Аб пераносе свайго пасольства ў Львоў паведаміла Аўстралія, блізкая саюзніца ЗША, якая ўваходзіць у разведвальны саюз са Штатамі.

«Улічваючы пагаршэнне сітуацыі з бяспекай, выкліканай накапленнем расійскіх войскаў на мяжы, урад вырашыў вывезці персанал з аўстралійскай амбасады ў Кіеве і часова спыніў дзейнасць нашага пасольства ў Кіеве. Мы перанясём нашы аперацыі ў часовы офіс у Львове», — гаворыцца ў заяве ведамства.

Канада, іншая саюзніца ЗША, часова пераносіць сваю амбасаду з Кіева ў Львоў праз пагрозу далейшай расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Пра гэта заявіла міністр замежных спраў Канады Мелані Жалі, паведамляецца на сайце МЗС краіны.

«Улічваючы працяг пагаршэння сітуацыі з бяспекай, выкліканай павелічэннем расейскіх войскаў на межах Украіны, мы перанясём нашу працу ў часовы офіс у Львове і часова спынім дзейнасць сваёй амбасады ў Кіеве», — сказала Жалі.

Нямецкае прадстаўніцтва ўсходніх абласцей Украіны другі раз за дзесяць гадоў пераносіць консульства з Дняпра ў Львоў. Упершыню дыпустанова эвакуявалася з Данецка ў Дняпро ў 2014 годзе.

«Мы пакінем наша пасольства ў Кіеве адкрытым, але скароцім колькасць дыпламатаў. Наша Генеральнае консульства ў Данецку, з 2014 года размешчанае ў Дняпры, будзе часова перамешчанае ў Львоў», — паведаміла міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербак у суботу, 12 лютага, у сваім Twitter.

Пра што могуць гаварыць падобныя паводзіны заходніх дыпламатаў? Хутчэй за ўсё пра тое, што заходнія разведкі ацэньваюць імавернасць ваенных дзеянняў у заходніх абласцях Украіны як вельмі нізкую. У апублікаваных у заходніх медыя картах магчымага расейскага наступу гаворыцца пра тое, што Расія наўрад ці пойдзе на акупацыю ўсёй Украіны. У якасці магчымай лініі падзелу нават пры сцэнары максімальнага поспеху Расіі называюцца рэкі Дняпро альбо Збруч.

Ваеннае ўварванне Расіі на захад Украіны менш імаверна не толькі з-за большай адлегласці, але і з-за таго, што ў Заходняй Украіне істотна павышаецца імавернасць партызанскай вайны супраць расейцаў, што робіць цану магчымага ўварвання для Расіі занадта высокай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0