з яе разлікам.

«Байрактар» — сапраўдная «зорка» на рынку дронаў. Турцыя ўжывала іх у Сірыі падчас аперацыі «Вясновы шчыт» у лютым 2020 года, а да гэтага ў Лівіі, дзе гэты беспілотнік дзейнічалі супраць арміі Хафтара. Гэты беспілотнік стаў самым вядомым падчас апошняга абвастрэння ў Карабаху. Большасць відэазапісаў удараў па цэлях у Карабаху, якія распаўсюджвалі азербайджанскія вайскоўцы, эксперты прыпісваюць менавіта яму.

«Байрактары» значна менш уразлівыя для паражэння, чым іншыя беспілотнікі. Дроны сур’ёзна ўзмацнілі баявыя магчымасці Украіны ў дачыненні да лакальнай аперацыі на тэатры ваенных дзеянняў на Данбасе.

Адметна, што Украіна пастаўляе рухавікі для стварэння ўдасканаленых турэцкіх «Байрактараў» Akinci. Гэтыя рухавікі распрацаваў Запарожскае машынабудаўнічае канструктарскае бюро «Прагрэс». Работы па распрацоўцы дронаў з удзелам «Прагрэсу» праходзяць у рамках створанага сумеснага ўкраінскага-турэцкага прадпрыемства.

А падчас візіту турэцкай дэлегацыі ў Кіеў было падпісана рамачнае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы высокіх ваенных тэхналогій. У прыватнасці, ва Украіне плануецца пабудаваць завод па вытворчасці «Байрактараў».

Беспілотнікі, якія будуць вырабляцца ва Украіне, будуць выкарыстоўваць як узброеныя сілы Украіны, так і Турцыі.

Лелека-100

Лелека-100

Яшчэ адзін дрон, які ёсць на ўзбраенні ўкраінцаў, гэта «Лелека-100» вытворчасці кампаніі «DeViRo» з Дняпра. Ужо ёсць яго розныя тыпы і мадыфікацыі, гэтую мадэль пастаянна ўдасканальваюць.

«Лелека-100» мае ўзлётную вагу 5+/-0,5 кг, яго максімальная вышыня палёту — 1500 м, максімальная хуткасць — 120 км/г, глыбіня разведкі — 100 км. У паветры можа знаходзіцца 2-2,5 гадзіны, радыус дзеяння складае 30-50 км. Дрон прызначаны для разведкі.

Таксама ў наяўнасці «People's Drone» PD-1 і PD-2. Гэтыя дроны зараз выпускае UkrSpecSystems, а першыя экзэмпляры збіралі за грошы валанцёраў і неабыякавых. PD-1 з размахам крыла 3 м можа знаходзіцца ў паветры да 10 гадзін. Пустым ён важыць 16 кг, максімальная ўзлётная маса — 40 кг. Маса карыснай нагрузкі: 10 кг.

Максімальная хуткасць — 140 км/г. 

Асобны клас — «дроны-камікадзэ». Яны б’юць па цэлі, знішчаючы сябе і ворага.

«Пілум»

«Пілум»

Украінская кампанія A.Drones правяла лётныя выпрабаванні беспілотнага дрона-снарада «Пілум». Вага апарата — да 10 кг. Вага карыснай нагрузкі — да 7 кг. Ён можа выкарыстоўвацца ў складзе рою дронаў для прарыву сістэмы СПА праціўніка. Радыус дзеяння — 50 км, максімальная вышыня — 2000 метраў.

ST-35 «Гром»

ST-35 «Гром»

Праца над стварэннем дрона-камікадзэ ST-35 «Гром», які распрацоўвае прыватная кампанія «Атлон Авія», пераходзяць у фінальную стадыю. Цалкам гатовым да паўнавартасных баявых выпрабаванняў гэты дрон будзе прыкладна ў сярэдзіне 2022 года.

Крэйсерская хуткасць дрона-камікадзэ складае каля 120 км/г, што павінна забяспечыць падлёт у раён цэлі на адлегласці 30 км прыкладна за 15 хвілін у нармальных метэаўмовах. Агулам дрон масай 10 кг (баявая частка важыць 3,5 кг) можа знаходзіцца ў паветры да 60 хвілін.

Гэта толькі некаторыя распаўсюджаныя ўзоры ваенных беспілотнікаў ва ўкраінскай арміі.

Але ці зменяць дроны баланс сіл у расійска-ўкраінскім супрацьстаянні? Не ўсё так проста. У ўкраінскай арміі няма сістэмнага бачання выкарыстання беспілотнай авіяцыі. З-за гэтага і вытворцы не ведаюць, што прапанаваць арміі. У войску ёсць дэфіцыт кадраў, бо аператар беспілотніка — гэта высокакваліфікаваны персанал, які ў цывільным жыцці можа зарабляць у разы больш, чым ва ўзброеных сілах. 

Акрамя таго, расійскае абароннае ведамства сцвярджае, што ў расіян ёсць дасканалыя сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, радыёлакацыйнага выяўлення і супрацьпаветранай абароны, якія могуць выявіць і нейтралізаваць нават турэцкія «Байрактары».

Стваральнікі мабільнай машыны СПА «Панцыр» нядаўна абвясцілі, што яна была мадэрнізаваная, у прыватнасці, для барацьбы з атакуючымі беспілотнікамі.

У расейцаў ёсць шматгадовы досвед барацьбы з невялікімі беспілотнікамі, якія былі разгорнутыя на Данбасе і вакол яго.

Таксама не варта забываць пра тое, што распрацоўкай беспілотнікаў пачалі займацца і самі расіяне, а таксама яны атрымалі практычны досвед іх выкарыстання ў Сірыі.

Чытайце таксама: Польшча, Брытанія і Украіна ствараюць новы ваенна-палітычны саюз. Што пра яго вядома?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0