Самалёт «Мрыя» ў ангары, да расійскага нападу. Фота: airlive.net.

Самалёт «Мрыя» ў ангары, да расійскага нападу. Фота: airlive.net.

Вось што засталося ад «Мрыі» пасля расійскай атакі.

Вось што засталося ад «Мрыі» пасля расійскай атакі.

Расійскія чыноўнікі і прапагандысты шмат гадоў хваліліся, што Масква можа захапіць Украіну за некалькі дзён. Ім у гэтым падпяваў Аляксандр Лукашэнка. Але супраціўленне ўкраінскай арміі, такіх салдат, як Харчанка, і добраахвотнікаў запаволіла прасоўванне расійскіх войскаў, а ў раёне аэрапорта Гастомель акупантаў і ўвогуле атрымалася спыніць. Супрацьстаянне ў аэрапорце стала пачаткам моцнага ўкраінскага супраціўлення і адной з галоўных прычын, чаму расійскія войскі дагэтуль не выканалі свае мэты ва Украіне, піша Wall Street Journal.

Вайна прыйшла ў Гастомель у 7 раніцы 24 лютага, калі крылатая ракета ўзарвалася за некалькіх метрах ад жылога дома і выбіла ў ім вокны. Мясцовы аэрапорт мае доўгую ўзлётна-пасадачную паласу, што робіць яго прывабнай цэллю для дэсантнікаў.

Падраздзяленне ўкраінскай Нацгвардыі, якое абараняла аэрапорт, прысутнічала ў Гастомелі не ў поўным складзе — большая частка цяжкай тэхнікі і асабовага склада знаходзілася на фронце ў Данбасе. Тым не менш, у аэрапорце знаходзілася элітная брыгада хуткага рэагавання, якая таксама мела вопыт баявых дзеянняў на Данбасе.

Праз некалькі гадзін пасля ракетнага ўдару лейтэнант Нацгвардыі Андрэй Куліш заварваў чай для двух таварышаў, ён пачуў шум верталётаў. Тры дзясяткі іх ляцелі нізка, над самай зямлёю, каб застацца незаўважанымі для ўкраінскіх радараў. Рускія абрынулі шквал ракет і кулямётнага агню на аэрапорт і вайсковую базу каля яго, змусіўшы ўкраінскіх абаронцаў яе пахавацца ў сховішчах.

На баку расейцаў была татальная перавага ў колькасці і ўзбраенні. Як кажа Куліш, «мы былі як з нажом супраць пісталета».

Падчас баёў на Данбасе яго падраздзяленне не процістаяла авіяцыі, бо там расійскія сіла не выкарыстоўвалі яе. Але абаронцы Гастомеля хутка зразумелі, якой павінна быць іх тактыка.

Яны рассеяліся па ўсёй базе і аэрапорце і пачалі агонь адстрэльвацца з усяго, што ў іх было: аўтаматычных вінтовак, зенітнай зброі і некалькіх ПЗРК. Расійскія вайскоўцы пазней сцвярджалі, што дэсант высадзіўся з 200 верталётаў, але ўкраінскія чыноўнікі і салдаты кажуць толькі пра 30 верталётаў. Яны ляталі групамі па два-тры кругамі, наносячы ўдары па аэрапорце і базе.

У выніку першага ж абстрэлу быў моцна пашкоджаны самалёт Ан-225 «Мрыя» — найвялікшы транспартны самалёт у свеце. Як кажа Куліш, ён бачыў слуп дыму, што падымаўся з ангара, дзе «Мрыя» стаяла на рамонце. Абаронцы кажуць, што яны здолелі ракетамі збіць тры верталёты рускіх.

Пасля амаль трох гадзін боя расійскія верталёты пачалі прызямляцца. Адтуль высаджваліся дэсантнікі, займалі пазіцыі веерам і адкрывалі агонь.

Ва ўкраінскіх абаронцаў хутка скончыліся супрацьпаветраныя ракеты, іншай зброі таксама не хапала. Цяпер, калі вораг быў не толькі ў паветры, але і на зямлі, камандзір абаронцаў аддаў загад адступіць. Расіяне заявілі, што яны знішчылі ў Гастомелі 200, як яны кажуць, «нацыяналістаў», але, як кажа лейтэнант Куліш, у яго падрадзяленні быў толькі адзін паранены.

Пакуль рускія асвойвалі аэрапорт, украінская разведка атрымала інфармацыю пра планы акупантаў — высадзіць у Гастомелі дэсант з 18 транспартных самалётаў Іл-76, якія ўжо чакалі каманды ў Беларусі. Украінскае камандаванне накіравала ў аэрапорт дэсантнае падраздзяленне Анатоля Харчанкі, што знаходзілася недзе за 100 кіламетраў. Іх місіяй было падабрацца як мага бліжэй да ўзлётна-пасадачнай паласы, каб падбіць пры пасадцы хаця б першы з самалётаў.

Высадка ў Гастомелі

Дэсантнікі высадзіліся з верталётаў на полі на захад ад аэрапорта. Калі яны падбіраліся да пасадачнай паласы, у іх над галовамі зашумеў беспілотнік — іх заўважылі. Украінцы кінуліся наперад, але ўткнуліся ў 7-метровую бетонную сцяну з калючым дротам наверсе. У дэсантнікаў не было пры сабе выбухоўкі, таму Харчанка разрэзаў калючы дрот і пачаў дапамагаць таварышам пералазіць цераз яе. Пяцёра паспелі, а пасля на іх абрынуўся кулямётны агонь рускіх.

Тры ўкраінцы атрымалі цяжкія раненні. Харчанка запрасіў дапамогу ад іншага падрадзялення дэсантнікаў, але яно забавілася ў дарозе. Тым часам рускія абрынулі на ўкраінцаў цяжкі агонь, адна з гранат узарвалася зусім блізка. Харчанка спрабаваў супакоіць салдат па іншы бок ад сцяны, бо хваляваўся, што па іх шуме рускія зразумеюць, дзе іх шукаць.

Дэсантнікі пракапалі лаз пад сцяной, а Харчанка звязаўся з артылерысцкім падраздзяленнем і запрасіў удар па ворагу з поўдня. Тым часам дэсантнае падраздзяленне, што затрымлівалася, атакавала рускіх з поўначы, іншыя ўкраінскія вайскоўцы рухаліся з поўдня на грамадзянскім транспарце.

З поля за той самай сцяной ўкраінцы пачалі біць супрацьпаветранымі ракетамі. У такой сітуацыі рускія адмовіліся ад плана высадкі з Ілаў-76 — пасадка ў Гастомелі, дзе працягваўся жорсткі бой, была б для іх занадта рызыкоўнай.

Тым часам з поўначы да аэрапорта падыходзіла калона расійскай бронетэхнікі. Харчанка вырашыў адступаць, двое з яго байцоў былі ўжо непрытомныя. Дэсантнікі адышлі на поўдзень — павольна, бо ішлі з параненымі, Харчанка і сам быў паранены ў нагу.

Раптам украінцы пачулі гул расійскай бронетэхнікі, што накіроўвалася ў іх бок. Яны зладзілі засаду, знішчылі варожы танк і абстралялі іншыя машыны. Рэшта машын развярнулася.

Падбітая расійская машына на вуліцы Гастомеля.

Падбітая расійская машына на вуліцы Гастомеля.

Дэсантнікі не здолелі адбіць Гастомель, але расійскую паветрана-дэсантную аперацыю яны сарвалі. Дзякуючы гэтаму ўкраінскае камандаванне паспела перакінуць падмацаванні і спыніць расійскую армію на лініі між Гастомелем і суседнімі гарадамі. Упартыя баі працягваюцца ў раёне Бучы, Макарава, Барадзянкі.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1