Фота: ТАСС
«Па просьбах працоўных адкрыты набор у ахову на блізкае замежжа». 28 лютага, калі расійскае ўварванне працягвалася ўжо некалькі дзён, такія аб'явы пачалі з'яўляцца ў пабліках, праз якія раней ішла вярбоўка наймітаў у «ПВК Вагнера».
Пад новы канфлікт для патэнцыйных наймітаў знялі амаль усе абмежаванні, якія існавалі раней. Калі яшчэ некалькі месяцаў таму ў ПВК не бралі нікога, акрамя расіян, якія нарадзіліся ў межах краіны да 2014 года, то цяпер на пункт вярбоўкі ў Молькіна пад Краснадарам запрашаюць і жыхароў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», і жыхароў анексаванага Крыма, і іншаземцаў. Захавалася толькі забарона на наём грамадзян Грузіі.
Наяўнасць даўгоў перад Федэральнай службай судовых прыставаў, адсутнасць даведкі аб несудзімасці або замежнага пашпарта таксама перасталі быць праблемай.
Аб'ява аб наборы наймітаў.
Адзін з наймітаў пераслаў Рускай службе Бі-бі-сі паведамленне, якое рассылаюць у іх унутраных ветэранскіх чатах:
«Господа! Кто хочет покушать «сало», пишите мне. Действующих сотрудников без косяков на пикник не приглашают. Долги ФССП — по****. Загран — по****. Справки — по****. ЛДНР, Крым приглашаем очень. У кого были проблемы с трудоустройством у нас — звоните. Кто был уволен у нас по каким-то причинам — звоните. Повторяю, на пикник приглашаем покушать «сало».
Яшчэ ўвосень 2021 года былыя найміты скардзіліся, што ў «ПВК Вагнера» перасталі прымаць тых, хто нарадзіўся на тэрыторыі Крыма або самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», баючыся, што сярод іх могуць апынуцца ўкраінскія дыверсанты.
Пры гэтым у аб'явах падкрэсліваюць, што праца па ранейшых кантрактах не прыпыняецца і перакідаць назад у Расію наймітаў з афрыканскіх краін пакуль не плануецца.
«Хлопцы, усё ў штатным рэжыме, без зменаў. Афрыка пад зямлю не правалілася. Калі канцэрт Газманава ў Кіеве — не ведаю. Адзінае, авіярэйсы на поўдні адмянілі, улічвайце гэта, дабірайцеся іншым транспартам да Краснадара», — папярэджваюць патэнцыйных пачаткоўцаў у адной з аб'яваў.
Пасля таго як Уладзімір Пуцін абвясціў аб пачатку вайсковай аперацыі супраць Украіны, самалёты часова перасталі прымаць аэрапорты на поўдні Расіі: у Растове-на-Доне, Анапе, Сочы і Краснадары — горадзе, адкуль бліжэй за ўсё дабірацца да палігона Молькіна, дзе знаходзяцца база і вербавальны пункт ПВК «Вагнера».
Максімальна шырокі набор у Молькіне пацвердзіў Рускай службе Бі-бі-сі адзін з наймітаў, які яшчэ нядаўна знаходзіўся паблізу расійска-ўкраінскай мяжы, але ўжо вярнуўся дадому.
Паводле яго слоў, асноўны склад «ЧВК Вагнера» ва ўкраінскім канфлікце на дадзены момант не ўдзельнічае. «З украінскім наборам цікавая тэма: там не асноўны касцяк, у Молькіне набіраюць усіх запар. Менавіта тых, хто з вушакамі, менавіта тых, хто з чорных спісаў, — распавёў ён. — Там не «Вагнер» працуе, а толькі сабраныя атрады з рознымі іншымі назвамі. Мы іх паміж сабой штрафбатамі называем з пацанамі», — расказаў ён.
«Так што там не «Вагнер», а розны зброд, які цяпер набіраюць у Молькіне з зялёнымі дзвярыма. Хто ў асноўных атрадах — не ўдзельнічаюць. Погань усякую набралі і камандуюць імі такія ж штрафнікі. Так што не ведаю, як яны сябе паводзяць. Адзінае, не ведаю, на які напрамак іх потым накіроўваюць. Як мінімум у ЛНР іх пакуль не бачылі», — дадала крыніца.
За некалькі тыдняў да вайны, распавёў суразмоўца Бі-бі-сі, ветэранаў «Вагнера» набіралі ў новыя фармаванні — пад камандаваннем, як ён сцвярджае, «дзейных афіцэраў ГРУ». Ім нібыта зрабілі шаўроны з назвамі новых ПВК, пасля чаго, як распавядае крыніца, яны выканалі нейкае заданне «на Харкаўскім напрамку», атрымалі зарплаты па 2100 даляраў за месяц і вярнуліся па дамах.
Бі-бі-сі звярнулася па каментар у Міністэрства абароны Расіі і чакае адказу. Сцвярджэнне аб удзеле афіцэраў ГРУ немагчыма праверыць па незалежных крыніцах.
Аб'ява аб наборы наймітаў.
Упершыню «ПВК Вагнера» праявілася якраз у самаабвешчанай «ЛНР» у 2014 годзе, калі пачаўся канфлікт на ўсходзе Украіны. Тады найміты бралі ўдзел у баях за Луганскі аэрапорт, але шырокую вядомасць атрымалі не ў сувязі з гэтым, а пасля ліквідацыі цэлага шэрагу вядомых палявых камандзіраў, якія ваявалі на баку самаабвешчанай рэспублікі, але не былі ўбудаваныя ва «ўладную вертыкаль», якую Масква спрабавала стварыць у Данецку і Луганску.
Ліквідацыю такіх палявых камандзіраў як Аляксей Мазгавы, Павел Дрэмаў ці Аляксандр Бядноў, СМІ, спасылаючыся на ўдзельнікаў узброеных фармаванняў «ЛНР», звязвалі з працай «Вагнера», а не з дзейнасцю ўкраінскіх дыверсантаў, як пра гэта заяўлялі ўлады самаабвешчанай рэспублікі.
За наступныя гады найміты паспелі праявіць сябе ў Сірыі, Лівіі, ЦАР, Мазамбіку, Судане.
У снежні 2021 года Еўрасаюз увёў санкцыі супраць ПВК «Вагнера», пад абмежаванні патрапілі восем фізічных асоб і тры юрыдычных, з якімі найміты падпісвалі кантракты.
BBC News накіравала запыт у Міністэрства абароны Расеі з просьбай пацвердзіць або абвергнуць: ці набіраюцца на палігоне Молькіна нейкія дадатковыя сілы для таго, што расейскія ўлады называюць «спецыяльнай вайсковай аперацыяй», і чакае адказу.





