Фота: max8xam / depositphotos.com

Фота: max8xam / depositphotos.com

— Наколькі нечаканым было рашэнне Украіны і чым яно тлумачыцца?

— Мы назіраем тое, як палітычны крызіс і міжнародная нелегітымнасць беларускіх уладаў уплываюць на эканоміку. Гэта працяг трэнду. Наш урад прызвычаіўся думаць, што іншыя краіны могуць толькі рабіць гучныя заявы, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі, звяртаць увагу на нейкі гвалт у краіне, але пры гэтым будуць працягваць весці бізнэс.

Але цяпер мы бачым, што не.

Міжнародная таксічнасць Беларусі стала перавышаць даходы ад бізнэсу з Беларуссю. І аказалася, што Беларусь была абсалютна непадрыхтаванай.

Улады не верылі, што Літва забароніць перавалку калію праз сваю тэрыторыю. Сталі тэрмінова шукаць іншыя варыянты. Хоць, здавалася б, на гэта быў амаль год. А з іншых варыянтаў у нас толькі два: гэта Украіна і Расія.

Мабыць, была ў тым ліку ідэя, што Украіна, чыя эканоміка даволі моцна завязаная на Беларусь, на пастаўкі нафтапрадуктаў і бітуму, пашырыць транзіт калію. Але не.

Нават для Украіны Беларусь становіцца занадта таксічнай. Асабліва ўлічваючы ваенізаваную рыторыку Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да Украіны, яго заявы пра Крым, разгортванне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Думаю, гэта таксама адыграла ролю ў прыняцці рашэння.

Калі СМІ наўпрост пытаюцца ва ўкраінскіх дзеячаў, як яны глядзяць, напрыклад, на транзіт беларускага калію, на якім Украіна, вядома, магла б зарабіць, тыя не могуць адказаць, што глядзяць на гэта добра. І пачынаюць зачыняць каналы.

Леў Львоўскі.

Леў Львоўскі.

— Рашэнне закрыць транзіт для Украіны было самастойным ці яно ўзгоднена з іншымі краінамі? Ці, можа, наогул гэта зроблена па ўказцы адкуль-небудзь?

— Вядома, гэта рашэнне Украіны. Ніякай указкі не было. Як не было ніякай указкі Літве. Калі Літва перакрыла транзіт, да гэтага былі кансультацыі з ЗША наконт іх санкцый, і ў Вашынгтоне некалькі разоў афіцыйна пацвярджалі, што Літва не абавязаная спыняць транзіт калію. Украіна тым больш. Яна не ўваходзіць ні ў якія саюзы, нікому нічым не абавязаная. Гэта цалкам эфект таксічнасці.

Магчыма, калі б журналісты не пыталіся ў «Укрзалізніцы», што яны робяць з беларускім каліем, то тыя паволі працягвалі б вазіць і, можа, нават пашырылі транзіт.

Але калі гэта выходзіць у публічную плоскасць, і ў «Укрзалізніцы» наўпрост цікавяцца, наколькі яна хоча дапамагаць беларускаму рэжыму, то ў іх няма іншай опцыі. І прасцей страціць трохі прыбытку ў перавозцы, але сказаць, што «не, Украіна не будзе супрацоўнічаць з беларускім рэжымам».

— Наколькі вялікія страты ад гэтага рашэння нясе Украіна?

— Страты ацаніць даволі складана. Таму што ўсе гэтыя дамовы былі, натуральна, непублічныя. Але праз тэрыторыю Украіны раней ішоў вельмі маленькі аб'ём калію. Гэта значыць, ад таго, што ў іх было, яны страцілі нязначна. Але, з іншага боку, яны маглі б у тэорыі набыць цяпер вельмі шмат, калі б паўнавартасна замянілі Літву для транзіту калію. Але ў гэтым выпадку ўкраінскія ўлады страцілі б твар перад сваім народам, страцілі б нейкія міжнародныя адносіны.

— А колькі Беларусь губляе ад закрыцця?

— Беларусь губляе вельмі шмат. Усё залежыць ад таго, як хутка яны змогуць знайсці новае транспартнае плячо. Справа ў тым, што не так даўно былі заявы, што расійскае транспартнае плячо не гатовае, там патрабуюцца інвестыцыі, мадэрнізацыя і палатна, і расійскага порта.

Ды і сам Аляксандр Лукашэнка не так даўно ў інтэрв'ю Салаўёву заяўляў, што ў лепшым выпадку нам запатрабуецца ледзь не год для таго, каб паўнавартасна запусціць транзіт праз Расію. І яшчэ пытанне, колькі гэта будзе каштаваць.

Такім чынам, калі ўзяць звычайны экспарт «Беларуськалія», які быў 2,5 млрд, то атрымліваецца, што калі за паўгода не атрымаецца пачаць транзіт праз тэрыторыю Расіі, то гаворка можа ісці пра мільярд стратаў.

— А ці будуць меры ў адказ з боку Беларусі? Які мог бы быць гэты «сіметрычны адказ»?

— У тэорыі, вядома, так. Але гэта будзе мінус для самой Беларусі. Украіна — адзін з найбуйнейшых нашых пакупнікоў нафтапрадуктаў, і калі перастаць ім іх прадаваць, то, вядома, Украіне прыйдзецца несалодка. Гэта з аднаго боку. Але, з другога, у Беларусі такім чынам згубяцца яшчэ мільярды даляраў.

Эканомікі звязаныя. Таму, робячы балюча іншым краінам, вы, безумоўна, робіце балюча і сабе. Толькі калі ваша эканоміка моцна большая, тады ў працэнтных суадносінах вы страціце не так шмат. Як, напрыклад, у выпадку з ЕС. Для іх Беларусь — гэта малы гандлёвы партнёр. А для Беларусі ЕС — вялікі гандлёвы партнёр.

Таму нават калі ў абсалютных лічбах мы можам зрабіць адзін аднаму аднолькава балюча, то адносна агульнага аб'ёму эканомікі ЕЗ нават не заўважыць санкцый Беларусі, а для Беларусі мільярды даляраў — гэта будзе вельмі шмат.

— Тады якая, па-вашаму, будзе рэакцыя з боку беларускага кіраўніцтва?

— Цяжка сказаць. Аляксандр Лукашэнка робіць даволі нечаканыя і рэзкія хады, якія часта могуць быць і стрэлам сабе ў нагу. Але я не думаю, што будуць якія-небудзь абмежаванні больш, чым слоўныя пагрозы ў бок Украіны. Таму што калі мы яшчэ і перастанем экспартаваць нафтапрадукты ва Украіну, то гэта ўжо будзе востры крызіс для беларускай эканомікі.

Так што, хутчэй за ўсё, услед прагучаць гучныя заявы, за якімі нічога не будзе стаяць. А ў любой незразумелай сітуацыі беларускі рэжым апошні год-паўтара дзейнічае аднолькава: звяртаецца да Расіі па дапамогу. І я думаю, што галоўная рэакцыя будзе заключацца ў тым, каб папрасіць ва Уладзіміра Пуціна крэдытаў яшчэ на некалькі мільярдаў даляраў.

Чытайце таксама:

На «Слаўкаліі» працуюць ацэншчыкі маёмасці, ходзяць чуткі аб продажы «Уралкалію». Што адбываецца?

Шрайбман: Адмовіцца ад зашкварнасці на карысць рэпутацыі — таксама прагматызм

Праз Расію ці Украіну? У Індыю? Якім шляхам пойдзе беларускі калій

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0