Індэкс успрымання карупцыі

Індэкс успрымання карупцыі ранжыруе краіны па іх меркаваным узроўні карупцыі ў дзяржаўным сектары. Ён штогод публікуецца няўрадавай арганізацыяй Transparency International з 1995 года.

Дадзеныя за 2021 год, апублікаваныя ў студзені 2022 года, ацэньваюць 180 краін па шкале ад 100 балаў (мінімальная карупцыя) да 0 (максімальная карупцыя). Чым большая колькасць балаў — тым вышэйшае месца краіны ў спісе і тым менш яна карумпаваная. Лідарамі рэйтынгу застаюцца Данія, Новая Зеландыя, Фінляндыя, Сінгапур і Швецыя. 

Пазіцыі Беларусі ў гэтым рэйтынгу істотна пагоршыліся. У індэксе за 2021 год Беларусь набрала 41 бал са 100 (87-ае месца). Хаця ў рэйтынгу за 2020 год у Беларусі было 47 балаў (63-е месца, карупцыя была меншай).

Падзенне за адзін год на 6 балаў стала самым высокім у свеце — такім чынам, у Беларусі адбыўся самы высокі ў свеце рост карупцыі.

Індэкс лёгкасці вядзення бізнэсу

Гэта індэкс, створаны Сусветным банкам, з дапамогай якога складаецца рэйтынг заканадаўства краін паводле спрыяльнасці мясцовым прыватным прадпрыемствам.

Ён складаецца з 10 паказчыкаў: «Улік прадпрыемства», «Дазвол на будаўніцтва», «Падключэнне да электразабеспячэння», «Улік уласнасці», «Пазыкі», «Абарона ўкладальніка», «Падаткаабкладанне», «Міжнародны гандаль», «Выкананне дагавора» і «Вырашэнне неплатаздольнасці».

Апошняе даследаванне па гэтым індэксе праведзенае па выніках 2020 года — і тут у Беларусі істотны абвал. З 37 месца наша краіна адкацілася на 49-е. Гэта найгоршы паказчык з 2015 года. 

А першая дзясятка выглядае так:

  • Новая Зеландыя
  • Сінгапур
  • Ганконг
  • Кітай
  • Данія
  • Карэя
  • ЗША
  • Грузія
  • Брытанія
  • Нарвегія 
  • Швецыя 

Індэкс эканамічнай свабоды

Гэта штогадовы індэкс і рэйтынг, створаны ў 1995 годзе кансерватыўным аналітычным цэнтрам Heritage Foundation і The Wall Street Journal для вымярэння ступені эканамічнай свабоды ў краінах свету. 

Рэйтынг ацэньвае характарыстыкі эканамічнай свабоды ў дыяпазоне ад 0 да 100, дзе 0 азначае «адсутнасць эканамічнай свабоды», а 100 азначае «поўную эканамічную свабоду». Існуе дванаццаць характарыстык, падзеленых на чатыры катэгорыі.

Пачынаючы з 2015 года, Беларусь устойліва паляпшала свае пазіцыі ў гэтым рэйтынгу. 

Але і тут здарылася падзенне. З 88 месца Беларусь перамясцілася за год на 95-е. Цяпер мы знаходзімся паміж Сальвадорам і Грэцыяй.

Лідары гэтага рэйтынгу: Сінгапур, Новая Зеландыя, Аўстралія, Швейцарыя, Ірландыя.

Індэкс сацыяльнага прагрэсу

Ён вымярае, наколькі краіны задавальняюць сацыяльныя і экалагічныя патрэбы сваіх грамадзян. 54 паказчыкі асноўных чалавечых патрэбаў, дабрабыту і магчымасцяў для прагрэсу фарміруюць гэты індэкс.

І тут таксама зафіксавана пагаршэнне пазіцый Беларусі.

За год краіна скацілася з 47-га на 54-е месца (гэта найгоршы паказчык за ўсе апошнія гады). 

Паводле рэйтынгу, лідарамі былі Нарвегія, Фінляндыя, Данія, Ісландыя, Швейцарыя.

Індэкс вяршэнства права

Індэкс фіксуе, у якой ступені краіны прытрымліваюцца вяршэнства права на практыцы. Ён дае даныя па васьмі аспектах вяршэнства права:

  • абмежаванне паўнамоцтваў урада;
  • адсутнасць карупцыі;
  • парадак і бяспека;
  • базавыя правы;
  • адкрыты ўрад;
  • правапрымяненне;
  • грамадзянскае правасуддзе;
  • крымінальнае правасуддзе.

Гэтыя фактары далей падзяляюцца на 44 паказчыкі. Разам яны даюць вычарпальную карціну законнасці ў краіне.

У Беларусі з законнасцю за апошнія гады стала ўсё яшчэ горш. Паводле рэйтынгу за 2021 год, Беларусь заняла 97-е месца са 139. Хаця яшчэ ў 2019-м была 66-ай са 126 краін.

Цяпер у гэтым рэйтынгу наша краіна знаходзіцца паміж Парагваем і Кітаем.

Паводле гэтага рэйтынгу, у Беларусі вельмі кепская сітуацыя з абмежаваннем паўнамоцтваў урада (мы ажно 136-я са 139) і яго адкрытасцю (130-я са 139).

Лідары ж гэтага рэйтынгу: Данія, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя, Германія.

Рэйтынг недзеяздольнасці дзяржаў

Гэта штогадовая справаздача, якая публікуецца часопісам The New Humanitarian. Спіс паказвае ступень уразлівасці дзяржаў да канфліктаў або калапсу. 

Рэйтынг — гэта сума балаў па 12 паказчыках, кожны паказчык ацэньваецца па шкале ад 0 да 10, дзе 0 — стабільная дзяржава, а 10 — найменш стабільная і кволая.

У рэйтынгу недзеяздольнасці за 2021 год Беларусь заняла 98-е месца са 179. Хаця раней Беларусь была стабільнейшай і займала 103 месца. 

Першыя месцы ў ім займаюць Емен, Самалі, Паўднёвы Судан і Сірыя.

Індэкс свабоды прэсы

Гэта штогадовы рэйтынг краін, які складаецца паводле ўмоў для існавання свабодных сродкаў масавай інфармацыі ў краіне. Ён вызначаецца і публікуецца міжнароднай няўрадавай арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў».

Індэкс фарміруецца па выніках апытання, якое праводзіцца сярод партнёрскіх арганізацый і карэспандэнтаў з усяго свету, а таксама журналістаў, даследчыкаў, юрыстаў і актывістаў у галіне правоў чалавека.

І ў гэтым рэйтынгу сітуацыя пагоршылася. У 2019 годзе Беларусь займала 153 месца са 180 краін, а па выніках 2021 года — 158-я. 

Вось так выглядаюць пазіцыі суседніх па рэйтынгу краін.

  • Руанда
  • Узбекістан
  • Беларусь
  • Судан
  • Сінгапур
  • Самалі

Свабода ў свеце

Гэта штогадовае апытанне і справаздача амерыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House, якое вымярае ступень грамадзянскіх свабод і палітычных правоў ва ўсім свеце. Краіны класіфікуюцца як «свабодныя», «часткова свабодныя» або «несвабодныя». 

І без таго жахлівыя пазіцыі Беларусі ў гэтым рэйтынгу яшчэ больш пагоршыліся. Калі ў 2019 годзе ў Беларусі было 19 пунктаў са 100 (165 месца), то зараз толькі 11 са 100 (180 месца). Столькі ж пунктаў, колькі ў Беларусі, яшчэ ў Емена і Узбекістана. 

Па 100 балаў маюць Фінляндыя, Нарвегія і Швецыя.

Чытайце таксама:

«Чытаеш допыт у НКВД і ўяўляеш, як гэта адбываецца на фоне славутых дзвярэй ГУБАЗіКа». Дзмітрый Гурневіч пра «Крэмулятар» Сашы Філіпенкі

«Сукенку нахабна стырылі пад чэснае слова афіцэра». Як цяпер жыве БЧБ-нявеста

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0