Студэнты здавалі іспыт Ананіч яшчэ 25 студзеня. Дэпутатка вяла курс «Міжнародная праблематыка ў сродках масавай інфармацыі».

Тэмы білетаў гучалі ідэалагічна выверана. Вось некаторыя з іх: «Каляровыя рэвалюцыі і гібрыдныя войны ў сучаснай геапалітычнай карце свету», «Аднабаковыя прымусовыя эканамічныя санкцыі калектыўнага Захаду як інструмент умяшальніцтва ў справы сувярэнных дзяржаў», «Энергетычны крызіс у Еўропе ў кантэксце геапалітычнага супрацьстаяння», «Перспектывы інтэграцыі Беларусі і Расіі (Саюзная дзяржава) ва ўмовах санкцыённага ціску калектыўнага Захаду».

Студэнтам прапаноўвалася таксама паразважаць пра мнагавектарнасць знешняй палітыкі Беларусі па матэрыялах Усебеларускага народнага сходу.

«Спадзяюся, калі не ўсім, то добрай пяцёрцы сённяшніх экзаменаваных, дапаможа адбыцца маё настаяцельнае — памятайце, як слова адаб'ецца і што журналістыка — прафесія дзяржаўная. Сэнс яе — служэнне сваёй краіне і свайму народу», — напісала Ананіч пасля іспыту ў сваім інстаграме.

Свае варыянты адказаў на білеты пад допісам пакінуць нельга. Пост закрыты для каментавання.

Студэнты журфака: «Адна з цытат: «Аб’ектыўная журналістыка — тая, што аб’ектыўная з боку дзяржавы»

Студэнты журфака БДУ расказалі, як праходзіў экзамен у экс-міністаркі інфармацыі.

«Здзівіліся, калі ўбачылі білеты, але пасля яе лекцый гэта было чакана. Яна на кожнай пары праводзіла прапаганду, па сітуацыі з мігрантамі, Канстытуцыяй і падзеях, што праходзілі на працягу семестра, — расказвае студэнтка. — Адна з цытат: «Аб’ектыўная журналістыка — тая, што аб’ектыўная з боку дзяржавы». Пра «Нашу Ніву», дарэчы, казала, маўляў, вы ж разумееце, што цяперашняе выданне ніякага дачынення не мае да «старой».

Фота са старонкі ў Фэйсбуку дэпутаткі

Фота са старонкі ў Фэйсбуку дэпутаткі

Таксама гаварыла: «Вы ж разумееце, што мы не з Еўропай канфліктуем, а праз Еўропу ЗША спрабуе намі кіраваць». А пра Расію: «Мы дакладна павінны ведаць, дзе нам цёпла, а дзе нам холадна».

Пра апазіцыю меркавала: «Гэтыя збеглыя не апазіцыя — апазіцыя павінна знаходзіцца ў краіне, а гэта так». Гаварыла, што ад санкцыяў пацерпіць Еўропа, а не Беларусь.

Лекцыі было агідна слухаць, пасля першага сеансу прапаганды ў мяне ўвесь дзень балела галава, таму што ў цвярозым розуме цяжка ўспрымаць гэтую інфармацыю. Але яна шчыра ў яе верыць.

На экзамене адказвалі па білетах, але больш яна гаварыла, чым мы. Асабліва па тэмах, якія яе трывожылі, пра каляровыя рэвалюцыі, напрыклад, ці пра Украіну.

Хлопцу з Кіева яна задала пытанне: «Вы ж разумееце хто кіруе вамі?». Ён сказаў, што ніхто не кіруе, яна і пачала расказваць.

Гаварыла, што Украінай кіруе калектыўны захад і, вядома ж, Амерыка. На экзамене ўсім паставіла рэйтынгавую адзнаку. Цікава, што ў яе ў спісе была калонка «пазіцыя». Што яна туды пісала — не ведаю».

Яшчэ адна студэнтка Ліліі Ананіч кажа, што білеты яны бачылі загадзя і пытанням на экзамене не асабліва здзівіліся.

«Ананіч казала чытаць навіны, каб быць у курсе падзеяў, што ў свеце адбываецца, — расказвае дзяўчына. — Канечне, толькі дзяржаўныя медыя. Здалі, дарэчы, усе. Але мы чакалі і ведалі, што будуць такія білеты. Бо на кожнай пары абмяркоўвалі навіны, чытала лекцыі, як у нас усё выдатна.

На парах трэба было ёй расказваць навіны, якія былі на тыдні. Калі ў кагосьці меркаванне адрознівалася ад яе, то рэзка перабівала, казала, што гэта не так, і працягвала гнуць сваё. Любое іншае меркаванне яна спыняла. Уся пара — гэта быў яе маналог. Не было такога, што падчас лекцыі яна ў кагосьці пыталася меркаванне. Сядзіць і сама сабе гаворыць нібыта. Ніхто яе не слухаў, усе займаліся сваімі справамі.

Допуск да іспыту — напісаць рэферат. Тэмы прыкладна такія ж, як і білеты на іспыт. Усе капіравалі гэтую «дзяржаўную» інфармацыю і адказвалі. Карацей, здалі і забыліся. Яна нам нічога не дала і мы нічога не вынеслі адпаведна».

Чытайце таксама:

Дэпутатка Ананіч апранула ўсю сям'ю ў мерч ад Лукашэнкі ФОТАФАКТ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0