Фота: АР.

Фота: АР.

Голас патрыярха мае значэнне, бо ён — кіраўнік найвялікшага ў Расіі рэлігійнага аб’яднання, якое нават лічыць Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй. Маўчанне Кірыла не проста ганебнае, яго можна нават лічыць ваенным злачынствам. Справа ў тым, што ў гэтай вайне рэлігійная прапаганда і матывацыя займае асобае месца, піша euobserver.com.

Патрыярх і яго падначаленыя шмат гадоў сцвярджалі, нібыта царква Маскоўскага патрыярхата адчувае на сабе нейкі пераслед ва Украіне. Пуцін выкарыстаў расказы пра гэта, каб апраўдаць развязванне вайны. 21 лютага ў сваёй прамове пра прызнанне так званых ДНР і ЛНР Пуцін распавядаў, нібыта «Кіеў працягвае падрыхтоўваць разбурэнне Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата».

Кірыл доўгі час выкарыстоўваў падобную да пуцінскай рыторыку пра тое, што рускія і ўкраінцы — гэта нібыта адзін народ. Калі Расія пачала бамбіць украінскія жылыя дамы і шпіталі, Кірыл зноў успомніў гэтую ідэю.

27 лютага ў сваёй пропаведзі патрыярх узгадаў «цяперашнюю палітычную сітуацыю ў блізкай нам брацкай Украіне» і «злыя сілы, што заўсёды змагаліся з адзінствам Русі і Рускай царквы». Кірыл нават удакладніў, што, калі ён просіць Бога «бараніць зямлю Рускую ад ворагаў знешніх», пад Рускай зямлёй ён мае на ўвазе «Расію, Украіну і Беларусь, і іншыя плямёны і народы». То бок, пакуль расійскія войскі бамбяць украінскія гарады, патрыярх лічыць, што ў канфлікце ўдзельнічаюць невядомыя «знешнія ворагі».

3 сакавіка Маскоўскі патрыярхат распаўсюдзіў па сваіх епархіях спецыяльную малітву аб аднаўленні міра. У ёй ізноў прагучала ідэя пра «брацкія народы»: узгадалі і сумеснае хрышчэнне «рускіх людзей», і «дух брацкай любові». Гэты прапагандысцкі тэкст абавязалі чытаць у кожным храме Маскоўскага патрыярхата — у тым ліку у тых, што знаходзяцца ва Украіне.

Усё гэта сведчыць, што патрыярх Кірыл падтрымлівае ваенную рыторыку Пуціна. Праз гэта Кірыл можа быць абвінавачаны ў актыўным саўдзельніцтве ў ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасці і генацыдзе. Магчыма, менавіта праз гэта ўсё больш святароў Маскоўскага патрыярхата ва Украіне адмаўляюцца ўзгадваць Кірыла падчас царкоўных набажэнстваў.

Прапаганда можа мець вялікі ўплыў на ход вайны. Вось чаму ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах сказана: «Любая прапаганда вайны павінна быць забароненая законам». І ўжо існуюць прыклады крымінальнай адказнасці за саўдзел ў ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасці і генацыдзе.

Цяжка сказаць, ці можа такая адказнасць чакаць патрыярха Кірыла. Але нават статус духоўнай асобы не можа гарантаваць імунітэт у выпадку ваенных злачынстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0