Жанчыну зваць Вера Лявонік-Шыляева. Пра тое, што яна даносіла на суседзяў, стала вядома пасля ўзлому міліцэйскіх баз. У лістападзе 2020-га яна паведаміла, што «5 чалавек вешаюць БЧБ-сцяг паміж дамамі».
Вера Лявонік-Шыляева, фота з сацсетак
Гэта акурат той вялізны сцяг, які стаў сімвалам Каскада і быў бачны здалёк.
І вось літаральна пару дзён таму яе муж у фарбах апісаў, што яны з жонкай перабраліся у Літву — «час хуткіх рашэнняў».
Юрый Шыляеў таксама айцішнік. Імаверна, сямейная пара аказалася ў Літве ў сувязі з масавым выездам ІТ-бізнэсаў з Беларусі.
Вера Лявонік-Шыляева адразу пачала шукаць працу ў Літве.
Пасля таго, як гэты факт выкрыўся, мігранты з Каскада, якія пазналі Лявонік-Шыляеву, паднялі пытанне ў чаце ўсёй дыяспары.
Цяпер рыхтуюцца звароты да літоўскіх і гарадскіх уладаў аб тым, што гэты чалавек датычны да масавых рэпрэсій у Беларусі і не можа жыць у ЕС.
Некаторыя прапануюць пакінуць Веру ў спакоі, але пацыфісцкая пазіцыя не падтрымліваецца большасцю, сярод якой дамінуе аргумент, что калі чалавек свядома выракаў суседзяў на катаванні ў ізалятарах, то ён павінен несці адказнасць, хоць бы і ў выглядзе забароны на жыццё ў Літве — краіне, куды ўцякалі тыя, на каго даносілі людзі, кшталту Шыляевай.
У сацыяльных сетках Лявонік-Шыляевай пад допісам аб пошуку працы таксама шмат крытыкі. Яна прызнае свой званок у 102.
«Я гэта зрабіла, так. Што цяпер? […] Гэта быў грамадзянскі канфлікт, інтэрпрэтаваны як палітычны. […] Вы мяне не слухаеце. Я не паведамляла пра палітыку, я была вымушаная паведаміць пра грамадскі парадак, а не пра палітыку», — апраўдваецца яна.
Рэакцыі літоўскіх дзяржаўных органаў на сітуацыю пакуль што не было.
Чытайце таксама:
Былая журналістка «СБ», якую падазраюць у зліве інфармацыі з BYSOL, атрымала стыпендыю для рэпрэсаваных у Германіі





