Фота: Любоў Стайкіна
Колькі беларусаў магла закрануць праблема і якія ў іх варыянты
Падлічыць, колькі людзей эмігравалі з Беларусі ва Украіну пасля падзей 2020 года, практычна немагчыма. Па-першае, усё ўскладняецца тым, што беларусы маглі заехаць туды без візы. Па-другое, можна было знаходзіцца ва Украіне да 180 дзён без легалізацыі. Па-трэцяе, для многіх паўднёвая суседка была толькі «часовым пунктам»: некаторыя спачатку беглі з Беларусі, а ўжо потым рабілі сабе гуманітарныя візы ў Польшчу і Літву.
Са жніўня 2020 года па кастрычнік 2021 года была зафіксавана 361 тысяча фактаў перасячэння мяжы беларусамі, згодна з данымі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны. Безумоўна, гэтыя людзі маглі вярнуцца дадому ці пазней з’ехаць у трэцюю краіну. Але па мiнiмальной ацэнцы ва Украіне знаходзіліся каля 3500 беларусаў: Дзяржаўная міграцыйная служба налічыла 3042 беларуса з часовым дазволам на жыхарства, яшчэ 487 чалавек атрымалі сталы дазвол (гэта даныя са жніўня 2020-га па ліпень 2021-га).
Польшча прыняла больш за ўсё бежанцаў з Украіны і значна спрасціла жыццё тым з іх, хто мае ўкраінскі пашпарт. Такім людзям можна да 18 месяцаў законна знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы (і нават працягваць гэты тэрмін), а таксама працаваць. Для грамадзян Беларусі, якія збеглі ў Польшчу, праблемы няма, толькі калі ў іх ужо была адкрытая шэнгенская віза ці нацыянальная віза краіны Еўрасаюза.
Фота: Любоў Стайкіна
А вось што рабіць астатнім беларусам, якія, напрыклад, збеглі ва Украіну ад беларускага рэжыму, а зараз зноў збеглі — у Польшчу з Украіны, якая ваюе? Пакуль выйсцяў амаль што няма.
Самы «просты» варыянт — запрасіць у Польшчы статус бежанца. У гэтым выпадку вас забяспечаць грашыма на базавыя патрэбы накшталт жылля і ежы, дадуць магчымасць бясплатна хадзіць на курсы польскай мовы. Аднак для падачы заявы неабходна даказаць, што ў Беларусі вас пераследуе ўлада, — тым, хто з’язджаў «на ўсялякі выпадак», гэтага зрабіць не атрымаецца.
Таксама працэс атрымання статусу бежанца накладае свае абмежаванні. Напрыклад, пасля падачы заявы і да атрымання статусу працаваць легальна нельга, а працэс можа зацягнуцца на паўгода і больш. Для многіх беларусаў гэта прынцыповы момант, бо яны засталіся працаўладкаванымі ў сваіх кампаніях і хочуць працягваць зарабляць, асабліва калі гаворка ідзе пра IT-сектар.
Некаторыя краіны зрабілі палёгкі для грамадзян Украіны і абяцаюць даваць статус бежанца без доўгай бюракратыі. Але беларусаў гэта, як правіла, не тычыцца. Хоць у Германіі заяўляюць, што там статус бежанца дадуць нават з украінскім ВНЖ незалежна ад пашпарта.
На сайце Савета Еўропы прапісаны механізм, які ў экстраных выпадках прадугледжвае «часовую абарону» (то-бок легалізацыю) у краінах Еўрасаюза на адзін год. Далей абарона можа быць працягнутая на тэрмін ад паўгода да года, потым яшчэ адзін раз на год (мяркуючы па ўсім, Польшча зараз карыстаецца менавіта гэтым механізмам). Аднак зноў праблема: усё гэта ў любым выпадку датычыць толькі грамадзян Украіны цi замежнікаў з пастаянным відам на жыхарства ў ёй. У большасці беларусаў, якія заехалі ва Украіну пасля падзей 2020 года, ёсць толькі часовы ВНЖ.
Фота: Любоў Стайкіна
Тэарэтычна, калі беларус мае грошы, ён можа набыць квіток, напрыклад, у Грузію і зрабіць польскую візу за мяжой (па правілах нельга атрымаць візу той краіны, у якой вы ўжо і так знаходзіцеся). Вось толькі ёсць нюанс: у такой сітуацыі, як зараз, беларусам не раяць выязджаць за межы Польшчы, каб гэта не перарасло ў новыя праблемы.
Зараз усе спадзяюцца на пастанову, якую хутка павінен прыняць Сейм Польшчы — у ёй, як мяркуюць, будзе прапісаны парадак дапамогі бежанцам з Украіны. Праект дакумента можна знайсці на сайце Сейма. Але для беларусаў ён мала што палепшыць: у тэксце гаворка ідзе толькі пра грамадзян Украіны і людзей з пастаянным дазволам на жыхарства ў гэтай краіне.
«Ёсць часовы ВНЖ Украіны, але не ведаю, як ён дапаможа ў Польшчы»
Алена (імя змененае) — супрацоўніца адной з беларускіх IT-кампаній. У 2021 годзе дзяўчына пераехала з Беларусі ва Украіну. Магчымасць рэлакацыі з’явілася па працы, да таго ж Алена ўдзельнічала ў маршах пратэсту летам 2020 года. Але вайна прымусіла дзяўчыну зноў збіраць чамаданы.
«Да эвакуацыі я не планавала ехаць у Польшчу, таму візы ў мяне не было. Беглі з Кіева тэрмінова, у першы дзень вайны. У Польшчу пайшлі толькі таму, што большая частка фірмы ўжо туды з’ехала, — тлумачыць Алена. — Ехалі мы больш за тры днi».
Можна было паехаць у Малдову, куды не патрэбна віза, але Алена адмяла гэты варыянт: там зусім няма знаёмых, а лепш трымацца разам.
«У мяне ёсць часовы дазвол на жыхарства Украіны, але я не ведаю, як ён дапаможа мне ў Польшчы. Пакуль ён спатрэбіўся толькі на блок-пастах і толькі хлопцам, якіх прапускалі пры яго наяўнасці».
У беларусаў, хто трапляў у Польшчу без візы, зараз у пашпарце стаіць проста штамп пра ўезд.
«Кампанія кажа нам чакаць афіцыйнай інфармацыі. Выязджаць за межы Польшчы без візы вельмі не рэкамендуецца, бо могуць дэпартаваць у краіну грамадзянства,
— падкрэслівае дзяўчына. — Таму што толькі Польшча «дазволіла» заехаць без візы, а іншыя краіны, так бы мовіць, на гэта не падпісваліся. Пакуль я радая, што жывая, што са мной кот і ў мяне ёсць нейкія грошы».
«А 11-й раніцы ўжо не прымалі новых наведвальнікаў»
Іншая беларуская сям’я з’ехала з Варшавы ў Берлін цягніком, каб паспрабаваць легалізавацца там.
«Каля 11-й гадзiны раніцы мы прыехалі ў цэнтр, які займаецца бежанцамі, але яны ўжо не прымалі новых наведвальнікаў. Унутры больш за 300 чалавек, і спецыялiсты проста не могуць апрацаваць усе заявы, якія ім прыходзяць, — гавораць беларусы. — Нам сказалі прыйсці заўтра, плануем заняць чаргу а пятай раніцы».
Хутчэй за ўсё, праўда, нічога не атрымаецца: з беларускім пашпартам і без віду на жыхарства ва Украіне шанец стаць бежанцам зараз мінімальны.
«З украінскімі грамадзянамі ўсё проста, а ўсе астатнія… Нам кажуць проста чакаць. Па дзейных нормах мы абавязаныя прасіць прытулак у Польшчы — як у першай краіне, куда мы заехалі».
«Думаю назад ва Украіну вярнуцца»
Яшчэ адна беларуска Аляксандра (імя зменена) таксама збегла ў Польшчу пасля пачатку вайны. Ва Украіну яна пераехала ў 2021 годзе, калі ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, з якім яна жыла. Пасля гэтага Аляксандру сталі выклікаць у Следчы камітэт, таму яна вырашыла, што сітуацыя становіцца небяспечнай. Жанчына пакінула сваё дзіця родным у Беларусі (у яго не было пашпарта) і тэрмінова з’ехала ва Украіну. Потым Аляксандры пачалі намякаць, што лепш ёй не вяртацца: затрымаюць і яе.
Статус бежанца ў Польшчы наша суразмоўца атрымліваць не хоча з-за абмежаванняў падчас разгляду заявы.
«Зараз думаю, магчыма, назад ва Украіну вярнуцца. Я спачатку не хацела з’язджаць, там ваююць мае знаёмыя. Стаіць выбар вывозіць дзіця з Беларусі ў Польшчу да сябе (але на атрыманне візы там вялікія чэргі) ці рабіць тое, што я хацела б і лічу правільным — дапамагаць людзям ва Украіне».
Да вайны Аляксандра не паспела атрымаць пастаянны від на жыхарства. Пакуль жанчына спадзяецца на пастанову польскага Сейма, якая можа неяк дапамагчы.
«Я чытала, што ў Партугаліі для бежанцаў — грамадзян Украіны ёсць магчымасць легалізавацца, атрымаць працу і доступ да сацыяльнай медыцыны. Але беларусам, мяркуючы па ўсім, зараз месца няма нідзе».
«Ёсць усё для выжывання, акрамя інфармацыі, што рабіць далей»
Беларуска Юлія (імя зменена) аказалася ва Украіне па тых жа прычынах, што і астатнія героi тэксту. Польскай візы ў яе не было, хоць за некалькі тыдняў да пачатку вайны з’яўляліся думкі, што можна было б атрымаць «шэнген» на ўсялякі выпадак.
«Не паспела. Да апошняга ніхто не верыў, што будзе вайна. Нават у першы дзень мы яшчэ не збіраліся з’язджаць з Кіева, думалі, хутка ўсё скончыцца. Вырашылі ехаць на другі дзень, калі ўжо аб’явілі свабодны ўезд для ўсіх. Польшча неяк бліжэй і па мове больш зразумелая, пасля Украіны. І ад Пуціна далей, — усміхаецца дзяўчына. — Там ужо ёсць знаёмыя беларусы, якія пераехалі раней, да каго можна звярнуцца па дапамогу. Іншыя краіны не разглядалі, неяк у адзін голас выбралі Польшчу».
У Юліі ёсць часовы від на жыхарства ва Украіне.
«У Польшчы карыстаемся грамадскім транспартам бясплатна, хаця, здаецца, гэта толькі для грамадзян Украіны, але палякі самі дакладна не ведаюць правілы. У метро нас пусцілі па ўкраінскім ВНЖ,
— прыводзіць прыклад Юлія. — Зараз шукалі жытло і нам спатрэбіўся натарыус з перакладчыкам, каб засведчыць акт аб арэндзе. У адной натарыяльнай канторы, калі даведаліся, што мы збеглі з Украіны, прапанавалі паслугі бясплатна. Больш мы не карысталіся ніякай дапамогай, але пры неабходнасці можна атрымаць усё бясплатна: ежу, адзенне, жытло, лекі… Увогуле, у нас ёсць усё для выжывання, акрамя інфармацыі, што рабіць далей».
Калі пастанова па бежанцах з Украіны, якую рыхтуе Польшча, ніяк не дапаможа беларусам з часовым відам на жыхарства, у Юліі ўжо ёсць план.
«У апошні дзень свайго легальнага знаходжання (гэта 15 дзён пасля дня ўезду) буду падавацца на бежанства, каб хаця б тэрмін разгляду заявы перасядзець у Польшчы. А гэта можа быць паўгода — спадзяюся, за гэты час сiтуацыя ў свеце наладзіцца і можна будзе ехаць назад.
Таму што на станоўчае рашэнне па атрыманні бежанства я не разлічваю, — разважае дзяўчына. — Як пішуць, проста страшных гісторый з Беларусі недастаткова, патрэбныя дакументальныя доказы: адміністратыўка, крымінальная справа. Карацей, усё складана».