19 студзеня Квяткоўскага затрымалі ў Мінску. У віну яму паставілі рэпост роліка, «у загалоўку якога была абраза супрацоўніка берасцейскай міліцыі». Квяткоўскага завезлі ў Пінск і пратрымалі за кратамі тры дні. А 22 студзеня выпусцілі, але зрабілі фігурантам крымінальнай справы. Пасля Квяткоўскі пакінуў Беларусь. Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале Андрэй Стрыжак, з Беларусі Квяткоўскага дапамог вывезці фонд BySol. Цяпер пісьменьнік — у Грузіі. Ён расказаў Свабодзе, што з ім адбылося.

«Я не хацеў быць палітычным эмігрантам»

— Давай адновім карціну, як усё адбывалася. Пачнём з вяртання ў Беларусь. Чаму вырашыў вяртацца? Праз якую мяжу ехаў? Пісалі, што ў твайго бацькі праблемы са здароўем…

— У бацькі са здароўем для яго ўзросту больш-менш у парадку. У нас было пытанне спадчыны, быў патрэбны мой подпіс. Гэта фармальна. А нефармальна — я не хацеў быць палітычным эмігрантам. Усімі фібрамі сваёй душы я імкнуўся ў Беларусь. Я беларусацэнтрычны чалавек. Люблю вандраваць, люблю замежжа, але вельмі люблю сваю краіну, сяброў, сваякоў. Відаць, я недаацаніў увагу да маёй персоны з боку дзяржавы.

Калі мяне затрымалі, я прыкінуўся валёнкам, наіўным чалавекам, з усім пагаджаўся. Вы будзеце з намі супрацоўнічаць? Канечне, буду. А думка была адна: як толькі вы мяне выпусціце, я адразу з'еду з краіны і буду расказваць усё як ёсць.

— Як адбывалася затрыманне? Праўладныя тэлеграм-каналы паказвалі ледзь не спецаперацыю з узломам дзвярэй.

— Я заехаў на тэрыторыю Беларусі ў ноч з 17 на 18 снежня 2021 года. Адрозна ад іншых пасажыраў аўтобуса Вільня — Мінск, мяне здымалі на відэа. Паглядзелі мой пашпарт, нешта там ім праграма выдала. Мяне затрымалі праз месяц і два дні.

— Дык ты больш за месяц жыў у Беларусі?

— Яны ведалі, што я ў Беларусі, але не маглі мяне знайсці. Я жыў у кватэры свайго былога цесця, які пайшоў з жыцця восенню 2021 года.

— Ты фактычна вярнуўся ў Беларусь жыць?

— Так. Я вярнуўся жыць. Я люблю Мінск, Беларусь. Я быў шчаслівы ездзіць 16-м тралейбусам з Чыжоўкі ў цэнтр.

Яны радаваліся, што мяне ўзялі. Яны — гэта ГУБАЗіК. Затрымліваў мяне спецназ — не ведаю, «Альфа», «Алмаз», АМАП, нейкае спецпадраздзяленне. Пасля зайшлі «губазікі». Яны мяне лічылі такім наіўным чалавекам, а я адразу прыкінуўся наіўным чалавекам. Яны не маглі паверыць у сваё шчасце, што я ім трапіўся. Адразу пачалі прамаўляць: Радыё Свабода, загуглі «Радыё Свабода»

— Цябе абвінавацілі ў перапосце відэа, дзе ўтрымлівалася абраза міліцыянта.

— Многія яго бачылі, на ім берасцейскі міліцыянт матам вучыць жыццю падлеткаў. Я гэта перапосціў. Мне пагражалі двума гадамі турмы. Мяне, мінчука, павезлі ў Пінск. Той міліцыянт быў берасцейскі, завялі справу ў Століне, а фармальна ўсім гэтым займаецца Пінск. Мяне везлі ў кайданках, але ўвесь час падкрэслівалі, што калі цяжка, давайце аслабім. Адзін не стрымаўся і сказаў: Вы ж заўважылі, што мы вас не білі? Намёк такі — давайце супрацоўнічаць. Канечне, буду супрацоўнічаць, так, я перапосціў гэты ролік. Але гэты ролік іх абсалютна не цікавіў. Ад затрымання да вызвалення з ізалятара часовага ўтрымання яны ўвесь час мяне выводзілі на тэму Радыё Свабода.

«Я веру, што лёс мяне вёў у ізалятар часовага ўтрымання Пінска, дзе над мной праводзілі эксперыменты»

— А што яны дакладна хацелі, каб ты расказаў?

— Я не ведаю, што дакладна. Яны хацелі проста набраць фактуру. У ізалятары да мяне прыйшоў следчы і пачаў пісаць пратакол. Што там пісаць, так, я перапосціў ролік. А ён пытаўся ледзь не як я пайшоў у садок, і пра Радыё Свабода. Я ім сказаў, што працаваў карэспандэнтам з 2002 па 2008 год, пасля сышоў са Свабоды, працаваў у «Будзьма», у мяне былі іншыя праекты. Потым зноў пачаў супрацоўнічаць з Радыё Свабода як публіцыст. Што яны могуць ад мяне дазнацца? Я праз імэйл дасылаў тэксты, і ўсё. Я не ведаў пра рэдакцыйныя расклады. Я так разумею, што калі яны затрымлівалі свабодаўцаў, а потым мяне, ім былі патрэбныя нашы камп'ютары, каб знайсці ў архівах нейкі кампрамат. Натуральна, былі свабодаўскія карпаратывы. Ну і што? Потым я зразумеў, што няма суладдзя паміж ГУБАЗіКам і Следчым камітэтам, бо яны пры мне сварыліся паміж сабой.

— Ты ў сваіх нататках у ФБ пачаў тлумачыць, што да цябе ў мінскім ізалятары ўжывалася незвычайная форма катавання з выкарыстаннем 3D-тэхналогій. Раскажы, што гэта было?

— Можаце верыць у лёс ці не верыць у лёс. Я веру, што лёс мяне вёў у ізалятар часовага ўтрымання Пінска, дзе над мной праводзілі эксперыменты.

І я іх магу апісаць. Спачатку я не разумеў, што адбываецца. У першую ноч перад вачыма ў камеры пачалі з'яўляцца жоўценькія іскаркі, пасля я пачуў незразумелую музыку невядома адкуль. На наступную ноч я зразумеў, што там уключылі праектар за сцяной і на мяне прысаджваліся стракозы, вада цякла па камеры. 3D, карацей, мульцік. У мяне мусіў паехаць дах.

«Я падумаў, што мне пашанцавала, таму што звар’яцець там вельмі лёгка»

— Якая была першая рэакцыя, што ты падумаў?

— Я падумаў, што мне пашанцавала, таму што звар’яцець там вельмі лёгка. Гэта падвал, на вуліцу не выводзяць, ты ў поўным бясчассі. Пісаць і маляваць нельга. Выратавала, што кніжкі перадаюць. Я спачатку ўзрадаваўся, клас, я ў мульцік трапіў. Потым падумаў, што, відаць, з псіхікай праблемы пачынаюцца. Потым думаю, няхай. Хай пачынаюцца. Мне тут усяго трое сутак сядзець. Калі я зразумеў, што працуе праектар, які ўтварае 3D-эфект, я сказаў ахоўніку: «Слухай, у вас там праектар за сцяной». Ахоўнік, малады хлопец, кажа, — так, працуе. Пытаюся, ці можна музыку цішэй зрабіць. Ён — я запытаю. Карацей, яны спаліліся цалкам. Увогуле, мне падалося, што іх ахоўнікі не супраць палітычных.

— Наталля Любецкая, якую ў прапагандысцкіх фільмах называлі пасыльнай Макара, расказвала ў інтэрв'ю Свабодзе, што яна дзіўна сябе адчувала пасля таго, як ёй не давалі спаць і далі дзіўныя нібыта «сардэчныя кроплі». Ты быў не ў СІЗА КДБ, а ў пінскім ізалятары. Ці давалі табе нешта такое, што потым магло выклікаць падазрэнні?

— Я думаў пра гэта, бо не першы год на свеце жыву. Гэта ўсё адбывалася па начах. На трэцюю ноч я цалкам зразумеў, што гэта. Але я маю яшчэ пацверджанне. Мой сукамернік прызнаўся, што яму баліць галава ад гэтай музыкі. Уявіць, што мне нешта падсыпалі ці падлілі і я цяпер пераказваю нейкія фантазіі, якія ўзніклі ў выніку хімічнага ўздзеяння, ужо не атрымаецца, бо ёсць сведчанні сукамерніка.

Гэта вельмі важная, грамадска значная інфармацыя. Такое можа адбыцца не толькі са мной. Таму я пра гэта расказваю.

— Як цябе вызвалілі?

— Заявілі, як і напачатку, што падазраём па артыкуле 369 (абраза службовай асобы), пасля 72 гадзін будзеце вызваленыя, з Пінска вашу справу перададуць у Мінск, там вас выклічуць да следчага праз месяц, а праз два месяцы ў суд. Так і вызвалілі праз 72 гадзіны.

«Натуральна, я ніводнай секунды ім не верыў»

— Многія людзі, пасля таго як выходзяць з-за кратаў і выязджаюць у іншую краіну, потым расказваюць, што былі вымушаныя падпісаць дамову аб супрацы са спецслужбамі. Ці было ў тваім выпадку нешта такое?

— У маім выпадку такога не было. Я хачу падкрэсліць, што гэта мая версія. Я 25 гадоў працаваў у мас-мэдыя і разумею, што ёсць факты (гэта асобная гісторыя) і ёсць версіі. Гэта мая версія. Калі мяне вызвалялі, мне выдавалі маю вопратку. Калі я амаль цалкам апрануўся і папрасіў куртку, мне сказалі, што куртка пабудзе ў нас, ідзі па свой абутак. Гэта заняло 6—7 хвілін, пакуль дойдзеш па калідоры, знойдзеш, надзенеш боты. І калі вярнуўся, тады мне вярнулі куртку. І я падумаў, што, магчыма, яны жучка туды засунулі. Я ўвесь гэты час з сябе рабіў наіўнага чалавека, які ім верыць. Натуральна, я ніводнай секунды ім не верыў. Мая версія такая, што мяне адпусцілі, бо яны паверылі, што я наіўны чалавек.

— Разумею, што не ўсё скажаш, але як удалося ўцячы з Беларусі?

— Тое, як я выязджаў з Беларусі ў Расію, а адтуль у вольны свет, я, канечне, зараз не магу казаць. Паверце, што варыянтаў дастаткова. Расейцам нашы праблемы не цікавыя, яны за Лукашэнку не падпісваліся. Таму выехаць можна.

— Ты пісаў у фэйсбуку, каб сябры не дзівіліся, калі пабачаць цябе ў бары ў нейкім антысвабодаўскім фільме. Што гэта азначае? Ці здымалі цябе?

— Не. Тут вельмі проста. Я хаджу ў Мінску ў два бары. Для мяне гэта важна, таму што гэта мае сябры, знаёмыя. Я такі Irishman, мне блізкая ірландская традыцыя хадзіць у пабы і камунікаваць там. Я падазраю, што ў адным бары, куды я хаджу, адзін чалавек усё здымае на відэа. Мы ведаем, што калі заходзіш у бар, цябе здымаюць. Я дапускаю магчымасць, што ў гэты бар хадзіў які-небудзь «губазік» ці «кэгэбэшка», і яны яго прымусілі аддаць запісы. Там нічога страшнага не будзе. Там я выпіваю, танцую, сплю, размаўляю і гэтак далей. Нічога такога антысацыяльнага я там не раблю. Яны абмовіліся, калі размаўлялі са мной, што «мы пра вас, Севярын Аляксандравіч, шмат ведаем, у тым ліку пра ваш улюбёны бар». Таму я такі тэкст напісаў у Фэйсбуку.

«Памятайце, што мы ў стане вайны»

— Андрэй Стрыжак з BySol не так даўно заклікаў людзей не вяртацца ў Беларусь ні з якіх прычын, бо гэта вялізарная рызыка, і пагроза і цяжар не толькі для затрыманага, але і ягонай сям’і, тых, хто спрабуе дапамагчы. Праўдападобна, ён меў на ўвазе твой выпадак. Што б ты сказаў тым, хто хоча вярнуцца?

— Давайце не драматызаваць. Калі б я ўехаў праз Латвію, Расію, не ўключаючы Velcom (A1), магчыма, мы б цяпер не размаўлялі. Я б ціха жыў сабе ў Беларусі і займаўся б сваімі справамі. Мая гісторыя ў чым паказальная? Я верыў, што я органам магу быць цікавы праз тое, што я штосьці нібыта ведаю пра фінансаванне, лагістыку, а яны мяне абралі чабурашкам для свайго мульціка. Гэтага я прадбачыць не мог. Таму ўсім, хто хоча вярнуцца ў Беларусь, я кажу: вяртайцеся, толькі не свяціцеся. Памятайце, што мы ў стане вайны. Гэта я напісаў яшчэ ў 2020 годзе. Супраць беларусаў пачалася вайна.

— Якая дапамога табе патрэбная?

— Мне была патрэбная толькі фінансавая дапамога, я пра гэта абвясціў. Ужо сабралі дастаткова грошай. Мне трэба зараз сабрацца. Ёсць прапановы па працы. Працаваць буду далей.

Чытайце таксама:

«Вырваўся з Мордара». Пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі з'ехаў з Беларусі

Затрыманы за палітыку Севярын Квяткоўскі нечакана выйшаў на свабоду

Затрыманы пісьменнік і публіцыст Севярын Квяткоўскі. Ён паўгода не быў у Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0