Аркадзь Мошэс.

Аркадзь Мошэс.

8 лютага заходняя прэса паведаміла, што прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, які сустракаўся напярэдадні з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, назваў «фінляндызацыю» Украіны адной з опцый для зняцця напружанасці ў стасунках паміж Кіевам і Масквой.

Падчас прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 8 лютага ў Кіеве Макрон, аднак, заявіў, што не карыстаўся гэтым тэрмінам, а наадварот, казаў, што НАТА «не можа спыніць палітыку адчыненых дзвярэй».

Ці падыдзе Украіне стратэгія «фінляндызацыі», што азначае адмову ад долі суверэнітэту ў абмен на гарантыі ўласнай бяспекі? І чаму некаторыя фіны да сённяшняга дня з непрыязнасцю ўспамінаюць пра гэты перыяд сваёй гісторыі? На гэтую тэму — інтэрв'ю з дырэктарам даследчай праграмы па ўсходнім суседстве Еўрасаюза і Расіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзем Мошэсам.

— Спадар Мошэс, як сама Фінляндыя разглядае вопыт «фінляндызацыі»?

— Фінляндыя не сама абрала для сябе гэты шлях. Згода абмежаваць свой знешнепалітычны суверэнітэт была на той момант адзіным даступным Фінляндыі спосабам захаваць унутранае ўладкаванне краіны.

Але гэта не быў свабодны выбар, менавіта таму ў гэты перыяд Фінляндыя старалася захаваць як мага больш сувязяў з Захадам, каб, як толькі зменіцца знешнепалітычнае становішча, тут жа адмовіцца ад «фінляндызацыі» і пачаць інтэграцыю з Захадам.

Сёння вопыт «фінляндызацыі» разглядаецца ў краіне не як удалы, а як вымушаны. Але чамусьці некаторыя людзі, не разумеючы асноў і наступстваў гэтага працэсу, лічаць, што пра яго можна спакойна размаўляць у XXI стагоддзі.

Сёння напамін пра «фінляндызацыю» для некаторых фінаў з'яўляецца балючым, нават абразлівым. Як гісторык я магу сказаць, што ўсе гістарычныя паралелі на гэты конт кульгаюць, яны — непрыдатныя.

Уявіце, што хтосьці сёння пачаў бы нагадваць Францыі пра перыяд яе гісторыі з 1940 да 1944 года, сцвярджаючы, што ён быў для краіны вельмі ўдалым. Напэўна, французы абразіліся б.

— І ўсё ж такі, калі ў Фінляндыі з'явілася такая магчымасць, яна ўсё роўна не ўступіла ў НАТА. Чаму?

— Калі Фінляндыя прымала свае рашэнні, яна лічыла, што сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе з'яўляецца дастатковай гарантыяй бяспекі. Хтосьці з гэтым згодны, хтосьці не. Але афіцыйная лінія ўрада, якую падтрымлівае і большасць насельніцтва, зводзіцца да таго, што ў краіны ёсць права выбару, і калі Фінляндыя захоча, яна зможа ўступіць у НАТА. Гэта быў выбар Фінляндыі — уступаць ці не ўступаць. Гэта не быў выбар Расіі, ці Злучаных Штатаў, ці Францыі.

— Ці гатовая Фінляндыя заставацца пазаблокавай дзяржавай нават на фоне агрэсіўнай замежнай палітыкі і рыторыкі Расеі?

— Дыскусіі на гэтую тэму не спыняюцца. Калі жывеш з такім суседам, як Расія, дыскусія па пытаннях бяспекі ў вас будзе ісці ўвесь час. Доўгі час у Фінляндыі не было якіх-небудзь зрухаў у грамадскім меркаванні па пытанні аб уступленні краіны ў НАТА: чвэрць насельніцтва была за і крыху больш паловы — супраць. Цяпер усё мяняецца, таму што пытанні стаяць крыху па-іншаму. Пытанне ставіцца так: ці падтрымалі б вы рашэнне аб уступленні ў НАТА, калі б знешнепалітычнае кіраўніцтва краіны яго прыняло?

Мы бачым, што многія падтрымалі б такое рашэнне, але апошняе слова застаецца за ўрадам, і гэта галоўнае. Асцярогі ў дачыненні да Расіі, безумоўна, растуць, і змены ў палітычным класе Фінляндыі ў сувязі з гэтым прыкметныя. Большасць палітычных партый пачынаюць ставіцца да Расіі як да прагматычнага суседа, чаго раней усё-такі не было.

— Ці мог бы, на вашу думку, «фінскі сцэнарый» пазаблокавасці, то-бок «фінляндызацыі» ў абывацельскім разуменні, стаць удалым рашэннем цяперашняга канфлікту вакол Украіны?

— На жаль, велізарная колькасць еўрапейскіх палітыкаў і каментатараў, асабліва з Германіі і Францыі, любяць казаць пра «фінляндызацыю». Шчыра кажучы, калісьці гэтаму трэба пакласці канец.

Вельмі добра, што Макрону прыйшлося апраўдвацца і абвяргаць сам факт, што ён мог выкарыстаць гэтае слова. Магчыма, цяпер карыстацца тэрмінам «фінляндызацыя» стануць радзей.

Што тычыцца нейтральнасці, або нейтралітэту, то ў Еўропе іх практычна ўжо не існуе. Можа быць, Швейцарыя яшчэ можа лічыцца нейтральнай краінай. Аднак краіны — члены ЕС нейтральнымі не з'яўляюцца, таму што ў іх ёсць пэўныя палажэнні адпаведных дамоў, якія забяспечваюць ваенна-палітычнае супрацоўніцтва ў рамках Еўрапейскага Саюза.

Можна казаць пра недалучэнне, вайсковую пазаблокавасць і гэтак далей. Але, па-першае, кожная краіна павінна вырашаць гэта для сябе. Падзеі 2014 года адбыліся, калі Украіна канстытуцыйна не ставіла перад сабой пытанне аб уступленні ў НАТА, а наадварот, казала пра сябе як пра пазаблокавую дзяржаву. Гэта значыць, замацаванне палажэння аб пазаблокавай дзяржаве, можа быць, парадаксальным чынам і справакавала тое, што адбылося з Украінай. Таму вельмі складана будзе «прадаваць» гэта (перавагі пазаблокавасці) Украіне.

Што тычыцца практычнай палітыкі, то пытання аб перспектыве членства Украіны ў НАТА да цяперашняга абвастрэння ў агляднай перспектыве не стаяла. Аднак пытанне фактычнай ваенна-палітычнай і эканамічнай інтэграцыі Украіны з заходнімі цэнтрамі сілы з парадку дня ніхто не здымаў, гэтая інтэграцыя ўсё адно будзе працягвацца.

— Што можа гарантаваць бяспеку краіны ў Еўропе XXI стагоддзя? Толькі прыналежнасць да ваенна-палітычнага блоку?

— Не, не толькі. XXI стагоддзе наогул будзе адрознівацца ад стагоддзя XX. Яно ўжо ад яго адрозніваецца: свет становіцца сеткавым, сапраўды шматпалярным. Галоўнай гарантыяй бяспекі з'яўляецца наяўнасць уласных моцных узброеных сілаў, здольных нанесці шкоду любому патэнцыйнаму агрэсару.

Вяртаючыся да фінскага вопыту, можна сказаць, што ён зводзіцца, у тым ліку, і да таго, што і ў гады дамовы аб узаемадапамозе з Савецкім Саюзам, і ў пачатку 1990-х гадоў Фінляндыя, у адрозненне, напрыклад, ад суседняй Швецыі, ніколі не адмаўлялася ад моцных узброеных сілаў. Тут захоўваецца прызыўная армія, шматтысячны рэзерв, робяцца сур'ёзныя закупкі сучасных узбраенняў. На гэта трацяцца велізарныя грошы.

Гэта значыць, эйфарыя, якая была ў Швецыі з нагоды таго, што зараз у нас будуць мір і сяброўства, і ўсё, што трэба Захаду, — гэта толькі аперацыі па падтрыманні міру, у Фінляндыі з яе гістарычным вопытам ні на секунду нікога не зачапіла. Таму Фінляндыя захоўвала магутныя ўзброеныя сілы. Гэта, безумоўна, з'яўляецца адным з вельмі важных кампанентаў па гарантаванні ўласнай бяспекі.

Але ёсць і механізмы міжнароднага, ваенна-палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва, якія, безумоўна, неабходныя, і таксама могуць дапамагчы.

— Зяленскаму, мяркуючы па ўсім, не спадабалася словазлучэнне «фінляндызацыя Украіны». Яго абурэнне можна зразумець?

— Абсалютна. «Фінляндызацыя» — гэта перыяд часу ў гісторыі Фінляндыі, калі краіна не была цалкам вольная рабіць знешнепалітычны выбар, які яна хацела б зрабіць. У XXI стагоддзі казаць пра абмежаванне права краін на выбар абсалютна непрымальна, і гэтыя размовы павінны спыніцца.

Чытайце таксама:

Le Figaro: Макрон гаварыў з Пуціным пра «фінляндызацыю» Украіны

Чаму Макрон гаворыць з Пуціным пра Беларусь?

«Лукашэнку далі зразумець, што ён — адна з фігураў у вялікай гульні». Як звязаны «сірыйскі кейс» з перамовамі ў Маскве

Крэмль назваў немагчымай «здзелку» з Францыяй па Украіне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0