Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

«Лукашэнка карыстаецца сітуацыяй, каб атрымаць кампенсацыю і дапамогу»

«Супрацьстаянне Захаду было асноўным лейтматывам выступу перад журналістамі. На гэтай глебе адбываецца супрацоўніцтва і працэсы інтэграцыі. То-бок Беларусь патрэбна Расіі ў гэтым кантэксце, і таму Масква гатова падтрымліваць Лукашэнку», — лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Ён звяртае ўвагу, што па выніках сустрэчы прагучала заява пра будаўніцтве порта ў Ленінградскай вобласці, праз які будзе адбывацца транзіт калійных угнаенняў.

«Вайна з Захадам — тое, што аб’ядноўвае дзве краіны. Беларусь — адзіны саюзнік у гэтым пытанні для Расіі. Неабавязкова гэта гарачыя баявыя дзеянні, але вайна нерваў, інфармацыі, дыпламатыі», — заўважае Валер Карбалевіч.

Тое, што шмат часу было прысвечана пытанню санкцый, палітолаг лічыць сведчаннем іх уплыву на эканоміку Беларусі: «У адказ Лукашэнка карыстаецца сітуацыяй, каб атрымаць кампенсацыю і дапамогу. А Расія гатова ісці насустрач. Бо ў сітуацыі вайны не лічацца з дробязямі, а гуляюць па-буйному».

Але ж, нагадаем, пакуль прамых грошай для Беларусі не вылучана. Больш за тое, за некалькі дзён да візіту ў Маскву было заяўлена, што краіна не атрымае ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця 3,5 мільярда даляраў, якія прасіла.

«Гаворка ішла пра фонд стабілізацыі, аднак крэдыт можа быць атрыманы, напрыклад, ад ураду Расіі. Магчымы іншыя варыянты. Гэта не канчатковае рашэнне, і я б пачакаў, каб рабіць высновы», — кажа Валер Карбалевіч.

«Хочацца трымаць саюзніка на кароткім ланцужку, а не даваць яму адчуванне, быццам ён атрымаў карт-бланш на вялікую аўтаномію»

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман згодны з меркаваннем, што гаворка аб санкцыях сведчыць аб іх уздзеянні на эканоміку: «Тое, што пакуль гэта незаўважна ў лічбах, хутчэй шанцаванне, звязанае з экспартным цудам».

Эмацыянальны характар выступу Лукашэнкі, на думку аналітыка, не адрозніваецца ад папярэдніх сумесных брыфінгаў і прэс-канферэнцый: «Украінскую сітуацыю ён каментуе з такім напорам, каб прадэманстраваць лаяльнасць і падкрэсліць салідарную пазіцыю, адзінства Мінска і Масквы ў гэтым пытанні».

Арцём Шрайбман лічыць, што канкрэтыкі наконт эканамічнай падтрымкі амаль не прагучала, акрамя будаўніцтва порта: «Назваць гэта падтрымкай складана. Хутчэй, узгадненне беларускага запыту».

«Вылучэнне меншага крэдыту, чым хоча Беларусь, сведчыць аб тым, што пазіцыя Расіі не мяняецца, — мяркуе аналітык. — Мінск зараз не знаходзіцца пад рызыкай дэфолту. Ёсць крэдытна-валютныя рэзервы, якіх на гэты год хопіць. Таму вылучаецца неабходны мінімум. Хочацца трымаць саюзніка на кароткім ланцужку, а не даваць яму адчуванне, быццам ён атрымаў карт-бланш на вялікую аўтаномію».

«Ці не апынецца заўтра Лукашэнка ў Крыме, які Расія лічыць сваёй тэрыторыяй?»

Як заўважае палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, не дадзены адказ на галоўнае пытанне — аб вывадзе войскаў пасля заканчэння вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022».

«Ні Пуцін, ні Лукашэнка гэта не ўзгадалі. То-бок важны аспект вынесены за дужкі. Што будзе адбывацца заўтра (было анансавана ўдзельніцтва ў «сур’ёзным мерапрыемстве») — невядома. Інтрыга захоўваецца.

Лонданскае выданне The Guardian паведамляе, што Лукашэнка прыме ўдзел у вучэннях сілаў стратэгічнага стрымлівання, падчас якіх адбудуцца пускі балістычных і крылатых ракет. Такім чынам Масква выводзіць Лукашэнку і Беларусь на новы ўзровень супрацьстаяння з Захадам», — мяркуе аглядальнік.

Ён заўважае, што зараз Лукашэнка імкнецца быць большым расіянінам, чым самі расіяне.

«Кажа тое, што падабаецца другому боку. Падчас падыходу да прэсы ён выступаў з даволі агрэсіўнай рыторыкай. Заўважце, што вострыя заявы ў дачыненні да Захаду былі сказаны ім, а не Пуціным», — кажа Фрыдман.

Многія звярнулі ўвагу на пытанне журналіста «Коммерсант» аб вечным прэзідэнстве, але Аляксандр Фрыдман лічыць, што больш цікавым было пытанне карэспандэнткі беларускага тэлеканала. Бо, хутчэй за ўсё, яно было ўзгоднена загадзя.

«А спыталася журналістка пра санкцыі, а не пра войскі, — звяртае ўвагу аналітык. — Пэўна эканамічны ціск цікавіць Лукашэнку больш за ўсё. А што тычыцца эскалацыі вакол Украіны, то імаверна, яны вырашылі працягваць інтрыгу».

Па словах аглядальніка, з нагоды пагаршэння сітуацыі ва Украіне (абвешчана эвакуацыя з самаабвешчаных ЛНР і ДНР) прагучаў шэраг жорсткіх заяваў заходніх палітыкаў. У прыватнасці, МЗС Германіі выказалася, што ў выпадку ваенных дзеянняў «Паўночнага патоку — 2» не будзе.

Аляксандр Фрыдман задае пытанне, дзе апынецца заўтра Лукашэнка: «Ці не будзе гэта Крым, які Расія лічыць сваёй тэрыторыяй?»

Калі ж аналізаваць тое, што цяпер адбываецца паміж трыма ўсходнеславянскімі краінамі, то аглядальнік называе гэта разыходжаннем шляхоў.

«Украіна праз пакуты імкнецца да еўрапейскіх і дэмакратычных каштоўнасцяў. Прычым назіраецца пераемнасць у гэтым пытанні: Парашэнка і Зяленскі — абсалютна розныя прэзідэнты, кожны са сваім бэкграўндам, аднак кірунак замежнай палітыкі не змяніўся.

А Расія і Беларусь ідуць да неасавецкай дыктатуры. РФ жа не хоча прымаць украінскі выбар, і атрымліваецца тое, што мы назіраем, — лічыць Фрыдман. — Спробы Лукашэнкі займаць нейтральную пазіцыю скончыліся. Зараз ён цалкам гуляе на баку Масквы».

Аналітык паўтарыў прагноз, які даў у інтэрв’ю «Нашай Ніве»: «Гэта апошняя гульня Лукашэнкі. Пытанне толькі ў тым, наколькі яна будзе працяглай. Шанцаў сысці з выбранага вектару няма, і ён гэта разумее».

«Зараз мы са старэйшым братам параімся і вырашым». Пра што гаварылі Лукашэнка і Пуцін падчас перамоваў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0