«Тэхнічна ў праграму пакуль можна загрузіць толькі вынік ПЛР-тэста з лабараторый, падключаных да сістэмы, а QR-коды на беларускіх сертыфікатах вакцынацыі старога ўзору зусім не падыходзяць практычна ні для чаго, што звязана з выездам за мяжу», — тлумачыць аўтар блога «Збірай заплечнік» Марына Зюлікава.

Аднак з 15 лютага Міністэрства аховы здароўя пачынае выдаваць сертыфікаты аб вакцынацыі новага ўзору. Самае галоўнае новаўвядзенне — на іх з'явіцца QR-код, які счытваецца праграмай.

Дакумент можна будзе падгрузіць у «Падарожнічаю без COVID-19» і як мінімум выкарыстоўваць у якасці пропуску для наведвання грамадскіх месцаў у краінах, дзе такая праграма выкарыстоўваецца.

Іншымі словамі, беларусы змогуць наведваць кафэ, рэстараны, музеі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і іншых гарадах Расіі, дзе для ўваходу патрабуецца QR-код.

«Важна разумець, што калі для ўезду замежнікам патрэбны ПЛР-тэст, то QR-код не адмяняе гэтае патрабаванне — падкрэслівае аўтар блога.

— Напрыклад, для ўезду ў Расію ўсім замежнікам без выключэння быў патрэбны ПЛР-тэст, так ён па-ранейшаму і патрэбны. Гэтае патрабаванне дзейнічае да таго часу, пакуль яго не адменяць, апублікаваўшы адпаведны дакумент».

Паводле звестак Мінздароўя, з 15 лютага разам з новым фарматам сертыфіката аб вакцынацыі ў Беларусі з'явіцца адзіная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўліку асоб, вакцынаваных супраць COVID-19.

Сертыфікат старога ўзору будзе лічыцца сапраўдным да ўказанай на ім даты. Сертыфікат новага ўзору будзе афармляцца па жаданні грамадзян. Звесткі ў абавязковым парадку будуць уносіцца ў інфармацыйную сістэму. На час яе тэставай эксплуатацыі будзе арганізаваная абмежаваная пілотная зона, а сертыфікаты будуць выдавацца бясплатна. Плануецца, што да 1 красавіка інфармацыйная сістэма запрацуе па ўсёй Беларусі.

Пакуль сертыфікаты новага ўзору можна будзе атрымаць толькі ў трох медыцынскіх установах: 39-й гарадской клінічнай паліклініцы, 2-й гарадской клінічнай бальніцы і Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры кіравання справамі прэзідэнта.

Таксама па жаданні грамадзян магчыма будзе бясплатна перааформіць сертыфікат старога ўзору на сертыфікат новага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0