Камп'ютарная тамаграфія мозгу пацыента з траўмай ад няўдалага падзення. Выява аўтараў даследавання.
ЭЭГ навукоўцы атрымалі выпадкова пасля таго, як у бальніцу даставілі 87-гадовага мужчыну з эпілепсіяй і траўмай галавы з-за няўдалага падзення. Траўма аказалася цяжкой і выклікала спыненне сэрца, мужчына не выжыў.
Пасля завяршэння ўсіх медыцынскіх працэдур у распараджэнні лекараў аказаўся бесперапынны 15-хвілінны запіс электраэнцэфалаграмы.
Даследчыкі засяродзіліся на двух 30-секундных участках запісу — падчас біцця сэрца і пасля яго спынення. На іх выразна відаць, што амаль уся мазгавая актыўнасць прадказальна ўпала, але пры гэтым адбыўся ўсплёск гама-рытму.
На думку навукоўцаў, гэта кажа пра стан, падобным на сон ці глыбокую медытацыю — хутчэй за ўсё, пацыент назіраў нейкія візуальныя вобразы накшталт успамінаў аб мінулым жыцці.
Вядучы аўтар даследавання Аджмал Земар сцвярджае:
«Генеруючы хвалі, звязаныя з пошукам у памяці, мозг можа прайграваць апошнія ўспаміны пра важныя жыццёвыя падзеі непасрэдна перад смерцю — падобна да тых, пра якія паведамлялі сведкі перадсмяротных перажыванняў. Гэтыя вынікі кідаюць выклік нашаму разуменню межаў жыцця і ставяць важныя пытанні — напрыклад, звязаныя з тэрмінамі донарства органаў».
Навукоўцы лічаць атрыманую ЭЭГ добрым доказам, што мозг можа весці скаардынаваную актыўнасць нават пасля таго, як у ім перастае цыркуляваць кроў з-за спынення сэрца.
З іншага боку, яны самі звяртаюць увагу на недастатковасць дадзеных: пацыент быў усяго адзін, пры жыцці ён прымаў шэраг лекаў, якія ўплываюць на мозг, а першапрычынай смерці была мазгавая траўма.
Аднак даследаванне можа паслужыць стымулам да сур'ёзнага навуковага вывучэння перадсмяротных і пасмяротных станаў мозгу.