«Я ніколі не думала, што скажу гэта. І марыла б ніколі гэтага не казаць, але… Пачалася вайна. Вайна, у якую шмат хто не верыў, якой шмат хто баяўся. Але якой ніхто з нас не хацеў. Я разумею, што цяпер ва ўсіх больш пытанняў, чым адказаў. І адкажу на частку з іх.

Так, рэжым зрабіў нашу краіну паўнавартасным удзельнікам вайны — і цяпер Беларусь пад рызыкай зваротнага ваеннага ўдару. Гэта нельга назваць інакш як дзяржаўнай здрадай.

Так, на тэрыторыі Беларусі небяспечна. У нашай краіне знаходзяцца чужыя, расійскія войскі. Менавіта іх прысутнасць — галоўнае сведчанне таго, што Лукашэнка больш не кантралюе сітуацыю з вайсковай прысутнасцю, а яе кантралюе Пуцін. 

Рэжым вырашыў схаваць сваю нелегітымнасць за іншымі падзеямі, але распачаў вайну — і цяпер кожны яго крок набліжае дулы танкаў да вокнаў беларусаў. Я кажу пра тых, хто жыве ў Беларусі. Бо ў вокнах беларусаў, якія раней знайшлі прытулак ва Украіне, ужо грымяць выбухі.

Так, сёння раніцай цалкам змянілася ўсё. Гэта больш не ўнутраны палітычны крызіс — гэта вайна, у якой Беларусь аказалася ўдзельніцай, хаця мы ўсе былі супраць. Цяпер бараніць трэба не толькі палітзняволеных ці новыя выбары. Бараніць трэба самое існаванне нашай краіны, яе незалежнасць і суверэнітэт. Свабода і адказнасць заўсёды ідуць побач. І надышоў час кожнаму узяць адказнасць за сваю краіну. Ствараць нацыянальны антываенны рух і рыхтавацца адстойваць свой суверэнітэт. 

Амбіцыі двух дыктатараў прывялі да рэальнага вайсковага становішча ва ўсім рэгіёне. Разам з ўсімі нашымі партнёрамі, уключаючы Каардынацыйную Раду, НАУ, ByPol, мы тэрмінова мяняем стратэгію пад гэтыя мэты. Адна з нашых задач — каб усе правільна разумелі сітуацыю: вайну пачаў Пуцін, а Лукашэнка і тыя, хто выконвае ягоныя загады, — саўдзельнікі ваеннай агрэсіі.

Наша краіна супраць вайны. Для мяне, для усіх дэмакратычных сілаў і для ўсёй Беларусі галоўная мэта цяпер — спыніць вайну, каб нашы дзеці не вучылі ўрокі ў бамбасховішчы, каб нашы вайскоўцы не стралялі адзін у аднаго, і каб на доўгія гады ўвесь рэгіён не пераўтварыўся ў пекла. Таму, родныя беларусы, я б хацела мець магчымасць паглядзець у вочы кожнага з вас і сказаць, што мы разам і што мы будзем дзяліцца з вамі ўсімі навінамі і трымаць у курсе падзей. Дарагія украінцы, ад імя нашай краіны я выказваю вам салідарнасць і падтрымку, а ад імя беларусаў хачу сказаць: нам сорамна за тое, якую ролю тэрыторыя нашай краіны грае ў гэтай вайне. І мы гатовыя рабіць усё, што спатрэбіцца, каб спыніць агрэссараў і гэтую катастрофу.

Жыве Беларусь. І Слава Україні».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?