Рэспубліканская траса Р3 у Лагойскім раёне.

Рэспубліканская траса Р3 у Лагойскім раёне.

Агульная працягласць аўтамабільных дарог Беларусі — 86 тысяч кіламетраў. З іх 87% — гэта дарогі з цвёрдым пакрыццём. Па шчыльнасці на тысячу квадратных кіламетраў плошчы ў краіне прыпадае 364 кіламетры аўтадарог. 

Па словах начальніка Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аляксандра Галаўнёва, якасць айчынных дарог зніжаецца, штогод значна павялічваюцца аб'ёмы ямкавага рамонту.

«Прычына не ў тэхналогіях — прычына ў міжрамонтных тэрмінах. Напрыклад, самы дрэнны стан цяпер — у дарог на выездах з Мінска, якія ў 2000 годзе былі капітальна адрамантаваныя. Прайшло 20 гадоў, і там нічога не рабілі ў справе рамонту», — расказаў Галаўнёў.

 Але, паводле выступоўцы:

«Ямкавы рамонт — гэта наогул самы неэфектыўны спосаб укладвання грошай. Квадратны метр ямкавага рамонту каштуе ў восем разоў даражэй, чым метр новага пакрыцця».

Выбоіны і ямы на дарогах, па словах спецыяліста, у першую чаргу з'яўляюцца з-за невыканання міжрамонтных тэрмінаў. У прыватнасці, у суседняй Расіі, дзе клімат у сярэдняй паласе супастаўны з беларускім, пакрыццё дарог федэральнага значэння практычна не мае дэфектаў. Уся справа ў тэхналогіях абслугоўвання і рамонту. «Пласт зносу» ў чатыры сантыметры трэба здымаць раз на сем гадоў.

Але таксама Галаўнёў адзначыў, што такая тэхналогія патрабуе вялікіх рэсурсаў. Тым больш, калі трэба адрамантаваць усё і адразу. Прытым ямкавы рамонт, праведзены ў зімовых умовах, трэба перарабляць пры наступленні станоўчых тэмператур.

 «Асаблівасць праграмы «Дарогі Беларусі» на 2021—2025 гады — у тым, што мы спрабуем усімі сіламі сысці ад новага будаўніцтва дарог і засяродзіцца на рамонце пакрыццяў», — падкрэсліў Галаўнёў.

Па словах прадстаўніка Мінтранса, выключэнне складзе будаўніцтва аб'язных дарог вакол буйных гарадоў, каб зняць транзітную нагрузку. Цяпер аб'язныя трасы цягнуць у абыход Магілёва і Міра.

«Што тычыцца лічбаў, то плануецца рэканструкцыя 509 кіламетраў рэспубліканскіх дарог. Па мясцовых дарогах такой лічбы ў нас няма. У праграме ідзе адным радком сем тысяч кіламетраў па ўсіх відах рамонту і рэканструкцыі», — растлумачыў Галаўнёў.

Верагодна, што адмова ад будаўніцтва новых дарог звязаная з тым, што раней была магчымасць рабіць гэта за еўрапейскія грошы, напрыклад, за сродкі Банка рэканструкцыі і развіцця. Але цяпер гэтыя сродкі ў сувязі з палітычным становішчам для Беларусі недаступныя. 

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0