Прачытаў раман Сашы Філіпенкі «Крэмулятар» пра першага дырэктара Маскоўскага крэматорыя. Пятра Несцярэнку арыштоўваюць праз дзень пасля нападу нацыстаў на СССР і абвінавачваюць у шпіянажы. Яго перавозяць у саратаўскую турму і праз допыты, якія вядзе там малады НКВДэшнік, успаміны і мастацкія маналогі вязня з каханай жанчынай мы знаёмімся з абсалютна трагічным лёсам чалавека і гісторыяй з неверагодна дзівосным фіналам. Не хачу спойлерыць, але канцоўка там годная Лінча.

Кніга вельмі своечасовая. Чытаючы пра рэпрэсіі ў СССР, увесь час у галаве круціўся наш сучасны кантэкст. Аналогій там мора. Чытаеш допыт у НКВД, і ўяўляеш, як гэта адбываецца ў пакоі на фоне славутых дзвярэй ГУБАЗіКа. Пры нагодзе, Філіпенка, як бы сказаў генпракурор Швед, «цинично и кощунственно надругался над нашим славным прошлым» і зарабіў на някепскую крымінальную справу. У Год гістарычнай праўды «Крэмулятар» вельмі дарэчы. Але не менш, чым пра нашу гісторыю, гэта кніга пра моц кахання.

Моцным плюсам кніг Сашы Філіпенкі з'яўляецца яго мова. Гэта шыкоўны стыль. Нібыта вельмі просты для ўспрыняцця, лёгкі, але разам з тым гэта багатая і насычаная мова. Горача рэкамендую.

label.reaction.like
2
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0