«Сёння раніцай свет скалынула трагічная навіна: паміж найбліжэйшымі да нас суседнімі краінамі распачаўся ваенны канфлікт. Здаровы розум і так моцна яшчэ жывая памяць пра наступствы падобных дзеянняў у гісторыі не сталіся эфектыўным стрымліваючым фактарам. Брат узняў руку на брата. Пачаў здзяйсняцца найгоршы сцэнарый развязкі той напружанасці, якая ўжо доўгі час існавала паміж братнімі народамі. Так блізка, побач з намі, паміж Расіяй і Украінай, сярод блізкіх нам людзей пачалася вайна.

Гэтая сітуацыя не можа не адгукнуцца болем і ў нашых сэрцах. І калі заклік спыніць пачатую бязглуздасць ужо, напэўна, не будзе дзейсным, застаецца малітва.

З глыбіні сэрца — просьба аб Божай міласэрнасці і прабачэнні для нас, Божых дзяцей, якія не ўмеюць мірна вырашаць нашы непаразуменні і панаваць над сваімі хворымі амбіцыямі, аб спыненні братазабойчага канфлікту, які ва ўмовах сучаснай міжнароднай сітуацыіі можа перарасці ў больш глабальную катастрофу.

Прашу, каб мы, захоўваючы спакой, узнеслі нашу малітву — як асабістую, так і ў парафіяльных супольнасцях, — аб найхутчэйшым спыненні і найменшых ахвярах распачатага канфлікту. Каб ён не перарос у чарговую сусветную вайну, і гэта не скончылася агульным апакаліпсісам. Хрыстус кажа нам: «Усё магчыма для таго, хто верыць». Дапамажы, Божа, нашаму бязвер’ю! (пар. Мк 9, 23—24) Таксама заахвочваю да посту і ахвяравання цярпенняў і пакутаў у гэтай інтэнцыі.

Божа, дай апамятацца гэтаму свету і спашлі яму свой спакой, свой Божы спакой!»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?