Гэтыя 12 пунктаў апублікаваў анлайн-часопіс American Purpose. 

1. Поўная параза Расіі ва Украіне ўсё бліжэйшая. Расію падвяло планаванне. Яны грунтаваліся на памылковым уяўленні, што ўкраінцы іх чакаюць, а ўкраінская армія разбяжыцца пасля першых авіяўдараў. Расійскія салдаты замест сухпайка везлі з сабой парадную форму. Цяпер Пуцін кінуў на Украіну ўсе свае сілы — у яго няма вялікіх рэзерваў, якія можна было б задзейнічаць у баі. Расійскія войскі забуксавалі пад рознымі ўкраінскімі гарадамі, ім не хапае забеспячэння, а ўкраінцы б'юць іх то тут, то там.

2. Крах расійскай арміі можа быць раптоўным і катастрафічным, вайна не абавязкова зацягнецца. У палявых умовах войска дасягне пункту, калі ў яго не застанецца ні рэсурсаў, ні дарогі для адступлення, і жадання ваяваць не застанецца. Нешта такое ўжо адбываецца на поўначы Украіны; справы рускіх на поўдні ідуць лепш, але і там ім не ўстаяць, калі групоўкі на поўначы будуць разбітыя.

3. Да моманту, калі расійская армія захістаецца, дыпламатычнае рашэнне канфлікту немагчымае. Кампраміс, прымальны як для Расіі, так і для Украіны, наўрад ці магчымы, улічваючы, колькі страт яны пацярпелі.

4. Рада Бяспекі ААН чарговы раз даказала сваю бескарыснасць. Адзінай карыснай рэччу было галасаванне на Генеральнай Асамблеі, якое дапамагае выявіць дрэнных ці баязлівых гульцоў.

5. Абодва рашэнні адміністрацыі Байдэна — не закрываць неба над Украінай і не перадаваць ёй польскіх «МіГаў» — былі правільнымі. Яны захавалі халодны розум у гэты вельмі эмацыйны час. Лепш, каб украінцы перамаглі расейцаў самастойна, каб у Масквы не было шанцу апраўдацца, што на іх напала NATO, і каб не адбылося лішняй эскалацыі. Польскія «МІГі» не надта дапамаглі б украінцам. Значна важнейшая бесперапынная пастаўка Javelins, Stingers, TB2, лекаў, сродкаў сувязі, а таксама абмен разведданымі. Я думаю, што ўкраінцы ўжо маюць доступ да звестак разведак NATO.

6. Украіна плаціць вельмі вялікую цану, гэта праўда. Але больш за ўсё шкоды наносяць ракеты і артылерыя, з якімі ні «МіГі», ні беспалётная зона нічога не могуць зрабіць. Адзінае, што спыніць праліццё крыві — гэта параза сухапутных часцей расійскай арміі.

7. Пуцін не перажыве паразы ва Украіне. Яго падтрымліваюць, бо лічаць моцным лідарам; што ад яго застанецца, калі стане ясная яго некампетэнтнасць?

8. Уварванне нанесла страшны ўдар па папулістах ва ўсім свеце, па ўсіх тых, хто сімпатызаваў Пуціну — па Матэа Сальвіні, па Жаіру Балсанару, Марын Лё Пэн, Віктару Орбане і, вядома, па Дональдзе Трампе. Развязванне вайны паказала, да чаго даводзіць аўтарытарызм.

9. Гэтая вайна, у пэўнай ступені, — добрая навука для Кітая. Як і Расея, Кітай на працягу апошняга дзесяцігоддзя нарошчваў нібыта высокатэхналагічныя вайсковыя сілы, але гэтыя сілы не маюць рэальнага баявога досведу. Кітайская авіяцыя, пэўна, паўторыць сумны прыклад расійскай, у якой таксама няма досведу складаных аперацый у паветры. Будзем спадзявацца, што кіраўніцтва Кітая не будзе такім адарваным ад рэчаіснасці, як крамлёўскае, калі паўстане пытанне адносін з Тайванем.

10. Спадзяёмся, што Тайвань сам зразумее, што трэба рыхтавацца да змагання, як украінцы рыхтаваліся, і адновіць прызыў на вайсковую службу.

11. Турэцкія дроны «Байрактар» сталі бестсэлерамі.

12. Параза Расеі зробіць магчымым «уваскрасенне свабоды», больш можна не перажываць з нагоды адступлення дэмакратыі ў свеце. Дух 1989-га жывы і будзе жыць, і ўсё дзякуючы адвазе ўкраінцаў.

Клас
63
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
5