«Будзем заклікаць людзей рабіць здымкі, толькі калі яны ўпэўненыя ў бяспецы»

«Наша Ніва»: Пра «Голас» зноў загаварылі напярэдадні рэферэндуму. Аднак зыходныя дадзеныя ў параўнанні з 2020 годам змяніліся. Многія лічаць, што зрабіць фота бюлетэня будзе небяспечна. Вы ўжо згадвалі, што рыхтуеце план з улікам сітуацыі. Калі ён будзе абвешчаны і аб чым можна казаць цяпер?

Павел Лібер: Безумоўна, «Голас» будзе прымаць фота бюлетэняў ад усіх ахвотных. Але мы будзем заклікаць людзей рабіць здымкі, толькі ў тым выпадку, калі яны ўпэўненыя ў ананімнасці і бяспецы гэтага працэсу.

Фота: dev.by

Фота: dev.by

У выпадку, калі гэта будзе немагчыма, прадугледзім варыянты, як паведаміць чат-боту аб сваім выбары, нават калі гэты выбар — увогуле не хадзіць на рэферэндум.

Са свайго боку, я б усё ж такі рэкамендаваў прыходзіць на ўчастак і выкрэсліваць абодва варыянты. Аналітыка з выбараў у жніўні 2020-га відавочна паказала, што чым менш людзей прыйдзе, тым прасцей сфальсіфікаваць вынік.

«НН»: Разумеем, што тэма набіла аскоміну, але можаце патлумачыць яшчэ раз, чаму ўзлом базы ў прынцыпе немагчымы?

ПЛ: База дадзеных знаходзіцца на абароненых серверах за межамі краіны, уся наша каманда таксама не ў Беларусі.

А самае галоўнае, што мы не захоўваем дадзеных, па якіх можна ідэнтыфікаваць карыстальнікаў.

У жніўні 2020-га мы не запытвалі персанальных звестак — ідэнтыфікатарам з’яўляўся дасланы бюлетэнь. Адзінае, што паведамляў чалавек — гэта нумар тэлефона, каб мы маглі дэдуплікаваць вынікі (выключыць паўторы) паміж Telegram і Viber, але гэта інфармацыя захоўваецца ў выглядзе хэшу (тып шыфравання) і мы самі не можам іх пазнаць. Таму любы зліў базы з адкрытымі нумарамі тэлефонаў не адпавядае рэчаіснасці. 

Гэта ўжо пяты ці шосты падобны ўкід, і «ўзломы» існуюць толькі ў прапагандысцкай рыторыцы. Пры гэтым апошні раз было заяўлена, нібыта ўсе будуць пакараныя за каментары. Гэта крыўдна, бо «Голас» — чат-бот, у якім няма магчымасці каментавання, а значыць дзяржаўная прапаганда нават не разабралася ў дэталях.

«НН»: Многія лічаць, што вынікі рэферэндуму, імаверна, будуць сфальсіфікаваныя. Тады ў чым сэнс альтэрнатыўнага падліку галасоў? Што ён павінен даказаць і каму? Як вы ацэньваеце вынікі мінулага «Голасу»?

ПЛ: У меркаванні наконт фальсіфікацыі я б замяніў слова «імаверна» на «гарантавана». У жніўні 2020-га ў нагляднай форме ўдалося прадэманстраваць вялікай колькасці людзей, што ўсе вынікі спускаюцца зверху і ніхто нічога не падлічвае.

Менавіта ў гэтым і быў сэнс альтэрнатыўнага падліку — паказаць тое, што не робіць Цэнтрвыбаркам, а дакладней параўнаць сапраўдныя бюлетэні на ўчастках і афіцыйныя пратаколы. Усе вынікі былі выкладзеныя ў публічны доступ, каб кожны мог пераканацца.

Менавіта таму справаздача «Голасу», створаная сумесна з камандамі «Сумленныя людзі» і «Зубр», даказвае фальсіфікацыі на выбарах і неаднаразова згадвалася як у дакументах АБСЕ, так і кіраўніцтвам еўрапейскіх краін пры непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам.

У гэты раз, безумоўна, немагчыма дасягнуць той жа колькасці галасоў, паколькі грамадства знаходзіцца пад жорсткім ціскам, але і мэты даказаць фальсіфікацыі ўжо не стаіць — гэта ўжо даказана, а значыць сам рэферэндум з'яўляецца нелегітымным і няма сэнсу рабіць гэта паўторна.

Таму зараз наша задача перш за ўсё яшчэ раз паказаць, як шмат людзей не згодныя з дзеяннямі ўлады. Таму мы разглядаем камбінаваныя варыянты збору меркаванняў людзей, каб зноў жа прадэманстраваць сапраўдную сітуацыю.

«Для дыяспары рыхтуем анлайн-рашэнне»

«НН»: Што будзеце лічыць пазітыўным для сябе вынікам рэферэндуму? Калі будуць абвешчаныя першыя падлікі?

ПЛ: Шырокае ўцягванне грамадства ў праяву нязгоды з рэферэндумам — найлепшы вынік.

Канкрэтных лічбавых мэтаў пакуль што не ставім, паколькі невядомыя дэталі. На дадзены момант не зразумела, у якіх умовах будзе праходзіць рэферэндум.

Напрыклад, рашэнне не адкрываць участкаў за межамі Беларусі адсякае досыць вялікую аўдыторыю, якая магла б даслаць бюлетэні. Аднак для дыяспары мы рыхтуем анлайн-рашэнне.

Таксама не выключаем іншыя нечаканасці — у прыватнасці, абмежаванні доступу на ўчасткі і іншыя адміністрацыйныя рэчы. Будзем адаптавацца на хаду.

«НН»: Кажуць, тэхналогію, якая прайшла праверку 2020-м годам, ацанілі ў Расеі. Быў нейкі фідбэк, аб якім можаце расказаць?

ПЛ: З Расіі цікавіліся іншымі нашымі прадуктамі па ўзаемадапамозе. Там ёсць свая платформа, якая дапамагае кандыдатам, так што канкрэтна да «Голасу» вялікай цікавасці не было.

Але нашым праектам цікавіліся з Казахстана, дзе праблемы, падобныя да нашых, назіраліся на выбарах.

«НН»: Ці вывучалі вы аналагі такіх народных экзітполаў у іншых краінах. Чым «Голас» лепшы ці горшы?

ПЛ: У краінах з сумленным галасаваннем «Голас» у прынцыпе бы не спатрэбіўся. Выбарчыя камісіі забяспечваюць дастатковую празрыстасць і там працуюць незалежныя экзітполы.

У Беларусі ж правядзенне незалежных экзітполаў немагчыма. А «Голас» запаўняе нішу, якой не існуе.

«Я лепш згуляю ў рулетку, чым паспрабую прагназаваць дзеянні ўлады»

«НН»: Аднак «Голас» — не адзіны праект, якім вы займаліся пасля выбараў. Яны не так вядомыя, але пры гэтым арыентаваныя на тых, хто вымушаны быў з'ехаць. Наколькі яны запатрабаваныя? 

ПЛ: Сёння ў нас ужо вялікае партфоліа прадуктаў, якое склалася пры ўдзеле нашых валанцёраў з каманды.

У прыватнасці, дадатак Digital Solidarity падказвае, каму чалавек можа зараз дапамагчы, а на тэлемедыцынскай платформе eЗдароўе за 7 месяцаў зарэгістравалася больш за 10 000 пацыентаў і 100 дактароў, таму гэта ўжо сапраўдны анлайн-медыцынскі цэнтр.

У апошні час фіксуем павелічэнне колькасці пытанняў пра каранавірус. 

Таксама мы дапамаглі стварыць платформу бясплатных юрыдычных кансультацый Legal Hub.

А ў партнёрстве з Цэнтрам беларускай салідарнасці ў Варшаве перазапусцілі праект BY_MAPKA, які дазваляе беларускім бізнэсам за мяжой расказаць пра сябе.

Адначасова працуем яшчэ над трыма вялікімі лічбавымі прадуктамі, але пра іх хацелася б расказаць пасля пачатку работы.

«НН»: У 2020 годзе адбыўся збег шэрагу важных фактараў. Як чалавек, які працуе з лікавымі мадэлямі, вы можаце сказаць — такія працэсы паддаюцца прагназаванню і з якой імавернасцю? Якія сцэнары бачыце вы? Рэферэндум можа стаць ключавым пунктам? А што будзе пасля яго?

ПЛ: Дзеянні існай сістэмы можна было б прагназаваць хаця б часткова дапускаючы, што яны падпарадкоўваюцца нейкаму здароваму сэнсу або ідуць не ўразрэз з інтарэсам краіны.

Але сёння гэта наступствы выпадковых капрызаў аднаго чалавека, які можа памяняць меркаванне тройчы на дзень. Таму я лепш бы згуляў у рулетку — там імавернасць адгадвання значна вышэй.

«НН»: Улада кажа пра завочныя суды і канфіскацыю маёмасці. Вас гэта палохае? Думаеце, дойдзе да гэтага?

ПЛ: Як я ўжо казаў, няма сэнсу спрабаваць знайсці нейкі здаровы сэнс у дачыненні да рашэнняў улады.

У выпадку, калі гэта зачэпіць прыватна мяне, будзе дадатковым стымулам працягваць сваю працу.

Як правіла, падобныя рашэнні з’яўляюцца прыкметамі таго, што сістэма развальваецца сама сабой. У гісторыі гэта адбывалася досыць часта.

«НН»: У інтэрв'ю Юрыю Дудзю вы сказалі, што для ўзлому кватэры патрэбны толькі дзверы. Атрымліваецца, дна няма? Як жыць з усведамленнем безвыходнасці?

ПЛ: Дна няма, але і безвыходнасці ў мяне няма. Яна б была, калі б я бачыў, што грамадства супакоілася, а Еўрасаюз просіць Лукашэнку выпусціць палітвязняў, каб зняць санкцыі, і мы ўсе дружна перагортваем старонку. 

Аднак нічога гэтага не адбываецца. Сітуацыя, безумоўна, завісла ў часе, і можа пахіснуцца ў любы бок. Пакуль што для мяне пазітыўнае рашэнне сітуацыі бачыцца са значна большай імавернасцю.

Скрыншот з YouTube-роліка канала вДудь

Скрыншот з YouTube-роліка канала вДудь

«НН»: Між тым непрыкметна Беларусь ператвараецца ў чорную дзірку, якую аблятаюць пасажырскія самалёты і ўжо нават аб'язджаюць грузавыя цягнікі. Выехаць з краіны праблематычна, сітуацыя з эпідэміялагічным становішчам няважная, эканоміка рухаецца да крызісу. Будзе куды вяртацца? Ці гэтую чараду падзей варта ўспрымаць як абвастрэнне хваробы перад выздараўленнем?

ПЛ: Выздараўленне — менавіта так я гляджу на гэтую сітуацыю.

Так, сёння Беларусь не самая светлая пляма ў Еўропе з пункту гледжання рэпутацыі, а тое, што адбываецца ў краіне, вельмі нагадвае сталінскія рэпрэсіі.

Але гэта і выздараўленне грамадства. Відавочная дэманстрацыя, да чаго могуць прыводзіць падобныя рэжымы, і ўцягванне людзей у палітычныя працэсы.

Мяркую, гэта вельмі моцная прышчэпка ад дыктатуры на будучыню. Галоўнае, каб не на кароткі тэрмін.

«НН»: Апошнія паўтара года гаварылі аб адтоку спецыялістаў, у першую чаргу з сферы IT. Аднак эканамісты фіксуюць павелічэнне колькасці заказаў у беларускіх кампаній, рост занятых і выручкі. Пракаментуеце, што адбываецца?

ПЛ: IT-сектар па ўсім свеце дзейнічае ва ўмовах вельмі спрыяльнай сусветнай эканамічнай кан'юнктуры. Тым больш што каранавірус якраз падштурхнуў велізарную колькасць бізнэсаў і кампаній да больш актыўнай лічбавізацыі.

Адток спецыялістаў, на жаль, працягваецца. Нават у справаздачнасці за 2021 год шмат IT-кампаній не сталі раскрываць дадзеныя па балансе супрацоўнікаў.

Адначасова яшчэ больш людзей імкнуцца трапіць у IT-сферу, ураўнаважваючы баланс у колькасці людзей, але зрушваючы баланс у кампетэнцыі, бо прыходзяць хутчэй пачаткоўцы, а з’яджаюць больш дасведчаныя спецыялісты.

«Набліжаныя адчуваюць любоў не да канкрэтнай асобы, а да пасады». Прафесар псіхалогіі Уладзімір Янчук аб цяперашнім стане ўлады і грамадства

«Лукашэнка пачаў апошнюю гульню ў сваім палітычным жыцці». Вялікая гутарка з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам

Ягор Лебядок: Да 2026-2028 гадоў верагоднасць вайны ў нашым рэгіёне складзе два з трох

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0